Польская нафтагазавая кампанія PGNiG падпісала 20-гадовы кантракт на пастаўку амерыканскага звадкаванага прыроднага газу, піша польская рэдакцыя Business Insider. Штогод краіна зможа атрымліваць 2 млн. тонаў звадкаванага газу, што адпавядае 2,7 млрд. кубаметраў пасля рэгазіфікацыі (пераўтварэння звадкаванага газу ў звычайны).
Паводле ўмоваў кантракту, Польшча зможа не толькі сама спажываць амерыканскі газ, але і вольна перапрадаваць яго на рынку. Пры гэтым цана паліва амаль на 20% меншая за тую, якую выстаўляе Польшчы Газпром.
«У плане цаны і ўмоваў паставак тут няма нават ніякага параўнання з усходнім партнёрам»,— заявіў Пётр Возьняк, прэзідэнт PGNiG.
Летась Польшча агулам спажыла 17 млрд. кубаметраў газу, паводле PGNiG.
Атрымліваецца, што амерыканскія пастаўкі звадкаванага газу забяспечаць недзе шостую частку патрэбаў краіны.
Доля расійскага газу ў агульным аб’ёме закупак у Польшчы ўжо ўпала да 75%, у той час як доля звадкаванага газу ўвесь час расце, паводле кампаніі. PGNiG жадае яшчэ больш знізіць долю расійскага газу з дапамогай паставак з ЗША, Нарвегіі і Катару.
Беларусь дагэтуль закупляе ўвесь газ у Расіі, хоць і імкнецца зменшыць сваю «газавую» залежнасць, у тым ліку праз пабудову АЭС. Але, у параўнанні з намі, Польшча валодае вялікай перавагай, бо мае наўпроставы выхад да мора — звадкаваны газ, які пачынае складаць канкурэнцыю традыцыйным пастаўкам «па трубе», перавозіцца адмысловымі марскімі танкерамі.