Міндоўг: паказаў як

Міндоўг быў, канечне, герой. Ён і ўсе яго сваякі-супернікі — Таўцівіл, Транята, Войшалк — нагадваюць еўрапейскіх варварскіх каралёў якога-небудзь V стагоддзя. Готы, вандалы, бургунды — от там і гісторыі з выкраданнем жонак, і сітуацыйныя хрышчэнні, і забойствы разамлелых пасля лазні канкурэнтаў. Гэта значыць, што ў ХІІІ стагоддзі мы мелі семсот гадоў цывілізацыйнага адставання ад Захаду. Цяпер разрыў удалося скараціць у чатырнаццаць разоў. Ёсць падставы для аптымізму!

Чаго дамогся Міндоўг? Першаснай цэнтралізацыі ды іерархізацыі. Пасля Міндоўга пасланцы суседніх краін хоць бы разумелі, хто тут галоўны і з кім гаварыць. Параўнаем: у 1219 годзе на заключэнне міру з Галіцка-Валынскім княствам прыехала пяцьдзясят (!) літоўскіх правадыроў.

Калі б не арганізатарскія таленты Міндоўга, увогуле невядома, як склаўся б лёс нашага маляўнічага кутка Еўропы, у які не сунуліся нават манголы. Тое, што літва ім не скарылася, у адрозненне ад рускіх княстваў, заўжды ўздымала нацыянальны дух. Але будзем рэалістамі: манголы, якія заваявалі Кітай, запраста растаўклі б і нашы лясныя дружыны.Вось толькі — які сэнс? Прыбытку — нуль, славы — таксама. Полацкі князь некалі браў даніну з літвы хоць венікамі, а татары і ў лазні не парыліся… Праўда, залётныя атрады мангольскіх разведчыкаў і фуражыраў нашы продкі перамагалі. Калі, вядома, гэтыя народныя легенды — пра Батыевых, а не крымскіх татараў XVI стагоддзя.

Так, каб Міндоўг не задаў вектар далейшай цэнтралізацыі літоўска-беларускіх земляў і не паказаў, як гэта рабіць, па Дняпры ўжо ў XIV стагоддзі, магла б стаць, як у тым анекдоце, нямецка-кітайская мяжа. Але забяспечыць пераемнасць улады яму не ўдалося. І наступнікі аж да Віценя пераадольвалі гэтую інерцыю, рэжучы горла адзін аднаму. Ад некаторых нават імёнаў не засталося.

  Міхал Гадлеўскі. Ягайла. 1863 год. Фота Wikimedia Commons.

Міхал Гадлеўскі. Ягайла. 1863 год. Фота Wikimedia Commons.

Віцень: аўтар «Пагоні»

Пра Віценя таксама няшмат вядома, але ён асоба значная. Заснавальнік дынастыі, якую, праўда, назвалі Гедымінавічамі ад імя яго сына. Магчыма, Віцень быў кампраміснай фігурай, накшталт цара Міхаіла Раманава ў Маскве, якая дапамагла спыніць міжусобную разню. Пра высокі аўтарытэт сведчыць і легенда, што Віценя забіў пярун. Такая смерць у нашых продкаў-паганцаў лічылася знакам асаблівай міласці багоў.

Яшчэ Віцень «ізмыслі сабе герб», цалкам еўрапейскі — і з тых часоў мы пад «Пагоняй».

Гедымін: пакінуў велічныя руіны

Калі мы і маем магчымасць візуальна ўявіць веліч Вялікага Княства, дык толькі дзякуючы Гедыміну. Руіны замкаў рознай ступені захаванасці дастаялі да нашых часоў у Лідзе і Крэве («Замкі Беларусі» ды іншыя дзяржаўныя і недзяржаўныя праграмы дазволілі пааднаўляць многае, што ляжала разбуранае).

Гедыміну прыпісваюць і заснаванне Вільні — акрэсленай сталіцы ВКЛ і цэнтра прыцягнення беларускіх і літоўскіх земляў на наступныя пяцьсот гадоў.

Пра Гедымінавічаў напісана ніжэй.

  Каралеўская пячатка Ягайлы 1389 года (копія). Фота Wikimedia Commons.

Каралеўская пячатка Ягайлы 1389 года (копія). Фота Wikimedia Commons.

Альгерд: дзед з дзідай

Гэты вялікі князь грэе сэрца патрыёта сваімі трыма паходамі на Маскву і рытуальным прыніжэннем усходняга суседа — прыхінаннем дзіды да маскоўскай брамы. (Памятаеце легенду пра кіеўскага князя Алега, які прыбіў шчыт да варотаў Царграда?) Гэта супраць Альгерда ў Маскве экстрана будавалі белакаменныя ўмацаванні. Хоць узяць Крэмль 70-гадовы вялікі князь ні разу не здолеў — адкупляліся. Зрэшты, сэнс вайны ў тыя часы такі і быў: каштоўнасці, палонныя, коні, сена, запасы харчоў на наступны сезон.

 Ці можна вялікіх князёў лічыць беларускімі? Нехта кажа, што беларусаў у ХІІІ—ХV стагоддзях не было. Дык і літоўцаў не было, і эстонцаў, і фінаў. Нацыі з’явіліся ў ХVIII—ХІХ стагоддзях. І «сваімі» яны могуць лічыць усіх дзеячаў, якія спрычыніліся да іх з’яўлення.

Ягайла: Хрысціцель

Гісторыкі мяркуюць, што Ягайла адпускаў бараду ў час аб’ездаў Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы, а ў Кракаве, — збрываў. На фота: фрэска ў замкавай капліцы ў Любліне. Фота Wikimedia Commons.

Гісторыкі мяркуюць, што Ягайла адпускаў бараду ў час аб’ездаў Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы, а ў Кракаве, — збрываў. На фота: фрэска ў замкавай капліцы ў Любліне. Фота Wikimedia Commons.

А вось ён якраз падаецца самым недаацэненым вялікім князем літоўскім. «Хітры», «хцівы», «здрадлівы» — паўтараем мы следам за «Хронікай Быхаўца», аўтарам якой быў палітычна ангажаваны дзеяч XVI стагоддзя. Жартачкі: забіў дзядзьку Кейстута, зняволіў брата Вітаўта. Але тут ён проста першы паспеў. Такія факты — хутчэй правіла, чым выключэнне ў біяграфіі кіраўніка тых часоў. Вітаўту ж даў уцячы, а мог пасадзіць на ланцуг у жалезнай масцы на сорак год, як некаторыя прагрэсіўныя заходнія каралі.

Ці можна злічыць, колькі ў славянскіх дзяржавах людзей з імем Уладзімір? Колькі ў Нарвегіі Олаваў? А ці ёсць у Беларусі хоць адзін Ягайла? Тым часам ён такі самы Хрысціцель, як Уладзімір Кіеўскі ці нарвежскі кароль Олаў І. У 1386-м Ягайла ў загадным парадку зрабіў каталікамі апошніх паганцаў Еўропы — жыхароў сучасных паўночна-заходняй Беларусі і Літоўскай Рэспублікі.

Ягайла першы асмеліўся прызнацца сабе, што паганская краіна ў цэнтры Еўропы не мае перспектывы. Яна вораг усім. Што тычыцца прагрэсіўнасці мыслення і стратэгічнага бачання, Ягайла падаецца на галаву вышэйшым за папярэднікаў і многіх нашчадкаў.

Гэтага якраз не хапала задушанаму па загадзе Ягайлы Кейстуту — смеламу рыцару і прынцыповаму паганцу. Быў бы хрысціянінам — абвясцілі б святым пакутнікам з такой біяграфіяй і цнотамі.

А як можна забыцца на Ягайлавы поспехі ў замежнай палітыцы? Крыжакі, якія на пачатку яго кіравання рабілі ў Жамойці тое ж, што Расія цяпер на Данбасе, былі разбітыя пад Грунвальдам, страцілі ўплыў і пры Ягайлавых унуках сталі васаламі ВКЛ. Польшча таксама перастала быць пагрозай, бо Польшчай зрабіўся сам Ягайла. З татарамі ён сябраваў і нават абяцаў узяць удзел у Кулікоўскай бітве на іх баку. Але прыйшоў пазней і абабраў пераможцаў.

І галоўную, паводле Генрыха VII Цюдора, справу караля Ягайла таксама зрабіў: пакінуў нашчадкаў. Ягелоны і вытворныя ад іх кіравалі ўсім рэгіёнам ад Швецыі да Венгрыі яшчэ тры стагоддзі. А Вітаўту не ўдалося даць сваё імя дынастыі.

  Надгробак Ягайлы 1432 года ў Кафедральным саборы ў Кракаве. Фота Wikimedia Commons.

Надгробак Ягайлы 1432 года ў Кафедральным саборы ў Кракаве. Фота Wikimedia Commons.

У Наваградку праектуюць помнік Міндоўгу, у Лідзе — Гедыміну, у вёсцы Пеляса Воранаўскага раёна стаіць драўляны Вітаўт, у Полацку — бронзавы Андрэй Альгердавіч, у Віцебску — сам Альгерд, прычым конны.

Вітаўт: ахвяра іроніі лёсу

От у гонар каго гатовыя называць дзяцей беларусы. Тым больш што хрысціянскае імя Вітаўта было Аляксандр.

Гэта самая раскручаная масавай культурай асоба яшчэ з часоў Вацлава Ластоўскага, аўтара народнай песні «Слаўся, князь Вітаўт, гаспадар на Літве». Вітаўт сёння — гэта і князь, і шампанскае, і электробус. Неўзабаве, думаю, будуць і вуліцы яго імя.

Энергічны, жорсткі і прагматычны Вітаўт зрабіў рэвалюцыю ва ўнутранай палітыцы. Пры ім ВКЛ пачало набываць рысы моцнай цэнтралізаванай дзяржавы. Вітаўт першы наважыўся здымаць удзельных князёў-анархістаў, не пераймаючыся іх рэакцыяй, і мяняць на лаяльных стаўленнікаў. Асабліва шэдэўральна гэта было ў стратэгічна важным Смаленску: вялікі князь узяўся вырашыць спрэчку нашчадкаў, паклікаў іх да сябе і выслаў к чортавай мацеры, а ў горадзе пасадзіў вернага чалавека.

Але пасля смерці Вітаўта ў ВКЛ кіравалі нашчадкі Ягайлы. Нашчадкі Вітаўта — іронія лёсу — кіравалі Маскоўскім княствам, куды ён аддаў замуж адзіную дачку.

Жыгімонт Кейстутавіч: кіназорка

Жыгімонт Кейстутавіч зусім не раскручаны сёння, у адрозненне ад роднага брата Вітаўта. Але маскультурны патэнцыял ёсць і ў яго. Хоць цяжка назваць Жыгімонта паспяховым дзеячам — змрочны, маніякальны, недамоваздольны, мядзведзяў любіў больш за людзей. Яго ўрэшце забілі качаргой змоўшчыкі ва ўласнай гасцёўні. Але згадзіцеся: які персанаж для гістарычнага блокбастара! А сыграць Жыгімонта мог бы Юрый Жыгамонт.

Жыгімонт Першы быў апошнім вялікім князем, які не займаў адначасова і польскі трон. Далей Вялікім Княствам і Польшчай кіравалі адны і тыя ж манархі. Як яны размяркоўвалі сілы і сімпатыі — гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?