Мінай Філіпавіч Шмыроў нарадзіўся ў сям’і стараабрадцаў 11 снежня 1891 года. Сям’я была вялікай — аж 13 чалавек.

З афіцыйнай біяграфіі Міная Шмырова:

«Бацькі, Філіп Сямёнавіч і Алена Пятроўна, былыя прыгонныя сяляне. На вялікую сям’ю прыпадала толькі 5 гектараў зямлі, і, каб не памерці з голаду, усе члены сям’і вымушаны былі ад цямна да цямна працаваць на панскіх і кулацкіх нівах за кавалак хлеба. З шасці гадоў Мінай пайшоў у батракі».

Як расказваў пасля Мінай, хлеба са сваёй зямлі хапала толькі на некалькі месяцаў.

У выніку ў школу хлопец трапіў аж у 11 гадоў.

Мінай у 1940 годзе напіша ў кароткай аўтабіяграфіі, што працаваў наёмным пастухом да 15 гадоў. Плюс пастаянная праца на сямейнай зямлі. 

Як узгадваў пасля былы батрак па прозвішчы Сіманькоў, Мінай у 1907 годзе ўжо даглядаў панскіх коней у маёнтку Пудаць, які належаў пану па прозвішчы Радзянка. Праца была цяжкая, плацілі мала. Сезонны батрак атрымліваў 5 рублёў за месяц, жанчына — 3 рублі. Пудаць быў 16-м маёнткам Радзянкі і лічыўся самым бедным.

Але конюхам Шмыроў прабыў толькі 2 гады. Сіманькоў сцвярджае, што Міная выгналі з працы «за самаадукацыю і чытанне палітычнай літаратуры». Пасля Шмыроў быў вымушаны працаваць падзённа «ў мясцовых кулакоў», бо на сталую працу яго ўжо браць не хацелі.

Сам жа Шмыроў расказваў, што зарабляў 4 рублі за год. Гэтага не хапала, таму ён па сваім жаданні і кінуў такую працу. Пасля ў «кулакоў» ён зарабляў нашмат лепш.

Суседскі пан плаціў Мінаю 75 капеек за дзень, а ў «кулакоў» можна было зарабіць і больш, расказваў Шмыроў у 1942 годзе палітруку Шкадарэвічу.

«Кулакі хіба не біліся за мяне, бо я быў моцны, спрытны мужчына. Я касіў, напрыклад, у кулака Мітрочанкі, быў такі сквапны кулак. Ён карміў адкідамі ўсіх падзённых, да яго ніхто не ішоў, акрамя мяне. Мне ён плаціў больш на 5 капеек, бо мною даражыў. Я гэтыя 5 капеек ад бацькі хаваў. Аддаваў бацьку толькі 75 капеек», — узгадваў Шмыроў.

 

Са стараабрадцаў

Варта адзначыць, што лёс шматлікіх братоў і сясцёр Міная фактычна невядомы (акрамя дваіх чалавек). Сам Шмыроў пасля вайны раскажа, што ў яго было 10 старэйшых сясцёр і двое малодшых братоў: Міхаіл і Данііл.

Лёс братоў склаўся трагічна — яны разам з бацькам Філіпам загінулі падчас грамадзянскай вайны. Што стала з сёстрамі — невядома.

Маці Міная, Алена, дажыла як мінімум да 99 гадоў.

У адкрытых крыніцах можна знайсці яшчэ некалькіх аднафамільцаў і аднавяскоўцаў Міная. Расійская арганізацыя «Мемарыял», якая збірае звесткі пра загінулых падчас вайны і ахвяр палітычнага тэрору ў СССР, узгадвае дваіх. Першы — гэта Яфрэм Фёдаравіч Шмыроў. Ён нарадзіўся ў адзін год з Мінаем, у той жа вёсцы. Атрымаў няскончаную вышэйшую адукацыю, трапіў у Маскву, дзе працаваў рахункаводам-калькулятарам (фактычна бухгалтарам) на Трохгорнай мануфактуры, буйным прадпрыемстве па вытворчасці тэкстылю. Праўда, лёс Яфрэма быў кароткім і стандартна трагічным для свайго часу. У кастрычніку 1937 года яго арыштавалі. Абвінавацілі ў контррэвалюцыйнай агітацыі і ў тым, што «служыў у Белай арміі Дзянікіна ў чыне паручніка да поўнага разгрому яе чырвонымі часткамі». Вядома, што Яфрэм сапраўды быў «белым», служыў у чыне паручніка, а ў 1922 годзе трапіў у палон. Тады, у грамадзянскую вайну, ён выжыў, але мірны час аказаўся больш крыважэрным. Тройка НКВД вынесла Яфрэму вырак — «вінаваты». У снежні 1937 года яго расстралялі.

Другі аднавясковец Міная, Міхаіл Шмыроў, які нарадзіўся ў 1921 годзе ў той жа вёсцы Пунішча, быў прызваны ў Чырвоную Армію пасля пачатку вайны з немцамі. Ён памёр у 1943 годзе пад Пермю ад хваробы.

Невядома, ці меў Мінай нейкае сваяцтва з гэтымі двума Шмыровымі. Па вясковай завядзёнцы ў адной мясцовасці магло быць распаўсюджана некалькі прозвішчаў, якія насілі амаль усе мясцовыя жыхары.

Але ж калі сярод сваякоў Міная былі людзі кшталту Яфрэма Шмырова — і ён тое ведаў, — то не дзіўна, што ён не распаўсюджваўся пра лёс іншых Шмыровых. Гэта было проста небяспечна.

Паводле афіцыйнай версіі, усе дакументы і фотаздымкі сям’і Міная загінулі на пажары, які здарыўся ў 1946 годзе. Тады дом Шмырова згарэў цалкам. А іншых канцоў ніхто не шукаў, лічылі, што дастаткова расказаў самога героя-партызана.

Мінай жа расказваў у асноўным пра сябе. Прычым большасць фактаў, якія з часам увайшлі ў канон «Бацькі Міная», не мае аніякіх пацвярджэнняў, акрамя слоў самога Шмырова.

 

Тройчы георгіеўскі кавалер

У 1913 годзе Міная Шмырова забіраюць у царскую армію. Праз год пачынаецца Першая сусветная вайна. Мінай служыць у артылерыі. Ваюе на Мазурскіх балотах, затым Прусія, Румынія.

Цікава, што ўсе біёграфы і інтэрв’юеры Міная пішуць пра ўзнагароды Шмырова. Ён нібыта атрымаў тры георгіеўскія крыжы — гэта ўзнагарода для ніжніх вайсковых чыноў, давалі за адвагу і баявыя заслугі. Але адзінае пацвярджэнне гэтаму — словы самога Шмырова. Ані дакументаў, ані саміх узнагарод не засталося.

Але ўзнагароды нібыта выратавалі Мінаю жыццё. Ён расказваў, што ўдарыў афіцэра.

З успамінаў Шмырова:

«З 1913 па 1917 год я служыў у царскай арміі. Тут я быў уражаны бяспраўем, дэспатызмам і асабліва цялеснымі пакараннямі. Неяк на маіх вачах афіцэр збіў дваіх салдат. Я не мог раўнадушна перажыць гэта і ўдарыў афіцэра, за што мяне аддалі пад ваенна-палявы суд, і толькі 3 георгіеўскія крыжы і 2 медалі выратавалі ад цяжкага пакарання».

Але ізноў, адзінае пацвярджэнне — словы самога Міная. Як бы тое ні было, Шмыроў застаўся жывы. Калі ў 1917 годзе рэвалюцыйны дух захапіў і армію, Мінай перайшоў на бок рэвалюцыі. Неўзабаве яго выбралі ў салдацкі дывізійны камітэт. Шмыроў застаецца служыць — цяпер ужо ў Чырвонай Арміі, у 1920 годзе ўступае ў партыю і атрымлівае ад ЦВК СССР імянны сярэбраны гадзіннік.

Падчас службы Мінай моцнае хварэе. Ён знаходзіцца ў расійскай Калузе, дзе пераносіць, па розных версіях, ці то тыфус, ці то так званую «іспанку» — сур’ёзны вірус грыпа (у 1918—1919 гадах «іспанскі грып» забіў ад 50 да 100 мільёнаў чалавек па ўсім свеце). Але Мінай выжывае.

 

Ліквідацыя бандытызму

Пасля Шмыроў вяртаецца ў сваю вёску Пунішча. У 1921—1923 гадах ён займаецца ліквідацыяй бандыцкіх атрадаў на Віцебшчыне.

Падчас грамадзянскай вайны па краіне пачынаюць арганізоўвацца банды. На Віцебшчыне і Смаленшчыне дзейнічаюць банда Вераб’я, банда братоў Жыгалавых, банда барона фон Кіша. Яны рабуюць усіх.

Улада вырашае з імі разабрацца. Шмыроў узначальвае 14-ы Чырвоны партызанскі атрад па барацьбе з бандытызмам. Для яго гэта не проста праца: раней ад рук бандытаў загінулі два браты Міная і яго бацька.

З заданнем Мінай спраўляецца паспяхова. За ліквідацыю бандаў Шмыроў атрымлівае сваю першую савецкую ўзнагароду — ордэн Чырвонага Сцяга.

 

З конюхаў у дырэктары

Пасля крывавай працы Мінай займаецца працай адміністратыўнай: узначальвае зямельны аддзел Суражскага павета, працуе прарабам у мясцовых ляспрамгасах, пэўны час узначальвае калгас, ільнозавод. У 1935 годзе Шмыроў атрымлівае пасаду дырэктара карданажнай фабрыкі імя Вароўскага ў вёсцы Пудаць. У той жа вёсцы, дзе калісьці ён быў конюхам.

Даследчыкі расказваюць, што кіраўніком Шмыроў быў выдатным. Нібыта планавалася нават пабудаваць невялікі аэрадром каля фабрыкі.

Але Мінай не толькі дырэктар, а яшчэ і шматдзетны бацька. У яго чацвёра дзяцей: Ліза, Сяргей, Зіна і Міша. Старэйшая, Ліза, нарадзілася ў 1927 годзе. Малодшы, Міша, — у 1938.

Затым у сям’і Шмыровых пачынаюцца няпростыя часы. У 1940 годзе памірае жонка Міная.

А ў 1941 пачынаецца вайна з немцамі.

 

Райкам загадаў застацца

Савецкая ўлада ведае, што спыніць немцаў трэба любымі сродкамі. Па ўсёй краіне ствараюцца партызанскія атрады. Па рашэнні райкама партыі ўжо 9 ліпеня арганізуецца партызанскі атрад з мясцовых жыхароў, у асноўным з работнікаў фабрыкі.

Міная, які вайсковаабавязаным не быў, выклікаюць у райкам і паведамляюць, што ёсць рашэнне — каб усе камуністы сышлі ў партызаны. Шмырову, як старому партызану і чалавеку з ваенным досведам, даручаюць стварыць свой атрад. Райкам выдае яму 10 вінтовак.

Лісты да Юды Магендовіда — партызана, з якім ён разам ваяваў. З архіваў Віцебскага абласнога музея М. Ф. Шмырова.

Лісты да Юды Магендовіда — партызана, з якім ён разам ваяваў. З архіваў Віцебскага абласнога
музея М. Ф. Шмырова.

Спачатку ў атрад набіраецца каля 20 чалавек. Ужо наступнай ноччу прадукты з мясцовых крамаў вывозяць на лясныя базы, туды ж вывозяць зброю. Затым атрад сыходзіць у лясы.

Праз некалькі дзён немцы ўваходзяць у Сураж. Першыя баі з імі партызаны праводзяць, па розных звестках, ці то 17-га, ці то 25 ліпеня. Затым атрад паціху павялічваецца.

Першапачатковыя задачы атрада — засады на шашы, падрыў мастоў. У засадах сядзела па 15—20 партызан, расказваў Шмыроў. Немцы калонамі не ездзілі, у асноўным на асобных машынах. Іх падбівалі, затым машыну спальвалі. Падбіўшы некалькі машын, атрад адступаў.

 

Не злавіўшы Міная, схапілі дзяцей

За няпоўныя два летнія месяцы, па словах Шмырова, яго атрад знішчыў каля 30 мастоў, 49 машын і забіў 250 фашысцкіх салдат. З іх — 48 афіцэраў і 1 генерала. Лічбы, з улікам колькасці партызан і нямецкай актыўнасці ў гэтай зоне, выглядаюць перабольшанымі.

У верасні 1941 года ў Міная было ўжо 105 чалавек. І атрад вырашыў атакаваць нямецкі гарнізон у Суражы. Ноччу з 9 на 10 верасня была праведзена аперацыя, партызаны забілі шмат немцаў, падарвалі некалькі машын, ім удалося разбурыць тэлефонную станцыю.

Немцы зразумелі, што партызаны становяцца сур’ёзнай праблемай. Міная Шмырова завочна прыгаварылі да смяротнага пакарання. За яго галаву паабяцалі сур’ёзную грашовую ўзнагароду.

«Бацька Мінай» узгадваў, што ў кастрычніку немцы адправілі два карныя батальёны — ачапіць лясы. Таксама павялічылі колькасць патрулёў, пачалі арганізоўваць засады. Выходзіць з лесу па прадукты партызанам стала цяжка.

Плюс знайшліся мясцовыя жыхары, якія пагадзіліся паказаць лясы. Здраднікі фактычна навялі фашыстаў на лагер Міная. Быў бой. Па словах Шмырова, фашысты страцілі 19 чалавек забітымі і 5 параненымі. У партызанаў забілі траіх, астатнія сышлі праз балоты.

Заставацца разам было небяспечна, дый цяжка знайсці харчаванне. У выніку Мінаю давялося загадаць атраду разбіцца на невялікія групкі. Большасць з іх накіравалася ў бок фронту, пад Суражам застаўся Мінай з невялікім атрадам з 10 чалавек і яшчэ адна група.

Бой з немцамі адбыўся 10 кастрычніка. А 20 кастрычніка фашысты прыйшлі па дзяцей Міная.

На думку самога Шмырова, прычынай стала тое, што ў лагеры партызан засталіся яго дзённікі. У іх Шмыроў фіксаваў усе дзеянні партызан, усе свае ацэнкі страт немцаў. Па яго ацэнках, на кожнага забітага партызана прыходзілася 140 забітых нацыстаў.

 

Хакас аказаўся японцам

Увогуле, звесткі пра гэты перыяд складаюцца з двух дакументаў. Першы — артыкул Міная, напісаны ім пасля вайны. Другі — дзённікі яго партызанскага атрада, частка іх захавалася і была апублікавана. Трэці — гутарка Міная Шмырова з палітруком, якая адбывалася ў Маскве ў 1942 годзе.

Ва ўсіх гэтых крыніцах пэўныя моманты трохі адрозніваюцца. Але, напэўна, галоўным можна лічыць не праграмны артыкул у савецкім друку ці адрэдактаваныя (хутчэй за ўсё) перад публікацыяй дзённікі атрада, а ўсё ж стэнаграму гутаркі, якая адбывалася непасрэдна падчас вайны.

У ёй Мінай расказвае цікавыя рэчы. Напрыклад, узгадвае, што ў іх сярод партызан быў хлопец з Хакасіі. Ён далучыўся да іх як фельчар, жыхар адной з вёсак. Але пазней высветлілася, што ён нямецкі шпіён. А па нацыянальнасці — японец.

«Сувора мы з ім расправіліся», — кажа Шмыроў.

 

І сястру, і цешчу

Расказвае ён і пра тое, што двое партызан збеглі неўзабаве пасля стварэння атрада. «Пабачылі, што цяжкасці прыходзіцца перажываць», — тлумачыць Мінай.

У той жа гутарцы Мінай узгадвае, што, калі яму загадалі сысці ў партызаны, дзяцей яму не было куды падзець.

«Адправіць не было з кім, самому вывезці мне не далі, сваякоў талковых паблізу не было», — расказвае Шмыроў. У выніку дваіх малых ён адправіў да сястры, дваіх — да цесця. А сам накіраваўся ў лясы.

Але немцы забралі і дзяцей, і сястру Міная, і цешчу. Тыя сталі закладнікамі.

 

Не хаваў слёз

Пасля затрымання дзяцей Міная немцы па ўсёй акрузе распаўсюдзілі лістоўкі. У іх паведамлялася, што, калі ён не прыйдзе здавацца ці ў Суражскім раёне загіне яшчэ хоць адзін немец, дзяцей заб’юць.

Што рабіць, Мінай не ведаў.

«Можа, каб я сябе забіў, то дзяцей бы выратаваў? Але, канечне, гэта не так. Дзяцей бы ўсё роўна знішчылі, асабліва калі б я прыйшоў. Зрабілі б так, як шмат з кім рабілі: спачатку павесілі б дзяцей на маіх вачах, а пасля — мяне», — узгадваў пасля Шмыроў.

Па «афіцыйнай» версіі, якая вандравала з артыкула ў артыкул у савецкі час, старэйшая дачка Ліза перадала бацьку запіску. Нярэдка прыводзіцца нават яе «даслоўны» тэкст:

«Тата, за нас не хвалюйся, нікога не слухай, да немцаў не ідзі. Калі цябе заб'юць, то мы нямоглыя і за цябе не адпомсцім. А калі нас заб'юць, тата, то ты за нас адпомсціш».

Вось толькі зноў пацвярджэння гэтаму факту няма. Сама запіска не захавалася. Некаторыя аўтары спасылаюцца на словы самога Міная… Але ці праўда тое? Невядома. У 1942 годзе, падрабязна расказваючы палітруку пра тыя падзеі і нават пра свае пачуцці, Мінай, як адзначыць палітрук, не хаваў слёз.

Але пра кранальную запіску ад дачкі Шмыроў нічога не сказаў. Хаця, як пішуць некаторыя, «усю вайну насіў яе каля сэрца».

 

14 лютага

Лічыцца, што самі партызаны, якія засталіся з Мінаем, прапанавалі яму атакаваць гарнізон у Суражы, дзе трымалі яго сям’ю. Але ён разумеў, што гарнізон пасля партызанскага нападу ў верасні ўмацавалі і плёну атака не дасць.

У выніку Мінай вырашыў нічога не рабіць.

14 лютага яго дзяцей расстралялі. Лізе Шмыровай было 14 гадоў, Сяргею — 10, Зіне — 7, а Мішу — 3.

Расстралялі і цешчу з сястрой Міная. Ён напіша пасля свайму сябру-партызану: «Я застаўся не толькі без дзяцей, але і без усякага радства, бо знішчылі ўсіх таксама сваякоў. Увогуле, са мной яны расправіліся пад арэх».

У тым жа лісце Мінай адзначыць: добра, што, калі дзеці былі ў закладніках, ён не скончыў жыццё самагубствам, «але гэта вельмі хацелася зрабіць».

Як бы тое ні было, сваё рашэнне ён прыняў. «Здароўе адарвалі яны [немцы] ў мяне крэпка, колькі ўжо месяцаў ніводнай ночы не сплю, каб не паплакаць. Часам усю ноч кручуся, — узгадваў пасля Мінай. — Прыйсці я [да немцаў] ніяк не мог, але думка такая бывае, што каб я знішчыў сябе, то, магчыма, дзеці былі б жывыя. Але справа зараз не ў адных маіх дзецях, справа ідзе аб жыцці маёй краіны і майго народа. Ён [вораг] здароўе ў мяне адарваў, а нянавісць яшчэ больш узмацнілася пасля знішчэння дзяцей».

Прычым са словаў Шмырова вынікае, што ён ведаў, што адбываецца з дзецьмі.

«Жудасна здзекаваўся ён [немец] з дзяцей. Ён іх арыштаваў у кастрычніку, нават бялізны не даў узяць з сабою. Дзеці былі 4 месяцы ў той бялізне, у якой з дому выйшлі. Памяшканне было халоднае, не тапілі, зіма жудасная, ані бялізны, ані вопраткі не было, каб прыкрыцца. Яны мерзлі, галодныя былі, пакутавалі, — расказваў Шмыроў палітруку ў Маскве. — Кармілі — ведаеце, як немцы кормяць. Каб ён іх забіў адразу, то лягчэй было б, а то колькі здзекаваўся вораг з іх, а пасля знішчыў.

Расплату рыхтую, але лягчэй расплачвацца, калі адчуваеш сябе моцным, бадзёрым. А ён у мяне адабраў здароўя напалову, больш. Як хочаце — дзеці. Калі ў вас ёсць дзеці, вы разумееце».

 

Абмен дзяцей на разведчыка?

Існуе, праўда, і іншая версія падзей. Яе выклаў украінскі гісторык і журналіст Уладзімір Літвінаў, старшыня Міжнароднага руху былых малалетніх вязняў фашызму. Ён сцвярджаў, што ў 1980-х знайшоў Алену Фядура, жонку аднаго з партызанскіх камандзіраў, якая ў 1943 годзе трапіла ў канцлагер Асвенцім. Фядура нібыта распавяла, што бачыла дзяцей Міная ў канцлагеры. Яна пазнала іх, бо сама была родам з-пад Суража. Пасля іх нібыта адвезлі ў Швейцарыю. Па версіі Літвінава, рыхтаваўся абмен шпіёна абвера Шульцэ-Хольтуса на дзяцей Шмырова. Але абмен нібыта не адбыўся па рашэнні Сталіна, і дзяцей адправілі ў іншы польскі лагер, далейшы лёс іх невядомы.

Але варта адзначыць, што пацвярджэнняў у гэтай версіі, акрамя словаў Літвінава, няма зусім ніякіх. Дый абмен нямецкага разведчыка на дзяцей партызанскага камандзіра выглядае, мякка кажучы, фантастычным.

 

Жыццё з нуля

Пад канец зімы 1942 года зноў пачалі збірацца партызанскія атрады. Вясною 1942 года была створана 1-я Беларуская партызанская брыгада, камандзірам якой стаў Мінай. Некалькі месяцаў партызаны ўтрымлівалі так званыя «Суражскія вароты» — 40-кіламетровы разрыў лініі фронту, праз які сыходзілі мірныя жыхары, пастаўлялася зброя для партызан, перасякалі лінію фронту савецкія дыверсанты.

Увосень 1942 года Міная выклікалі ў Маскву. Туды ён паехаў ізноў сямейным чалавекам — ажаніўся з партызанкай Ірынай.

Усынавіў яе сына Расціслава, а ў 1943 годзе Мінай стаў бацькам дзвюх дачок: Клары і Дзіны.

З дзецьмі ад другога шлюбу і другой жонкай. Фота з фондаў Віцебскага абласнога музея М.Ф. Шмырова.

З дзецьмі ад другога шлюбу і другой жонкай. Фота з фондаў Віцебскага абласнога музея М.Ф. Шмырова.

Больш Шмыроў не ваяваў. Ён дапамагаў у Цэнтральным штабе партызанскага руху, кансультаваў партызан і войска. У 1944-м «Бацька Мінай» становіцца Героем Савецкага Саюза і вяртаецца на радзіму. Пасля вайны ён працаваў намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама па сацыяльных пытаннях. Прасцей кажучы, дапамагаў уладкавацца і знайсці жыллё былым франтавікам. Неаднаразова абіраўся дэпутатам Віцебскага аблсавета і дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

Мясцовыя ведалі, хто такі Шмыроў. Да яго шмат людзей ішло па дапамогу, пісалі яму лісты з усёй краіны.

Але таксама Мінай фактычна працаваў «Бацькам Мінаем» — жывым помнікам самому сабе, свайму болю і вайне.

«Як памерла Іванаўна [першая жонка — рэд.], так з тых часоў пачаліся чорныя дні ў маім жыцці. Я часта думаю, чаму гэта не я, а менавіта яна. І калі была жывая яна, то няма сумневу, што яна б змагла зберагчы дзяцей. А я … я гэтага не змог. І гэтая думка ў мяне не сыходзіць ніколі, і яна мяне страшна мучыць, — пісаў Мінай у сваім лісце да жонкі сваяка. Тэксты лістоў публікаваліся ў 2014 годзе ў «Советской Белоруссіі». — Праўда, я сышоўся з тым чалавекам, з якім можна жыць. Нажылі двое дзяцей. Дзеці добрыя. Вось 6 красавіка ім быў год. Кларыса ўжо ходзіць. Сёе-тое пачынае гаварыць. Усё як быццам бы добра. Але цяжар на сэрцы ніколі мяне не пакідае пра тую сям'ю. І часам мая Мацвееўна [другая жонка] гэта заўважае і злуецца, але я сам сябе перасіліць не магу. Увесь час хаджу з цяжкім каменем на сэрцы. І ён, відаць, мяне не пакіне на ўсё жыццё».

Памёр Мінай Шмыроў 3 верасня 1964 года.

 

У пантэоне

Савецкі пантэон герояў Вялікай Айчыннай прыняў Міная Шмырова з усімі адпаведнымі ўшанаваннямі. Пра яго пісалі песні і кнігі, малявалі карціны, ставілі спектаклі. Нават назвалі ў яго гонар сорт чорнай парэчкі.

Рэканструяваны пасляваенны працоўны кабінет Міная, які знаходзіцца ў Віцебскім музеі М. Шмырова. Фота Уладзя Швядовіча.

Рэканструяваны пасляваенны працоўны кабінет Міная, які знаходзіцца ў Віцебскім музеі М. Шмырова. Фота Уладзя Швядовіча.

Гісторыя Шмырова, паціху абрастаючы новымі падрабязнасцямі, выдатна ўбудавалася ў савецкую міфалогію. Вобраз героя-пакутніка, які помсціць ворагам за знішчаную сям’ю, стаў кананічным, а выраз «бацька Мінай» — сінонімам імя партызанскага камандзіра «ад сахі». Бяда ж чалавека, якому райкам загадаў ісці ў партызаны, не даўшы магчымасці схаваць дзяцей, падаецца сакральнай ахвярай, ускладзенай на алтар перамогі. Бо міф мацнейшы за боль, а подзвіг — прыгажэйшы за трагедыю. Чалавек у гэтай гісторыі паціху становіцца персанажам. А ў любой імперыі персанажы важнейшыя за людзей.

 

Рэдакцыя выказвае падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу адміністрацыі Віцебскага абласнога музея Героя Савецкага Саюза М. Ф, Шмырова і персанальна галоўнаму захавальніку фондаў Дзянісу Якаўлеву.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?