У пятніцу, 12 кастрычніка, на Цэнтральнай плошчы Горак Віктар Васілеўскі зрабіў незвычайную прапанову Ліне Макар. Зняў ролік, паказаў відэа на самым вялікім у горадзе экране, замовіў пярсцёнкі для заручын. Падрыхтоўка была таемная, каб нявеста ні пра што не здагадалася, паведамляе horki.info.

— Мы абое з Бярозы, што ў Брэсцкай вобласці. Жылі там недалёка адзін ад аднаго, але пазнаёміліся толькі тут, у БДСГА. Я быў на апошнім курсе, а Ліна толькі паступіла. Убачылі адно аднаго і не змаглі расстацца. Сёння я зраблю прапанову найлепшай дзяўчыне на свеце, самай любімай, — распавёў Віктар.

Усё пачалося а 17:00. Да гэтага часу Ліна са сваімі сябрамі прыйшла на плошчу. Дзяўчына думала, што будзе нейкі сюрпрыз, але прапановы не чакала.

Велізарны экран пачаў «прызнавацца ў каханні» Ліне, яна ўбачыла там сябе і свайго хлопца.

Тым часам Віктар ціхенька падыходзіў да здзіўленай кампаніі. Ролік скончыўся, Ліна павярнулася і ўбачыла свайго хлопца з букетам, у белай кашулі і з мятлікам. Віктар зрабіў прапанову і паднёс каханай пярсцёнак.

Пара збіраецца згуляць вяселле летам або ўвосень наступнага года, а пакуль будуць да яго павольна рыхтавацца.

Цікава, што для такой справы жаніху прыйшлося прасіць дазволу ў райвыканкама.

— Адразу звярнуўся да камунальнікаў, — успамінае малады чалавек у матэрыяле Tut.by. — Мне адказалі, што ўзяць на сябе такую адказнасць яны не могуць, і адправілі ў райвыканкам. Я патэлефанаваў у аддзел ідэалогіі. Там таксама не ведалі, як зрабіць. Сказалі, з такім не сутыкаліся, і параілі звярнуцца да намесніка старшыні райвыканкама. Ён адказаў: у сітуацыі трэба разабрацца.

Агулам перамовы доўжыліся паўтара тыдня.

Ролік райвыканкаму, кажа хлопец, спадабаўся. Аднак уладам не спадабалася слова «афігець», і Віктару давялося яго рэдагаваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0