Самы малады палітвязень, арыштаваны за Плошчу-2010, Мікіта Ліхавід амаль дзевяць месяцаў адбыў у штрафным ізалятары (ШЫЗА) турмы за тое, што адмовіўся прызнаць сябе вінаватым і выконваць турэмны распарадак. Навучаньне на юрыдычным факультэце кінуў за нізкі ўзровень адукацыі. Ён застаецца «на кручку» ў міліцыі і цяпер — патрабуюць адседзець пяць сутак адміністрацыйнага арышту «у любы зручны час». Мікіта Ліхавід — у праекце Свабоды «Забытыя. Размова з героямі ўчорашніх дзён».

«Незаконна асуджаны Мікіта Ліхавід» — так на штодзённых шыхтаваньнях у калёніі называў сябе 20-гадовы палітвязень.

«Я не падпісваў ніякіх папер пра абавязак быць дысцыплінаваным і выконваць турэмны распарадак, не хадзіў на «зарадкі», адмаўляўся прыбіраць, бо не лічыў сябе вінаватым», — кажа Свабодзе Мікіта. За гэта зьняволены адбываў пакараньне ў ШЫЗА, што азначае — турма ў турме. За 9 месяцаў зьняволеньня ў агульнай калёніі знаходзіўся толькі 6 дзён.

Запомніўся голад і холад у беларускай турме

Мікіта Ліхавід страціў за 9 месяцаў зьняволеньня 19 кіляграмаў вагі:

«Калі мяне затрымалі, я важыў 91 кіляграм, а калі вызвалялі — 72. А мой рост амаль 2 мэтры — я вельмі лёгкі і «празрысты» быў, — кажа Мікіта. — Голад у турме быў увесь час, пастаянна. А ногі — адрэжце і выкіньце, гэтак балелі ад холаду».

Студэнт юрыдычнага факультэту Менскага інстытуту кіраваньня, 20-гадовы Мікіта Ліхавід быў затрыманы 19 сьнежня 2010 году на плошчы Незалежнасьці ў Менску падчас масавай акцыі пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.

Свой 21-ы год нараджэньня ён сустрэў у турме.

«Мае сябры пазьней жартавалі: «Навошта ты дзьверы ў Доме ўраду зламаў?» А я кажу: «Не пасьпеў — усё ўжо было зламанае да мяне»», — сьмяецца Мікіта.

3,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму — такі вырак вынес суд Партызанскага раёну Менску. Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Мікіту Ліхавіда вязьнем сумленьня.

«Незаконна пасадзілі і незаконна вызвалілі», — сказаў па выхадзе з турмы палітвязень. Мама Алена ўспамінае: «Калі Мікіту вызвалілі, ён дома ўпершыню сеў за кампутар, каб пачытаць, што пісалі пра тыя падзеі падчас ягонага зьняволеньня. Гляджу — чытае, а па шчацэ сьляза…»

На Плошчу-2006 не пусьцілі бацькі

Актывістам руху «За свабоду» Мікіта Ліхавід стаў пасьля выбараў 2006 году.

«Да намётавага мястэчка далучыцца не дазволілі бацькі — меў толькі 16 гадоў», — кажа Мікіта. Займаўся грамадзка-палітычнай дзейнасьцю, удзельнічаў у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў 2007 году. На момант затрыманьня працаваў таксама ў рэклямнай справе і займаўся мытным кансалтынгам.

Пасьля вызваленьня пакінуў навучаньне ў ВНУ:

«Абсалютна не шкадую, бо які юрыст можа быць у Беларусі? Там ня вучаць думаць».

Некаторы час працаваў у праваабарончай арганізацыі ў справе дапамогі зьняволеным «Плятформа».

Застаецца «на кручку» ў міліцыі і па сёньня: пасьля вызваленьня ў РАУС запатрабавалі «дасядзець» пяць сутак адміністрацыйнага зьняволеньня «у любы зручны час». «Гэта вельмі зручна: калі спатрэбіцца ізаляваць з прычыны грамадзка-палітычных падзей, то ня трэба ні суду, ні пракуратуры: проста забіраюць чалавека і садзяць», — канстатуе Ліхавід.

Сёньня Мікіта Ліхавід працуе ў прыватным бізнэсе, мае сям’ю і марыць заняцца ўласнай справай. «Калі так станецца, усе пра гэта даведаюцца», — інтрыгуе Мікіта.

Беларуская турма ў параўнаньні са сталінскімі лягерамі — гэта Маямі

— Гісторыя вашага зьняволеньня ці ня самая драматычная на той час. Гэта выдаткі маладосьці, ці тагачаснай пазыцыі трымаецеся і сёньня?

— Я казаў тады і кажу цяпер: прызнаць сябе вінаватым — гэта пагадзіцца з тым, што ты парушыў закон і таму пакараны. І як я магу прызнаць сябе вінаватым, хадзіць строем і трымацца рэжыму, калі я закону не парушаў? Я і казаў: вы мяне паводле закону асудзіце спачатку, а пасьля пагаворым пра маё прызнаньне і акалічнасьці маіх паводзінаў.

Паводле Канстытуцыі, перад законам у нас роўныя ўсе. Як жа роўныя, калі я бачу на ўласным прыкладзе, што ад мяне вы патрабуеце, але самі гэтага ж закону не выконваеце? Гэта азначае, што вы не ўваходзіце ў тыя «ўсе»? Тое ж я казаў і начальніку калёніі, і ягонаму намесьніку, якія пераконвалі мяне, маўляў, навошта табе гэта патрэбна ў 20 гадоў сядзець у каменным мяху.

Але я ўжо пачаў страчваць вагу, пачалі вочы ўвальвацца, бледны стаў. І тады да мяне пачалі падсаджваць зьняволеных, набліжаных да адміністрацыі. Некаторыя зь іх жылі па двое ў камэры з акварыюмамі ды тэлевізарамі. І вось такія вадзілі мяне па зоне, паказвалі, як яны жывуць і пераконвалі, маўляў, кінь дурное — і на спатканьні будзеш хадзіць, і каўбасу есьці.

А ў выніку аднаго разу я забраў у іх пачак прыстойных цыгарэт зь яблычным смакам — «Рыч», здаецца, называліся. Абыдзецеся, кажу. Прыйшоў у ізалятар і клічу: хлопцы, выкідайце свае папяросы, зараз будзем крутыя цыгаркі паліць, гуляем!

— Як удалося ўсё гэта вытрымаць і ня здацца?

— Мне адзін зьняволены расказаў пра свайго дзеда, які пры Сталіне атрымаў 25 гадоў і цалкам адседзеў іх у лягерах у Сыбіры. Там захварэў на страўнік, а зь ім адбываў тэрмін хірург. Дык вось той хірург выдаліў яму палову страўніка сталовай лыжкай. І памёр той дзед, калі яму было пад сотню гадоў — і тое толькі таму, што яго машына зьбіла.

Калі я пра гэта разважаў, то думаў: што такое 3 з паловай гады ў беларускай турме — у параўнаньні са сталінскімі лягерамі гэта проста Маямі. Але сьцены выцягваюць сілы, і ў каго псыхіка слабейшая, тыя не вытрымліваюць, падпісваюць любыя паперы.

У мяне былі сілы, і я мусіў паспрабаваць нешта зьмяніць

— Ці не шкадуеце пра 9 месяцаў у жорсткіх умовах штрафнога ізалятару і перажытыя цярпеньні?

— Я ніколі, ні адну сэкунду ні пра што не шкадаваў. Я ішоў на плошчу мэтанакіравана — я не ішоў міма па вуліцы, але я і ў турму не ішоў. Я ішоў выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю і аб гэтым не шкадую, не зважаючы на ўсе наступствы.

Калі б я праседзеў тады дома (маўляў, ну вось ізноў укралі ў нас выбары… Але я лепш пасяджу дома, бо на вуліцы холадна, мянтоў ізноў нагоняць, паб’юць каго-небудзь), вось тады так, я б шкадаваў. Бо калі б усё тое, што адбылося, адбылося безь мяне, а я сядзеў бы дома ў інтэрнэце, тады так — тады трэба было шкадаваць.

У мяне было здароўе і былі сілы, і я мусіў хоць паспрабаваць нешта зьмяніць.

Кожны народ, паводле закону, мае права на пратэст. Я лічу, што ня проста мае права — гэта ягоны абавязак. Народ абавязаны пратэставаць, калі парушаюцца ягоныя правы і чыніцца беззаконьне. І вось так сваю пазыцыю пасьлядоўна і цьвёрда я даводзіў зьняволеным і адміністрацыі турмы таксама.

— Што ўразіла, запомнілася з таго часу, што сталася навукай?

— Я пазнаёміўся там зь людзьмі, зь якімі ніколі б не пазнаёміўся. Для некаторых турма — гэта іхнае жыцьцё. І жывуць яны паводле сваіх няпісаных законаў, якія вельмі блізкія да кодэксу гонару афіцэра: ня здраджваць, ня красьці, не хлусіць.

А з другога боку, уразіла несусьветнае дурнота аховы. Я часьцей кантактаваў з малодшым складам — гэта вайскоўцы. Зь імі яшчэ было магчыма, яны былі бліжэйшыя да чалавечнасьці.

А вышэйшы склад — ня ведаю… Магчыма, што калі ім чапляюць зоркі, то ўстаўляюць яшчэ і чарнату ў мазгі, і гэта ўжо ня людзі, а зомбі нейкія. Я нават начальніку казаў, што вашыя афіцэры — клінічныя ідыёты. А начальнік адказваў, што ведае. Кажа: «Тут, як у войску, патрэбны ня тыя людзі, якія думаюць, а тупыя выканаўцы».

«На вуліцы падыходзілі, фатаграфавалі, ціснулі руку»

— Калі выйшлі з турмы, што вас найбольш уразіла?

— Што мяне больш за ўсё ўразіла і нават абурыла — гэта тое, што зь мяне зрабілі нейкага небажыхара. Людзі глядзелі на мяне, нібыта я знайшоў радовішча нафты альбо лекі ад раку распрацаваў. На вуліцы падыходзілі, фатаграфавалі, ціснулі руку.

Памятаю, іду ў краме — падыходзіць да мяне хлопец і пытаецца: «Гэта ты ў турме быў, ад усяго адмаўляўся, у ізалятарах сядзеў?» Кажу, так, я. І ён мне: «Выбірай, што хочаш — за ўсё плачу!» Божа мой, думаю, трэба хутчэй ад’есьціся, каб мяне перасталі пазнаваць.

Мне пісалі лісты таксама і казалі, што, маўляў, трэба вас ледзь не на Нобэлеўскую прэмію міру вылучыць. А я думаю — якую прэмію міру, пра што вы кажаце, людзі? Супакойцеся.

І падумаў тады: да чаго мы ўпалі, што нармальныя мужчынскія паводзіны, якія павінныя быць нормаю, у нас узьведзеныя да неверагоднага ўзроўню. Гэта ж які жах! Звар’яцець проста! Куды ўжо далей апускацца і падаць? Вось гэта тады мяне больш за ўсё ўразіла і абурыла.

— Адчулі сябе сапраўднай зоркай. Не шкадуеце тае зорнасьці?

— Не, ні разу. Ідзеш ты па вуліцы, і на цябе глядзяць. І гэта вельмі некамфортна, папраўдзе. Журналісты тэлефанавалі першыя пару дзён проста бесьперапынна— гэта ўвогуле невыносна было, вар’ятня сапраўдная. Я казаў, што пройдзе крыху часу і ўсё забудзецца, знойдуцца новыя героі, а мне адказваюць: не, вы не разумееце вашу значнасьць і гэтак далей. Ну вось у выніку я меў рацыю.

Могуць «зьляпіць» любую крымінальную справу

— Ці не сталася гэта адной з прычынаў, што вы перасталі займацца палітыкай? І што гэта была за сытуацыя з «Плятформай»?

— Палітыка ўвогуле справа брудная. І я заняўся праваабарончай дзейнасьцю — даволі доўга працаваў у «Плятформе». Я займаўся крымінальнай праваабаронай, бо мне гэта было цікава і знаёма — я ведаў, як могуць «зьляпіць» любую крымінальную справу, асабліва ў рэгіёнах. Не сказаць, што гэта была «мая місія», але я мусіў дапамагчы, хаця б аднаму чалавеку і хаця б у якасьці падзякі людзям, якія мне дапамагалі, падтрымалі мяне.

Але, напэўна, заўсёды так бывае, што дэкляруецца адно, а жыцьцё ўносіць свае карэктывы і атрымліваецца зусім іншае. Здарыўся 2014 год і арышт Андрэя Бандарэнкі, а неўзабаве «Плятформу» закрыла падатковая інспэкцыя. Пасьля была «Плятформа-інавэйшн», «Рэгіён-119», але я сышоў, бо ў нас з Аленай Красоўскай разышліся погляды на нейкія пытаньні, зьвязаныя з далейшай дзейнасьцю.

Так, вядома, разыходзіліся мы ня вельмі добра, мы пасварыліся, але вырашылі, што так будзе лепш усім. Гэта нармальная сытуацыя, і рана ці позна гэта ўсё роўна б адбылося. Бо ня могуць людзі быць выключна аднадумцамі.

Гэта было крыху больш за два гады таму, і з тае пары я праваабарончай і грамадзка-палітычнай дзейнасьцю не займаюся.

Але ўсё роўна, стары шлейф цягнецца. І здараецца, што людзі зьвяртаюцца да мяне па дапамогу ці кансультацыі ў справе крымінальнага заканадаўства ці крымінальна-выканаўчага. Дзе магу, даю параду, а калі некампэтэнтны, то раю да каго зьвярнуцца. Але такіх зваротаў усё менш і менш.

— У гэтым зьвязку «запісная кніжка» сяброў-знаёмых ці істотна зьмянілася?

— Ёсьць знаёмыя і сябры, зь якімі я сядзеў і мы дагэтуль кантактуем. Такіх няшмат, але ёсьць — усе на волі, нікога не пасадзілі. Пературбацыя запісной кніжкі, як і ва ўсіх, адбываецца, і гэта нармальны працэс, ніяк не зьвязаны з грамадзка-палітычнымі падзеямі. Але ў мяне заўсёды быў пэўны «касьцяк» сяброў, які не зьмяняецца праз гады.

Плянуем заняцца невялічкім бізнэсам

— Чым вы займаецеся цяпер і ці задаволеныя цяперашнім сваім жыцьцём?

— Мы зь сябрам хочам заняцца невялічкім бізнэсам. Гэта пакуль на стадыі плянаў і ідэй, таму казаць яшчэ няма пра што. Тым больш што пляны — гэта такая рэч, што калі пачынаеш пра іх расказваць, то звычайна яны не збываюцца. Скажу толькі, што калі атрымаецца, то ўсе пра ўсё пачуюць і даведаюцца — вельмі спадзяюся на гэта.

Крышачку толькі прыадкрыю «таямніцу»: я вельмі люблю гатаваць, люблю карміць іншых людзей і сам люблю смачна паесьці. То і справа мая будзе зьвязаная з грамадзкім харчаваньнем. Спадзяюся, людзям спадабаецца: хочацца «дзьвіжухі». А цягам гэтых двух гадоў займаўся дробным прыватным бізнэсам у розных месцах.

— А як склалася вашае асабістае жыцьцё?

— Я ажаніўся, і мая сям’я — гэта мая жонка пакуль што. Праўда, пяць гадоў мы жылі ўжо разам, і літаральна сорамна ўжо было адно аднаму ў вочы глядзець. Дык я і кажу: «Хадзем расьпішамся» — вось пайшлі расьпісаліся.

Вясельля ў нас не было, але жонка цяпер кажа: ну як безь вясельля, трэба зрабіць прыгожа. Яна дзяўчына, натуральна, ёй хочацца ў сукенцы вясельнай пахадзіць, пафатаграфавацца. Я вельмі спакойна да гэтага стаўлюся, я не сэнтымэнтальны чалавек — мне гэтага не патрэбна. Але ёй хочацца, і таму я гатовы саступіць — пахадзіць у «гарнітуры», пафатаграфавацца.

— Ці можна так сказаць, што вас не цікавяць грамадзкія ці палітычныя працэсы, якія адбываюцца ў краіне?

— Натуральна, гэта ня так: у мяне кожная раніца пачынаецца з навінаў, і цягам дня я па некалькі разоў праглядаю навінавыя стужкі. Але паколькі я варыўся ў гэтым «катле», я зразумеў, як адбываюцца некаторыя працэсы. Таму цяпер, калі бачу некаторыя навіны, папросту ўсьміхаюся ды прапускаю, а да некаторых, наадварот, стаўлюся сур’ёзна вельмі.

Яшчэ ад часоў «адседкі» я вельмі зацікавіўся эканомікай. І эканамічныя працэсы мяне цікавяць ці ня больш, чым палітычныя, і я іх вельмі пільна адсочваю.

— Ці не хацелі б удзельнічаць у палітыка-эканамічных працэсах?

— Я хацеў бы павучыцца ў адмыслоўцаў, якія разьбіраюцца ў гэтых пытаньнях лепш за мяне. Бо тое, што я прачытаў «стопяццот» кніг, не азначае, што я спэцыяліст у пытаньнях эканомікі. А палітыка — гэта ўвогуле вельмі брудная справа, а ў нас яна проста кляака.

— Па-вашаму, наколькі магчыма рухаць эканоміку ў сёньняшніх палітычных умовах?

— Ну, нам цьвердзяць, што для бізнэсу ў нашай краіне створаныя выгодныя ўмовы. Добра, няхай сабе, але «Ленова» будуе свой завод ня ў нас, а ў Вугоршчыне. Там няма ільготаў, але там празрыстыя законы, якія дзейнічаюць.

А ў нас бізнэс разьвіваецца паводле набліжанасьці да «цела»: ткнуць пальцам — сёньня есьці будзеш ты, ты і ты — тыя і будуць, а іншыя пойдуць «на мяса».

І пакуль у краіне ня будзе зразумелых правілаў гульні для ўсіх, пра бізнэс і разьвіцьцё эканомікі гаварыць не даводзіцца.

5 пытаньняў Свабоды

Беларуская нацыянальная ідэя — гэта…

Я дакладна ведаю, што яна ёсьць. Але сёньня мы ня можам адказаць, якая яна, бо мы ня ведаем, хто мы самі і на што мы здольныя.

Напрыклад, хто б мог сто гадоў таму сказаць, што габрэі геніяльныя воіны, што іх вайсковыя начальнікі геніяльныя тактыкі. Мы ведалі, што габрэі геніяльныя лекары, мастакі, бізнэсоўцы. Але тое, што вайскоўцы, ніхто ня ведаў, пакуль не зьявілася краіна Ізраіль і пакуль ім не давялося сябе бараніць.

І мы — адкуль мы можам ведаць пра сябе? У Савецкім Саюзе мы пад дудку плясалі ўвесь час, зараз тое ж самае — мы ніколі не будавалі сваё жыцьцё самі, ня маем свабоды дзеяньняў і свабоды выбару. Магчыма, мы такія ж вайскоўцы, навукоўцы; можа, француская кухня ў параўнаньні зь беларускай — забягалаўка якая? Магчыма, у нас будзе такая краіна, калі кожныя паўгода будзем зьмяняць урад і будзем шчасьлівыя, а магчыма, зноў выберам дыктатара, які будзе кіраваць намі яшчэ трыццаць гадоў.

А калі глядзець паводле гісторыі, то ваяваць мы ўмеем, працаваць таксама, зарабляць умеем. І менавіта ў нашай дзяржаве была напісаная першая Канстытуцыя, паводле якой пісаліся законы паловы эўрапейскіх дзяржаў. Мы ня ведаем, хто мы ёсьць. А як у нацыі, якая ня ведае, якая яна, вылучыць нацыянальную ідэю?

Назавіце трох нацыянальных герояў Беларусі

Назаву чатырох. Гэта Тадэвуш Касьцюшка, Кастусь Каліноўскі, Зянон Пазьняк і Яўген Шмыгалёў.

Якая кніга паўплывала на вас як на асобу?

Цяжка сказаць, бо мастацкую літаратуру я цяжка ўспрымаю. А навуковая базуецца на тэорыях, якія часта супярэчаць самі сабе. Я ўвогуле вельмі крытычна стаўлюся да любых ведаў — я на сто адсоткаў ня веру ні ў што. Стараюся заўсёды трымаць сябе ў балянсе крытычнай думкі: што бываюць іншыя меркаваньні, што чалавек можа памыляцца і г.д.

Тое ж і з кнігамі. Таму, каб было нешта, што хацеў бы ўсім параіць, то не. Я ўвогуле ня вельмі люблю чытаць кнігі, а больш эканамічныя артыкулы. Праўда, ёсьць кніга пра сынгапурскага дыктатара «З трэцяга сьвету ў першы», мэмуары. Гэта адзінае, што я хацеў бы прачытаць.

Колькі грошай вам патрэбна для поўнага шчасьця?

Ня ведаю, адразу цяжка сказаць. Ёсьць нейкая сума грошай — тады хочацца чагосьці, на што не хапае. Зьяўляюцца патрэбныя грошы — хочацца чагосьці новага, на што ізноў не хапае, і гэтак далей. Таму цяжка сказаць. Пэўна, патрэбна гэтулькі, каб сям’і хапала на якасную мэдыцыну, адпачынак і на забесьпячэньне сваіх задумаў і плянаў. Грошы як самамэта — іх ніколі ня хопіць, каб задаволіць сябе.

Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Я раблю дрэнныя прагнозы ў палітыцы: што б ні прагназаваў, усё атрымаецца інакш. І ўсё ж мне здаецца, што ўлада зьменіцца тады, калі Аляксандра Рыгоравіча пакліча апостал Пётра. Я, напрыклад, ня бачу ніякіх — ні сацыяльных, ні эканамічных — прадпасылак для пратэстаў. Людзям лягчэй зьехаць, чым дамагацца тут чагосьці.

Усё ж мне здаецца, што давядзецца чакаць. І ў тым і пытаньне, як і на што зьменіцца, бо новы «дракон» заўсёды горшы за старога. Бо новы галодны.

Спадзяюся, што гэты чалавек будзе маладзейшы, з новым поглядам на сьвет. І калі гэты чалавек будзе разумець, што ён не прафэсіянал ва ўсіх пытаньнях, і глядзець на сьвет шырэй, чым з акна браніраванага лімузына, то шанец ёсьць, што мы выберамся зь цяперашняга балота. Калі ж гэтага ня будзе, то будзем такой жа бананавай краінай, дзе ўсё застанецца па-ранейшаму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?