Рафал Тшаскоўскі. Фота: wikimedia.org

Рафал Тшаскоўскі. Фота: wikimedia.org

Польская партыя ўлады «Права і справядлівасьць» (ПіС) Яраслава Качыньскага прайграе першы тур выбараў у большасці буйных гарадоў, у тым ліку ў Варшаве. Пра гэта сведчаць звесткі экзіт-пола, праведзенага даследчым цэнтрам Ipsos і распаўсюджаныя Польскім тэлебачаннем адразу ж пасля закрыцця участкаў, перадае БелТА.

Паводле інфармацыі сацыёлагаў, у Варшаве ў першым туры перамог кандыдат ад апазіцыі, аб'яднанай пад назвай «Грамадзянская кааліцыя», Рафал Тшаскоўскі (Rafał Trzaskowski) якога падтрымалі 54,1% выбаршчыкаў. За кандыдата ад ПіС Патрыка Якага (Patryk Jaki) прагаласавалі 30,9% выбаршчыкаў.

Рафалу Тшаскоўскаму 46 гадоў. Ён вядомы ў Польшчы як міністр замежных спраў у ценявым урадзе «Грамадзянскай платформы». Ва ўрадзе Дональда Туска узначальваў міністэрства адміністрацыі і ўкаранення лічбавых тэхналогій (2013—2014), з'яўляўся дэпутатам Сейма і дэпутатам у Еўрапарламенце. Рафал Тшаскоўскі жанаты, мае дачку і сына. Яго бацька — піяніст і кампазітар, зводны брат — дырэктар вядомага ў Варшаве артыстычнага кафэ «Піўніца пад баранамі», а прадзед заснаваў першую ў Польшчы жаночую гімназію.

Другі тур муніцыпальных выбараў адбудзецца ў Кракаве і Гданьску, але лідзіруюць незалежныя кандыдаты.

У Познані, Любліне, Катавіцах і Беластоку мэра ўдалося абраць у першым туры. У асноўным, у гэтых гарадах перамагаюць кандыдаты ад «Грамадзянскай кааліцыі» або незалежныя палітыкі.

Палякі сёння выбіралі больш за 46 тысяч дэпутатаў мясцовых радаў, паўтары тысячы войтаў, 823 бургамістраў і 107 мэраў гарадоў.

Паводле інфармацыі экзіт-полаў, у цэлым па краіне ПіС выйграла выбары ў органы мясцовага самакіравання ў 9 з 16 ваяводстваў.

Па звестках сацыёлагаў, на ўсходзе і поўдні краіны выбаршчыкі аддалі свае галасы за ПіС. На захадзе краіны аддалі перавагу кандыдатам ад «Грамадзянскай кааліцыі».

Гэтыя выбары лічацца апошняй сур'ёзнай праверкай ўзроўню падтрымкі кіруючай у Польшчы партыі «Права і справядлівасць» перад выбарамі ў Еўрапейскі парламент і ў польскі сейм у 2019 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?