«Алкагольная прадукцыя — тавар асаблівы, падакцызны, і ва ўсім свеце ён рэгулюецца жорстка дзяржавай. Беларусь — не выключэнне. Напэўна, у нас самае жорсткае рэгуляванне, бо існуе пэўная манаполія на вытворчасць і рэалізацыю алкаголю. І я абсалютна перакананы, што мы на гэтым этапе павінны, паглядзеўшы на гэтае пытанне, гэтую манаполію ўзмацніць, зыходзячы з вопыту работы апошніх гадоў», — заявіў на нарадзе Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на нарадзе неабходна абмеркаваць і праблемы ў сувязі з ужываннем алкаголю насельніцтвам. «Не сакрэт, што дадзены прадукт з'яўляецца сур'ёзнай дапамогай для нашага бюджэту. Так усюды, у любой дзяржаве, мы гэта не ўтойваем. Але не гэта галоўнае. Галоўнае — наступствы гэтага піцця, таму хацелася б, каб прысутныя тут адказныя за развіццё алкагольнай галіны закранулі і пытанне наступстваў», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што тэматыка развіцця лікёра-гарэлачнай галіны ўжо абмяркоўвалася на высокім узроўні тры гады таму. Тады былі падрабязна разгледжаны праблемы гэтай сферы і прыняты неабходныя рашэнні. «Сёння пытанне ў тым, наколькі гэтыя рашэнні адпавядалі духу часу, зыходзячы ўжо з практыкі. Таксама былі вызначаныя накірункі эфектыўнага развіцця галіны - сёння трэба адказаць на пытанне, чаго не хапае ў гэтым плане», — сказаў беларускі лідэр.

У якасці аднаго з пытанняў ён пазначыў абарону ўнутранага рынку: «Нельга дапускаць з'яўлення няякаснай прадукцыі і ценявога абароту алкагольных напояў. Гэта, перш за ўсё, пагроза жыццю і здароўю людзей».

«Не скажу, што ў нас ужо вельмі вялікая праблема з гэтай справай, асабліва з імпартам недабраякаснай прадукцыі з-за мяжы (імпарт у нас складае ўсяго 3-3,5%, і то тых прадуктаў, якія мы не вырабляем)», - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў з'яўленне прыкмет нядобрасумленнай канкурэнцыі на ўнутраным рынку, наяўнасць складанасцяў ва ўзаемаразліках паміж пастаўшчыкамі і спажыўцамі, павольны рост экспарту. «Насцярожвае, што ўрад, мясцовая ўлада, сілавыя структуры, ды і самі вытворцы, глядзяць на рашэнне праблем па-рознаму і не змаглі выпрацаваць узгодненую пазіцыю», - заявіў беларускі лідэр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?