22.10.2018 / 16:15

Саудаўская Аравія вербавала распрацоўшчыка Twitter для сачэння за апазіцыяй

У 2015 годзе заходнія спецслужбы папярэдзілі Twitter, што сярод іх супрацоўнікаў ёсць Алі Альзабарах (Ali Alzabarakh), з якога Саудаўская Аравія хоча зрабіць свайго агента. Альзабарах працаваў у Twitter з 2013 года і меў доступ да персанальных даных карыстальнікаў, паведамляе The New York Times.

Альзабарах стаў кантактаваць з разведкай Саудаўскай Аравіі, якая спрабавала атрымаць ад яго даныя некалькіх акаўнтаў. Але пасля таго, як у Twitter даведаліся пра сувязі Альзабараха, яго адхілілі ад працы, дапыталі і ў выніку звольнілі ў снежні 2015 года. Праз некаторы час былы распрацоўшчык вярнуўся ў Саудаўскую Аравію і атрымаў пасаду ва ўрадзе.

У Саудаўскай Аравіі дзейнічае «армія троляў» пад кіраўніцтвам аднаго з галоўных дарадцаў прынца Махамеда, Сауда аль-Кахтані. Пасля забойства Джамаля Хашогі аль-Кахтані быў звольнены.

Новых супрацоўнікаў «фабрыкі» вербавалі праз аб'явы ў Твітары, дзе прапаноўвалася публікаваць твіты за зарплату памерам 3 тысячы даляраў за месяц.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру