На цэлы тыдзень дзеці акунуцца ў гісторыю Беларусі з яе шляхецкімі традыцыямі, народнымі вераваннямі і вясковым жыццём — у праграме ўсяго патроху. Асабліва прыемна, што ўся камунікацыя адбываецца на беларускай мове.

Што гэта такое?

«Дзікае паляванне» — адна са шматлікіх праграм для дзяцей прыгодніцкага лагера «Легенда», створанага агенцтвам цікавых святаў «Тэрыторыя гульні». Гэта асобны сусвет са сваімі законамі і персанажамі, таямнічай атмасферай і ўсімі атрыбутамі містычнага наратыву.

Цэлы тыдзень дзеці будуць жыць у прыгожай сядзібе на поўначы Беларусі, дыхаць свежым паветрам, знаёміцца з гісторыяй і культурай нашай краіны, браць удзел у сапраўдных чароўных абрадах, напаўняцца энергіяй сумеснага баўлення часу і атрымліваць каштоўны досвед узаемадзеяння адно з адным.

Для каго?

Школьнікі 10—15 гадоў. У групе — максімум дзесяць чалавек.

Калі?

Падчас восеньскіх вакацый, з 28 кастрычніка па 3 лістапада.

Дзе?

Сядзіба «Запаведны востраў» у вёсцы Шо Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці. Месца так называецца нездарма: драўляныя дамы, акружаныя векавымі хвоямі, размешчаны на сапраўдным востраве паміж двума азёрамі — Івесь і Шо. Дабрацца да сядзібы з «вялікай зямлі» можна па мастку або на лодцы.

Каму тэлефанаваць?

Агенцтву цікавых святаў «Тэрыторыя гульні»: + 375 29 318 24 37.

Агенцтва «Тэрыторыя гульні» ўжо колькі год займаецца арганізацыяй забаўляльных тэматычных лагераў для дзяцей. Іх адметныя рысы — гэта пільная распрацоўка праграм, бездакорны сцэнар, прафесійныя акцёры, касцюмы, якія «б’юць» на сто працэнтаў, і поўная адпаведнасць абранай тэме. У кожнай праграме дзеці — не назіральнікі за падзеямі, а іх ўдзельнікі і нават стваральнікі, якія па-сапраўднаму пражываюць кожны момант казачнай рэальнасці.

У гэтыя восеньскія вакацыі прыгодніцкі лагер прысвечаны містычнаму свету Уладзіміра Караткевіча і пройдзе пад знакам старажытных легендаў і традыцый. Гэта ўжо не першы сезон «Дзікага палявання», і па досведзе папярэдніх праграм можна з упэўненасцю адзначыць: калі вы хочаце, каб вашыя дзеці глыбей пазналі і палюбілі сваю краіну, цікавіліся яе гісторыяй і культурай, то вам сюды.

Умоўна ўся праграма падзяляецца на некалькі частак. Актыўнасці гарманічна ўвязаныя адзінай канвой, хоць кожная прысвечана асобнаму пласту гісторыі і культуры. Мова лагера — беларуская.

На «Дзікім паляванні» школьнікі пазнаёмяцца з беларускай народнай культурай: старадаўнімі песнямі, танцамі, гульнямі, карагодамі і прыпавесцямі.

Вішанькай на торце ў гэтай частцы праграмы стануць казкі ад бабулі. Уявіце сабе: за акном — непраглядная цемра познявосеньскага вечара, волкасць у паветры, палае лісце, сцелюцца густыя туманы. А ў цёплай драўлянай хаце па сценах жвава бегаюць цені ад агеньчыкаў свечак, пакуль бабуля расказвае сцішанай дзятве чароўныя гісторыі.

Яшчэ адзін блок прысвечаны традыцыям беларускай шляхты, у тым ліку і куртуазным манерам, якія практыкаваліся ў высакародным саслоўі. Падлеткавы ўзрост — самы час навучыцца паводзіць сябе ветліва і паважліва. Наогул у грамадстве, а таксама ў адносінах да процілеглага полу. Сапраўдны шляхціц Юры дасць дзецям урокі паводзін. А яшчэ раскажа шмат цікавага пра побыт і звычаі беларускай шляхты. Бо, раскрыем невялікі сакрэт, наш Юры — не толькі вяльможны пан, але і самы сапраўдны гісторык.

Туманнае надвор’е позняй восені і чорныя сілуэты дрэў з амаль цалкам абляцелым лісцем дадаюць флёру таямнічасці да ўсяго, што адбываецца, так і чакаеш чарадзейства побач.

Ключавым момантам гэтай часткі ў мінулым сезоне было з’яўленне Дзікага палявання і зняцце чараў з Ваўкалака. Адкуль ён тут з’явіўся? Гэта таямнічая гісторыя кахання, здрадзы і літасці. Даўным-даўно жылі-былі два браты, адзін з якіх праз здраду ператварыўся ў пачвару, і вось ужо некалькі стагоддзяў ён пакутуе ў звярыным абліччы. Удзельнікі праграмы выратавалі небараку, для гэтага ім прыйшлося тварам да твару сутыкнуцца з сапраўднай магіяй і правесці рытуал зняцця чар. А што будзе далей? Што чароўнага адбудзецца на гэтых вакацыях? Школьнікаў чакаюць цікавосткі!

Пасля спраў міфічных і містычных школьнікі змогуць далучыцца да дзейнасці практычнага кшталту. Нішто так не ўмацоўвае дух, як фізічная праца. У «Дзікім паляванні» прадугледжана і гэта. Недалёка ад сядзібы ёсць фермерская гаспадарка, дзе заўсёды рады рабочым рукам. Пілаваць дровы ці карміць жыўнасць? Калі ласка, закасвайце рукавы і наперад! Пасля працы на свежым паветры маладзецкі апетыт гарантаваны.

«Разыначкай» праграмы стане вандроўка ў Полацак, па гістарычных мясцінах якога правядзе вопытны гісторык.

Замест рэзюмэ. Навошта ехаць на «Дзікае паляванне»?

- Правесці тыдзень на свежым паветры сярод найпрыгажэйшай прыроды

- Размаўляць на беларускай мове

- Даведацца шмат цікавага пра гісторыю і культуры сваёй краіны

- Дакрануцца на казкі

- Паесці смачнай хатняй ежы

- Пажыць у маляўнічай вясковай хаце

- Забыцца пра гаджэты і правесці час з аднагодкамі

- Навучыцца добрым манерам

- Стаць больш самастойным

Па ўсіх пытаннях звяртайцеся, калі ласка, па тэлефоне + 375 29 318 24 37 ці на сайт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?