На жалобную імпрэзу да 75-годзьдзя зьнішчэньня Менскага гета каля мэмарыялу «Яма» сабраліся некалькі сотняў чалавек. Сярод іх нашчадкі вязьняў гета, замежныя госьці, дыпляматы, прадстаўнікі розных канфэсій, піша «Радыё Свабода».

Пагромы рабілі па сьвятах

На сёньняшні дзень у Менску жывуць 54 вязьні гета, у асноўным гэта тыя, хто ў вайну быў дзіцем, як Фрыда Рэйзман. У 1941 годзе ёй было 6 гадоў. Яна ўзгадвае, што за 2 гады і 4 месяцы перажыла 6 пагромаў і багата аблаваў. Усе ахвяры, акрамя забітых падчас першага пагрому, ляжаць у Трасьцянцы. У гета загінуў і яе 16-гадовы брат Міша. Астатнім сямейнікам удалося выжыць.

«У гета не было ні ежы, ні вады, ні цяпла. Пагромы звычайна праводзіліся па вялікіх савецкіх сьвятах. Пасьля аднаго з пагромаў на вуліцы Абутковай цякла рака крыві… Я памятаю вочы дзяцей, што сядзелі ў сутарэньнях дзіцячага дома тут, на вуліцы Заслаўскай. Я памятаю той холад, як, седзячы ў яме-магіле, я чула крокі фашыста. А пасьля начных аблаваў я бачыла такое, пра што дагэтуль не магу гаварыць…» — не хавае сьлёз Фрыда Рэйзман.

Процістаяць любым праявам ксэнафобіі, — міністар Макей

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей сказаў, што сама думка пра магчымасьць такога маштабнага, мэтанакіраванага зьнішчэньня людзей іншымі людзьмі не ўкладаецца ў сьвядомасьці, глыбока скаланае і раніць душу.

Ўладзімер Макей

Ўладзімер Макей.

«Думаючы пра будучыню нашых дзяцей, мы не павінны забывацца пра тысячы загінулых у полымі Галакосту. Мы ніколі не даведаемся, чаго б яны дасягнулі, калі б вырасьлі, якімі лідэрамі маглі б стаць, якое шчасьце маглі б прынесьці сваім блізкім, сваёй краіне і свайму народу. Карыстаючыся прысутнасьцю тут былых вязьняў гета, чальцоў іх сем’яў, хачу яшчэ раз выказаць захапленьне мужнасьцю і стойкасьцю гэтых людзей. Наша задача, задача ўсіх жыхароў зямлі — зрабіць усё, каб гэта не паўтарылася.

Мы павінны процістаяць любым праявам ксэнафобіі і расізму, выступаць супраць любых праяваў этнічнай і рэлігійнай нянавісьці. Сёньня ў Беларусі робяць усё, каб захаваць памяць пра ахвяраў Галакосту, гарантаваць роўнасьць перад законам кожнаму чалавеку, незалежна ад расы, колеру скуры, нацыянальнага або этнічнага паходжаньня», — заявіў кіраўнік МЗС Уладзімер Макей.

У Беларусі загінула каля 1 мільёна габрэяў

Міністарка аліі і інтэграцыі Дзяржавы Ізраіль, сустаршыня сумеснага беларуска-ізраільскага камітэту па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве, дэпутат Кнэсэту Софа Ландвэр падзякавала Беларусі за захаваньне памяці пра ахвяраў Галакосту.

Старшыня Саюзу габрэйских арганізацый і абшчын Уладзімер Чарнецкі, намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Жаўняк, прадстаўніца Ізраілю Софа Ландсвэр

Старшыня Саюзу габрэйских арганізацый і абшчын Уладзімер Чарнецкі, намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Жаўняк, прадстаўніца Ізраілю Софа Ландсвэр.

Мэмарыяльны комплекс «Яма» яна назвала адным з самых пранікнёных помнікаў ахвярам Другой усясьветнай вайны. Софа Ландвэр сказала, што родам зь Менску некалькі пакаленьняў яе сям’і — бацькі яе маці страцілі тут трох сыноў, бабуля разам з братам ваявала і загінула ў партызанскім атрадзе, яе бацька-падпалкоўнік прайшоў усю вайну і пасьля дэмабілізацыі вярнуўся ў Менск.

«Немагчыма зразумець, як у сярэдзіне ХХ стагодзьдзя сьвет пагрузіўся ў вір жудаснай бойні, як атрымалася, што цэлыя сем’і зьнішчаліся толькі за тое, што яны ня ўпісваліся ў ідэалёгію нацысцкіх ідэолягаў аб чысьціні расы!

Амаль тысячу гадоў Беларусь была для габрэяў бацькоўскім домам. Габрэйская Беларусь падаравала сьвету Марка Шагала, Хаіма Суціна, Мэнахема Бэгіна, Шымона Пэрэса. Я добра ведаю гісторыю беларускага народу, аднаго з самых спакойных, цярплівых і добразычлівых народаў сьвету. Менавіта па ім вайна нанесла ўдар велізарнай сілы, выкасіўшы амаль 1 мільён габрэяў», — сказала Софа Ландвэр.

Немцы асэнсоўваюць адказнасьць, — амбасадар ФРГ

Пасол ФРГ Пэтэр Дэтмар запэўніў прысутных, якія перажылі вайну, а таксама нашчадкаў ахвяр, што немцы асэнсоўваюць, якую адказнасьць за злачынствы сваіх землякоў яны нясуць да сёньняшняга дня.

«Мэмарыяльны комплекс «Яма», як і многія іншыя месцы ў вашай краіне, — гэта месца жаху. Але ён стаў таксама месцам сустрэчы і замірэньня. Як аднойчы сказаў былы фэдэральны прэзыдэнт Ёахім Гаўк, «замірэньне — гэта цэльны дар, які ніколі нельга адымаць па патрабаваньні, тым больш па прымусе. Аб замірэньні можна толькі прасіць і атрымаць яго ў дар»», — сказаў амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Пэтэр Дэтмар.

На яго думку, найлепшай страхоўкай ад нацыянальнай варажнечы, таталітарызму, фашызму, нацыянал-сацыялізму будзе жывая памяць і актыўнае асэнсаваньне гісторыі.

«Менавіта на нас, немцах, ляжыць асаблівая адказнасьць заклікаць, каб ніколі больш, менавіта таму, што многія немцы мелі дачыненьне да злачынстваў. У гэтых словах — «каб ніколі больш» — палягае разуменьне таго, што для нас, немцаў, азначаюць віна, місія і адказнасьць. У гэтае паняцьце ўваходзіць задача перадаць будучым пакаленьням досьвед жахлівага мінулага як папярэджаньне і процістаяць тым, хто яго ігнаруе. Мы, нашчадкі, абяцаем, што не забудзем жахі гісторыі, што захаваем памяць пра ахвяры», — падкрэсьліў амбасадар Нямеччыны ў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?