23.10.2018 / 12:58

Скандал на «Лістападзе»: апошняе слова па адборы кіно на нацыянальную праграму цяпер за Мінкультам 20

Аргкамітэт 25-га міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» разам з іншымі абвясціў сёлетнюю праграму нацыянальнага кіно. Усё б нічога, але на выхадзе яна атрымалася не зусім такой, якой яе хацела б бачыць каманда «Лістапада». Здарылася гэта праз умяшанне ў адбор Міністэрства культуры.

Міністэрства культуры ўжо не першы год бярэ ўдзел ў адборы кінастужак для нацыянальнай праграмы «Лістапада», але ў гэтым годзе ў склад спецыяльнай камісіі, якая афармляе канчатковае рашэнне, упершыню не ўключылі прадстаўнікоў фестывалю. Лістападаўская каманда мела толькі голас дарадцы, але канчатковае рашэнне прымалася камісіяй з чыноўнікаў, прычым невядома, хто канкрэтна ў яе ўваходзіць (акрамя першай намесніцы міністра культуры Ірыны Дрыга).

Лозунг «Лістапада-2018», які пройдзе з 2-га па 9-га лістапада.

«Не будзем раскрываць назвы, але ў выніковую праграму з 87 пададзеных заявак не ўвайшлі некалькі стужак з нашай селекцыі, якую мы рэкамендавалі камісіі пры Міністэрстве культуры. Тут пытанне да самога прынцыпу адбору і таго, што існуе камісія, якая зацвярджае наш спіс ці не», — падзяліўся з «НН» каардынатар нацыянальнага конкурсу Мікалай Лаўранюк.

Тэматычны паблік «Бульбамуві» паведамляе, што сярод тых, хто падаваўся на фестываль і не трапіў у выніковую праграму праз міністэрства, маглі быць такія рэжысёры, як Андрэй Кудзіненка, Андрэй Куціла, Мікіта Лаўрэцкі, Юлія Шатун, Аляксандр Міхалковіч, Павел Нядзведзь.

Мяркуецца, што за «Лістапад» у тым ліку ўзяліся пасля таго, як у мінулым годзе у праграме нацыянальнага конкурсу найлепшай была прызнаная стужка Юліі Шатун «Заўтра». Тады міністр культур Юрый Бондар выказаў сваю незадаволенасць па тэме: «У грамадстве сфарміравалася няправільнае ўяўленне пра сучаснае беларускае кіно: чарнуха, знятая за тры капейкі на лічбавую камеру». Рэжысёрка ў інтэрв'ю «Нашай Ніне» ў сваю чаргу паведаміла, што «міністр культуры — гэта не той чалавек, да меркавання якога яна будзе прыслухоўвацца». Але тут выходзіць, што прыслухоўвацца прыйдзецца не толькі ёй…

І што ў выніку? Такі звышкантроль з боку чыноўнікаў можа прывесці да таго, што фестываль перастане лічыцца незалежным і згубіць статус міжнароднага, бо, згодна з рэгламентам, фестывалі міжнароднага фармату павінны быць па-за цэнзурай.

Яшчэ адзін адмоўны момант: калі няма веры аб’ектыўнасці фестывалю, некаторыя мясцовыя рэжысёры самі не захочуць у ім удзельнічаць.

Так, пра байкот «Лістапада» з гэтай нагоды заявіла ўжо рэжысёрка Улада Сянькова, аўтарка стужак «Граф у апельсінах» і «Ахаха». «Пакуль мы ўсё падаём заяўкі на нацыянальны конкурс, мы робім яго легітымным. А навошта нам фэст, які ператвараецца ў збор ідэалагічных меркаванняў? Як можна было не ўключыць у сёлетнюю праграму Андрэя Куцілу, аднаго з найлепшых нашых дакументалістаў. Ён што, рэзка стаў здымаць кепскае кіно? Або Юлія Шатун з Мікітам Лаўрэцкім, дыпламанты мінулых год, яны што, рэзка сталі горш? Прабачце, але Ірына Дрыга нічога не разумее ў кіно, каб нешта адбіраць, яна нідзе не вучылася кінамастацтву. Атрымліваецца, што кіно ў Беларусі можна здымаць толькі пра зайчыкаў, якія скачуць па нашых цудоўных палях і распавядаюць, як добра тут жыць. Байкот прыйшоў на розум многім рэжысёрам. На наш погляд, лепш ніякага конкурсу, чым для дзетак чыноўнікаў і ідэалагічна верных людзей. Для сябе ж у будучыні, на маю думку, вельмі важна не падтрымліваць гэтую сістэму. Тое, што адбываецца цяпер — гэта канец айчыннаму кінематографу», — патлумачыла сваю пазіцыю «НН» рэжысёрка.

Некаторыя рэжысёры сёння паведамілі пра тое, што хочуць зняць свае працы з конкурсу, хоць яны і былі адобраныя.

Што думаюць наконт такой негатыўнай рэакцыі творчай грамадскасці ў міністэрстве, пакуль высветліць не ўдалося: журналістаў «НН» «папрасілі патэлефанаваць пазней».

Будзе дапоўнена.

КК

1
Уладзімір / Адказаць
23.10.2018 / 13:01
Гэта пральная, альбо міністэрства культуры?
Такі і "Лістапад" , якія суддзі! Ўсе што можна змешваюць з лайном!
2
Такое вось кіно... / Адказаць
23.10.2018 / 13:17
Апошнім часам адны нейкія скандалы з гэтым Мінкультам...Ім праўда больш няма чым заняцца? ХТО там працуе?! 
1
бармалей / Адказаць
23.10.2018 / 13:21
Лістапад усё
Паказаць усе каментары/ 20 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру