Грамадзянін Украіны прыйшоў з павіннай у СБУ — ён распавёў, што яго нібыта завербавалі беларускія памежнікі. Ровенскі суд урэшце вызваліў яго ад адказнасці.

Што здарылася?

Украінец распавёў, што год таму ён ехаў праз пункт пропуску «Невель» у Беларусь. Там ён нібыта быў завербаваны падпалкоўнікам аператыўна-вышуковага аддзелу памежнай службы. Ад украінца патрабаваліся дадзеныя аб перамяшчэнні кантрабанды, у тым ліку — бурштыну, які нелегальна ўвозяць у Беларусь.

Падпалкоўнік паведаміў, што яго псеўданімам будзе «Артур» і нават пакінуў нумар мабільнага (нумар ёсць у пастанове суда, цяпер ён заблакаваны).

Пасля, па словах украінца, ён меў яшчэ дзве сустрэчы з «Артурам», у лістападзе і снежні. Украінца папрасілі сабраць звесткі пра кантрабанду зброі і «падабраць кандыдатаў для правакання супрацоўнікаў пункту пропуску Невель на атрыманне неправамернай выгады».

Трэцяя сустрэча нібыта адбылася ў студзені 2018 года каля вёскі Кончыцы, што ў Пінскім раёне. На ёй «Артур» даў заданне сабраць інфармацыю пра дзейнасць украінскіх памежнікаў: склад, кіраўніцтва, колькасць супрацоўнікаў, тэхніку, інфармацыю пра супрацоўнікаў аператыўна-вышуковага аддзела ўкраінскага памежнага атрада. За гэта грамадзяніну Украіны абяцалі дапамагчы вырашыць пытанні з перасячэннем беларуска-ўкраінскай мяжы і перамяшчэннем тавараў з Украіны ў Беларусь.

Але украінец вырашыў «здацца». У Ровенскай вобласці Украіны ён звярнуўся да спецслужбаў і распавёў ім гэтую гісторыю.

Пасля гэтага быў суд. Мужчыну вызвалілі ад крымінальнай адказнасці, бо злачынства здзейсніць ён не паспеў, а загадзя прызнаўся ў ім і добраахвотна прыйшоў у СБУ.

Якія ёсць пытанні?

Калі ўсё, што распавёў украінец, праўда, то нельга не звярнуць увагу на некаторыя моманты.

Па-першае, чаму менавіта яго спрабавалі завербаваць? Хутчэй за ўсё, украінца спынілі з кантрабандай. Інакш чаму тады ён спачатку даў згоду на супрацоўніцтва? І чаму «Артур» абяцаў яму дапамогу з перасячэннем мяжы?

І хто такі гэты ўкраінец? Чым ён займаецца на радзіме? Сабраць інфармацыю пра перамяшчэнне зброі праз мяжу няпроста. Адкуль выпадковы чалавек можа мець падобную інфармацыю? А падрабязную інфармацыю пра памежнікаў?

Заданне сабраць звесткі пра памежнікаў украінец атрымаў у студзені. А ў СБУ прыйшоў толькі 31 ліпеня, калі верыць матэрыялам з пастановы суда. Чаму так: спрабаваў, але не змог сабраць патрэбную інфармацыю? Ці перадаў усё, што знайшоў, а пасля прыйшоў здавацца?

Што кажуць беларусы?

Нічога. У Пінскім памежным атрадзе паведамілі, што пакуль немагчыма звязацца ані з начальнікам атрада, ані з кімсьці з яго намеснікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?