Федэральная рада Швейцарыі даручыла распачаць крымінальную справу ў дачыненні да двух расіянаў, якія падазраюцца ў палітычным шпіянажы. Пра гэта паведамляе швейцарская тэлерадыёкампанія RSI са спасылкай на Міністэрства юстыцыі і паліцыі краіны.
Крымінальны пераслед па палітычных артыкулах у Швейцарыі патрабуе згоды ўрада. Запыт на працяг расследавання ў дачыненні да расіянаў у сакавіку мінулага года ўраду накіраваў Федэральны акруговы суд краіны.
Як удакладняе RSI, гаворка ідзе пра двух расіянаў, якія падазраюцца ў шпіянажы за швейцарскай лабараторыяй у Шпіцы, якая займаецца даследаваннямі ў галіне кантролю над узбраеннем і абароны насельніцтва ад біялагічнай і хімічнай зброі.
Спецыялісты лабараторыі ўдзельнічалі ў расследаванні хімічных нападаў у Сірыі, а таксама ў аналізе доказаў па справе аб атручэнні экс-супрацоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі ў Солсберы.