Арганізатары буйнейшага балтыйскага фэстывалю рок-музыкі Be2gether маюць намер правесьці наступны фэст па абодва бакі літоўска-беларускай мяжы, паведаміў заснавальнік і генэральны прадусар Be2gether Гендрус Клімкявічус.

«Мы хочам, каб жыхары абедзьвюх краінаў маглі ў роўнай ступені атрымаць асалоду ад музыкі, бо сам лёзунг фэстывалю гучыць: «Музыка адчыняе межы», — распавёў Гендрус Клімкявічус.

Па словах пасла Літвы ў Беларусі Эдмінаса Багдонаса, адну сцэну мяркуецца разьмясьціць на тэрыторыі Літвы, а другую — у Беларусі. «Такім чынам, мы плянуем з дапамогай музыкі адчыніць межы паміж дзьвюма краінамі, бо нашыя народы яднае векавая гісторыя», — адначыў Багдонас.

Да канца году арганізатары фэстывалю зьбіраюцца абмеркаваць ідэю правядзеньня такога канцэрту зь беларускім бокам. Эдмінас Багдонас паведаміў, што ягоны беларускі калега Ўладзімер Дражын «пазытыўна выказаўся пра наша жаданьне».

Упершыню фэстываль Be2gether адбыўся ў жніўні 2007 году побач са старажытным замкам у Нарвілішках. На ім выступілі каля 30 гуртоў самых розных накірункаў і стыляў зь дзесятка краінаў. Сёлета фэст сабраў больш за 70 калектываў, ён адбываўся ў рамках праграмы «Вільня — культурная сталіца Эўропы 2009».

Tut.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0