На гэтых выходных, 26-28 кастрычніка, у межах праекта «Беларускія ўікэнды» пройдуць паказы знакамітага брытанскага фільма «Вогненныя калясніцы».
Фільм дубляваны на беларускую мову кампаніяй Кінаконг пры падтрымцы velcom. Паказы пройдуць у кінатэатры «Масква».
Ніжэй — 5 прычын, чаму гэты фільм нельга прапусціць:
- Узнагароды. «Вогненныя калясніцы»— адзін з самых тытулаваных брытанскіх фільмаў за ўсю гісторыю. У 1981 годзе ён атрымаў чатыры «Оскары», у тым ліку ў катэгорыі «За найлепшы фільм». Брытанскі кінематограф здолеў паўтарыць гэты поспех толькі праз трыццаць год з фільмам «Кароль прамаўляе». Акрамя «Оскара» стужка атрымала шэраг іншых узнагарод, у тым ліку Канскага фестываля, BAFTA і «Залаты глобус».
- Сусветная слава. Фільм атрымаў культавы статус у Вялікабрытаніі і шырока вядомы ва ўсім свеце. Але ў нашай краіне пра стужку амаль ніхто не чуў. Таму калі вы не глядзелі фільм, то цяпер ёсць магчымасць выправіць гэты культурны прабел.
- Музыка. Усе складнікі фільма створаны цудоўна, але неверагодная музыка Вангеліса вартая асобнай узгадкі. Гэтую знакамітую мелодыю вы напэўна неаднаразова чулі, нават калі ўпершыню даведаліся пра існаванне фільма з гэтага артыкула.
- Сапраўднасць гісторыі. Гэты фільм распавядае пра рэальныя падзеі, якія адбыліся 100 год таму. Гаральд Абрахамс, адзін з герояў фільма, мае беларускія карані. А другі герой, Эрык Лідэл, напэўна, самы вядомы спартсмен за гісторыю Алімпійскіх гульняў. Ён ушаноўваўся прынамсі на 4 Алімпіядах на працягу амаль 100 год. Пра яго напісаны кнігі, зняты дакументальныя і мастацкія фільмы, нават мультфільмы! Апошні фільм, «На крылах арла», быў зняты ў 2016 годзе і распавядае пра канец жыцця Лідэла. Але самым знакамітым творам сталі «Вогненыя калясніцы».
- Беларуская мова. «Беларускія ўікэнды» — адзіны праект, які паказвае кіно па-беларуску на шырокім экране. Праекту ўжо 2 гады і колькасць гледачоў за гэты час наблізілася да 50 тысяч. «Вогненныя калясніцы» агучвалі найлепшыя беларускія артысты. Беларуская мова ў інтэр’ерах Брытаніі пачатка 20 стагоддзя дакладна вартая вашай ўвагі!
Стужка распавядае пра знакамітых ангельскіх бегуноў: Гаральда Абрахамса, навучэнца Кембрыджа, габрэя з беларускімі каранямі і Эрыка Лідэла — шатландскага місіянера ў Кітаі. Кожны з іх бяжыць і перамагае, але дзеля чаго? Наперадзе Алімпіяда ў Парыжы 1924 года, фінальнае змаганне і кульмінацыя іх жыцця…
Квіткі можна набыць у касах кінатэатра і па спасылцы.
0
0
0
0
0
0