«Я не паспеў нічога сказаць, як ён кулаком урэзаў мне па твары», — распавёў Анатоль, кіроўца мінскай маршруткі. Сёння яго заблакавалі два аўтамабілі з расійскімі нумарамі, іх кіроўцы выцягнулі маршрутчыка з салона і ўдарылі, ды так, што зламалі сківіцу.

Пасля 12.00 Анатоль ехаў па вуліцы Арлоўскай за рулём маршруткі №1077, ад Камароўскага рынка ў бок Сухарава. У салоне знаходзіліся некалькі пасажыраў.

— Ад'язджаў ад прыпынку, наперадзе стаяў трактар, мне трэба было яго аб'ехаць. Я прапусціў некалькі машын, а потым выехаў на другую паласу, — распавёў маршрутчык. — Аб'ехаў трактар і зноў вярнуўся ў правую паласу.

Праз пару секунд наперадзе маршруткі спынілася белая Hyundai Santa Fe з расійскімі нумарамі, а збоку выезд заблакаваў чорны Mercedes з Расіі.

— З абедзвюх машын выскачылі кіроўцы. З белай машыны — мужчына славянскай знешнасці, а з Mercedes — смуглы. Яны выцягнулі мяне з машыны і сказалі нешта накшталт «што ты лезеш не ў сваю паласу». Потым адзін трымаў мяне, а другі ўдарыў кулаком па твары.

Потым кіроўцы селі ў свае машыны і з'ехалі. А Анатоль настолькі разгубіўся, што нават не адразу выклікаў міліцыю, а працягнуў ехаць па маршруце.

— Па дарозе мне стала дрэнна, але да канцавога я даехаў. Паглядзеў на сябе ў люстэрка, а ў мяне ўвагнутасць у сківіцы. Я выклікаў міліцыю і напісаў заяву. А яшчэ праз пару гадзін паехаў да доктара.

У бальніцы ў Анатоля дыягнаставалі пералом сківіцы і шпіталізавалі, яго чакае аперацыя.

Мужчына просіць дапамагчы знайсці крыўднікаў. Калі вы пазналі гэтых людзей ці бачылі аўтамабілі, якія зафіксаваў відэарэгістратар, паведаміце пра гэта ў Фрунзенскае РУУС сталіцы па тэлефоне: +375 29 319-03-54 або 102.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?