Фота Алекса Жарнасека
Зміцер Вайцюшкевіч прадставіў у Інтэрнэце новы альбом «Люблю» на вершы Уладзіміра Маякоўскага. Канцэртная прэзентацыя дыска ў Мінску адбудзецца 2 лістапада ў прасторы «Ок16».
Гэта ўжо другая сустрэча Вайцюшкевіча з вершамі Маякоўскага. Першая скончылася альбомам «MW» (2005), які сам спявак лічыць недасканалым. Новы дыск «Люблю» — гэта адначасова праца над памылкамі і крок наперад.
— Ён больш разнастайны па стылях: ад джазу і акадэмічнай музыкі да альтэрнатыўнага року ды хіп-хопу, — распавядае Вайцюшкевіч. — Да таго ж мінулым разам было зашмат словаў, а зараз я хацеў больш музыкі. Ну, і некалькі песень з першага альбома наноў перарабіў. Як мне падаецца, больш удала.
На альбоме «Люблю» вершы Маякоўскага двойчы гучаць па-беларуску: «Паслухайце» у перакладзе Рыгора Барадуліна і «Размова з фінінспектарам аб паэзіі» у перакладзе Віталя Рыжкова. Апошні таксама чытае рэп у адпаведнай песні.
Канцэртная прэзентацыя дыска адбудзецца ў зале «Ок16» (вул. Кастрычніцкая, 16). У першай частцы прагучыць новы альбом, у другой — лепшыя песні з іншых дыскаў Вайцюшкевіча. Квіткі: ад 24 да 33 рублёў на сайце і ў касах Kvitki.by. Пачатак у 19:00. Даведка: (033) 661 14 32.