Аляксандр Лукашэнка патрабуе выразнага захавання калегіяльнасці ў прыняцці рашэнняў урадам. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння ў час даклада першага намесніка прэм'ер-міністра Аляксандра Турчына, піша БелТА.
«Калі мы абнаўлялі склад урада, мы дамаўляліся, што ў найбліжэйшы час вы разбярэцеся з функцыянальнымі абавязкамі апарата ўрада і структурай, — адзначыў ён — Я прасіў вас заняцца гэтым пытаннем — вы кіравалі апаратам урада. Каму, як не вам, зараз, улічваючы магчымыя недапрацоўкі, недахопы ў арганізацыі работы ўрада ў мінулым, выправіць сітуацыю. Хацелася б пачуць ад вас бачанне некаторых пытанняў».
Лукашэнка нагадаў, што ўрад з'яўляецца калегіяльным органам, рашэнні там прымаюцца калектыўна, і гэта павінна свята выконвацца. «Гэтаму я надаю вялікую ўвагу — стылю працы ўрада», — падкрэсліў ён.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яму паступаюць некаторыя сігналы, што ўрад бачыць сваю працу так: ён будзе займацца стратэгіяй, а не паўсядзённымі справамі. «Урад будзе займацца не толькі выпрацоўкай стратэгіі. Гэта, дарэчы, не ваша прэрагатыва, стратэгія ў нас выпрацавана, яна вызначаецца прэзідэнтам, уносіцца на галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах і зацвярджаецца Усебеларускім народным сходам, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Ці магчымыя дзесьці карэкціроўкі, ўраду ніхто не забараняе ўносіць змены па карэкціроўцы. Але рашэнне прымае прэзідэнт».