Сёння на пасяджэнні Рады па развіцці прадпрымальніцтва абмяркоўвалі карэкціроўку Падатковага кодэкса і маёмасныя адносіны. Кіраўнік рады, першы віцэ-прэм'ер Аляксандр Турчын жорстка раскрытыкаваў сістэму камандзіровачных ў краіне, піша Tut.by. Паводле яго слоў, сістэма павінна спрасціцца.

Аляксандр Турчын. Фота: ced.by.

Аляксандр Турчын. Фота: ced.by.

— Я са здзіўленнем даведаўся, што ў камандзіроўках у нас засталося ўсё як было, — заявіў Турчын. — Ёсць пазіцыя ўрада, ёсць даручэнне Міністэрству фінансаў,- - усе гэтыя рэчы кардынальна спрасціць. Канцэпт пакуль такі: ёсць пэўная сума, пры якой не будуць патрабаваць пацвярджальныя дакументы, і яе смела можна адносіць на выдаткі. Нядаўна быў у камандзіроўцы ў Маскве. Як звычайна дастаў стары пасадачны талон, парваў на дзве часткі і хацеў выкінуць у сметніцу. Добра, што памочнік паспеў яго перахапіць: «Як жа вам аплацяць білет на самалёт?» Паслухайце, але ж аплата прайшла па безнаяўным, ёсць штамп у пашпарце і гэтак далей. Тыя ж сутачныя. Сняданак — мінус 30% ад камандзіровачных, абед — мінус 70%. Нейкія дзіўныя падыходы невядома для якіх мэт прадугледжаныя.

А колькі распачынаецца крымінальных спраў з гэтай нагоды. Напрыклад, кіроўцу далі камандзіровачныя, ён паехаў, пераначаваў у кабіне машыны, а ў гасцініцы ўзяў цэтлік, што там пераначаваў. Правялі па бухгалтэрыі. Затым прыходзяць праваахоўныя органы, распачынаецца крымінальная справа, маўляў, махлярства. Навошта гэта робіцца? Аддайце вы яму гэтыя 100 даляраў, хай дзе хоча, там і спіць. У машыне, у гасцініцы, яшчэ недзе. Колькі наступстваў нясуць гэтыя дзіўныя нормы, проста дзівішся.

Першы віцэ-прэм'ер паабяцаў прыкласці максімум намаганняў, каб у пытанні камандзіровачных «усё было проста і зразумела».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0