Ці з'яўляюцца Горкі камфортнымі для тых, каму колы замянілі ногі, horki.info пагаварылі з Галінай Цішковай. У жанчыны — інваліднасць першай групы.

Акуратны пандус канчаецца абрывам

Галіна разам з мужам Віктарам жыве ў раёне чыгуначнага вакзала, за пераездам. Кожны паход у паліклініку, краму ці нават у цэнтр сацыяльнага абслугоўвання ператвараецца для гэтай пары ў квэст з пераадоленнем перашкод.

Віктар Мікалаевіч усюды суправаджае жонку — пра тое, каб яна магла самастойна пабываць нават у найбліжэйшай краме гаворкі няма. Маладая жанчына не ў сілах прыпадняць сваю каляску на тратуар.

— Калі б у мяне не было мужа, я б сядзела дома. У нашым раёне, ды і па ўсім горадзе, вуліцы не прыстасаваныя, каб калясачнікі, якіх у нас шмат, самастойна перасоўваліся. Амаль усюды ёсць бардзюры, і калі яны высокія, каляска можа перакуліцца, — тлумачыць Галіна Мікалаеўна.

Некалькі гадоў таму сям'я змагла дамагчыся, каб камунальныя службы Горак праклалі дарожку ад пад'езда іх дома да хлява. Цяпер у сухое надвор'е Галіна можа хаця б туды дабрацца самастойна.

Па словах жанчыны, дзе-нідзе ў горадзе пандусы і з'езды абсталяваны часткова. Па алеі, якая вядзе да хлебазавода, на першы погляд усё зроблена, як мае быць. Але паспрабуйце праехаць там у інваліднай калясцы ці хаця б на ровары. Акуратны, пад правільным вуглом устаноўлены пандус нечакана канчаецца сапраўдным абрывам. З ровара можна саскочыць, а з інваліднай каляскі?

Не дапамагаюць і нават лаюцца

Ёсць складанасці і з грамадскім транспартам.

— Я бываю ў іншых гарадах. У Магілёве і Мінску кіроўцы заўсёды пытаюцца, ці трэба дапамагчы, нават калі ў чалавека з абмежаванымі магчымасцямі здароўя ёсць суправаджальнік. У нас жа наадварот, кіроўцы часам пачынаюць абурацца, калі бачаць, што калясачнік збіраецца ўвайсці ў салон, нават лаюцца. Ёсць праблемы і з высадкай. На некаторых прыпынках вугал пад'езда да тратуара абсталяваны так, што аўтобус не можа прыпаркавацца блізка. У гэтым выпадку каляску разам са мной даводзіцца выносіць на руках, — кажа суразмоўца.

— Чаму для нас столькі перашкод? Бо мы цалкам нармальныя людзі, такія ж, як і астатнія. І таксама актыўна хочам жыць. Напрыклад, гады два таму я чатыры месяцы вучылася на курсах у сталіцы. І яшчэ б паехала, калі б выпала такая магчымасць, — дзеліцца перажываннямі Галіна Цішкова.

У прыватныя маршруткі доступ такім, як яна, закрыты, нават калі ёсць суправаджальнік — каляска не можа нармальна размясціцца ў салоне, не хапае месца. Паслугамі таксі яны карыстаюцца рэдка, толькі калі вельмі тэрмінова. Для сямейнага бюджэту дорага, ды і не ўсе перавозчыкі бяруць такога пасажыра.

— Па горадзе ўсяго адзін-два таксісты, якія згаджаюцца нас вазіць. Часам бывае, што і зніжку робяць за праезд. Калі для звычайнага чалавека паездка па горадзе каштуе пяць рублёў, то для вазочніка — тры. Дзякуй ім за гэта, — кажа Віктар Мікалаевіч.

Муж і жонка хочуць, каб усе дамы і пад'езды, дзе ў Горках пражываюць людзі з парушэннямі апорна-рухальнага апарата, былі абсталяваны зручнымі пандусамі і пад'ёмнікамі. Уваходы ў будынкі адміністрацыйнага і культурнага прызначэння, а таксама крамы былі б уладкаваны так, каб калясачнік мог патрапіць унутр без старонняй дапамогі. Усе спускі-ўздымы на вуліцах былі б плаўнымі.

Няма ўмоў і каляска цяжкая

Паводле Аляксандра Буйдзянкова, загадчыка аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, у Горацкім раёне — 168 чалавек, якія выкарыстоўваюць інвалідную каляску. З іх толькі адзінкі самастойна выязджаюць на вуліцу. У асноўным іх інтарэсы прадстаўляюць сваякі, яны ж прыязджаюць у цэнтр сацабароны, каб атрымаць «транспарт».

— Сустрэць на вуліцы чалавека ў інвалідным крэсле і без суправаджэння амаль нерэальна. У гэтай акалічнасці дзве асноўныя прычыны — адсутнасць безбар'ернага асяроддзя і цяжкія, нязручныя ў выкарыстанні каляскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?