Да 78-й гадавіны з дня нараджэньня Ўладзіміра Караткевіча — яго добры і трохі падзабыты верш.

Туман плыве з нізіны сівы
Над нівай голай і пустой.
«Глядзіце, заяц варыць піва», —
Жартуюць людзі між сабой.
А я відушчым бачу зрокам,
Як ён прысеў каля агню,
Трыгубы, шэры, касавокі,
І піва варыць з ячмяню.
Яліна іскрамі страляе,
А ён прыладзіў кацялок
І трэскай варыва мяшае,
Каштуе, сплёўвае набок.
І піва заяц варыць густа,
А на закуску — бурачок,
Трава, заечая капуста,
Галін асінавых пучок.
З зайчыхай вып’юць па маленькай
І дзеткам трошкі паднясуць,
Пужлівым галаском таненькім
«Цвіцела морква» завядуць.
Пабачыш — не гані з абсады,
Дай хоць на гэты дзень спакой,
Павінна ж быць і ў зайца радасць
Перад халоднаю зімой.

* * *

Чытайце штодзённа ў рубрыцы «Літаратура» на сайце НН творы і мініятуры. Для сэрца, для розуму, для мовы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0