Ці была інфляцыя ў ВКЛ? Ці існавалі сярэднявечныя абменьнікі? На гэтыя пытаньні адказвае Аляксандар Крываручка, адзін з аўтараў кнігі «Калекцыйная спадчына Вялікага Княства».

«НН»: Ці былі ў ВКЛ абменьнікі?

АК: У Эўропе сярэдніх вякоў ня было такога, што, калі падарожнік едзе ў іншую краіну, дык яму трэба запасьціся валютай. Усе эўрапейскія манэты, і ў тым ліку вэкээлаўскія, былі срэбраныя са стандартнай вагай, і таму нашым паўгрошам можна было разьлічвацца, скажам, у Італіі. Хаця ў вялікіх гарадах Вялікага Княства льга было без праблемаў памяняць грошы іншай краіны. Гэтая справа была аддадзеная на водкуп габрэям, і яны мянялі грошы, беручы сабе 3-4 працэнты.

Мала таго, нашыя манэты былі папулярныя ў Эўропе. Гэта адбывалася па некалькіх прычынах: эстэтычна манэты ВКЛ былі прыгожыя, а па-другое — мелі высокую пробу срэбра. Пра папулярнасьць нашых грошай сьведчыць, што ў той жа Эўропе іх падрабляліся вельмі актыўна. А чатырохграшовік Жыгімонта Аўгуста нават меў у Нямеччыне сваю мянушку, якую зь нямецкай можна перакласьці, як «барадач».

«НН»: Ці была ў ВКЛ інфляцыя?

АК: Так.

Сярэдзіна XVII стагодзьдзя, час вайны з Расеяй, быў парой самай жахлівай інфляцыі за ўсю гісторыю ВКЛ. Эталён — талер — стаў каштаваць не 600 солідаў, а 1500.
Зьяўляюцца манэты наміналам 30 грошай, якія адпавядалі колішнім 12 грошам. «Цану мэталу не параўнаеш з Дабром для Айчыны», — было напісана на іх. Гэтак тагачасныя ўлады намагаліся падсаладзіць суайчыньнікам горыч інфляцыі. Інфляцыя прывяла да паніжэньня якасьці саміх манэтаў.
Тады грошы пачалі чаканіць і жук і жаба, ледзьве не ў кожнай вёсцы... Здаецца, іх рабіў кожны, хто мог расплавіць медзь і меў агульныя ўяўленьне пра выгляд кароля і «Пагоні».
Але ж білі таксама тыя, хто ня вельмі каб тое ўяўляў: на тагачасных манэтах такія маляўнічыя партрэты Яна Казіміра і такія вершнікі мудрагелістыя, што дагэтуль гісторыкі за галаву хапаюцца. На мове археолягаў манэты сярэдзіны XVII стагодзьдзя называюць «царыцай палёў», бо няма такога поля ў сучаснай Беларусі, дзе б не знайшлося некалькі асобнікаў.

Відэа Яраслава Сьцешыка

«НН»: Як вядома, на беларускіх сярэднявечных манэтах часьцяком зьвесткі пра год выданьня пададзеныя няслушна або не пададзеныя ўвогуле. Як жа нумізматы высьвятляюць дакладны год выпуску манэты?

АК: Па форме «Пагоні» напрыклад, паводле паставы вершніка. Ці па форме кароны ў арла, па колькасьці пёраў. Розныя спосабы. Нумізматы залазяць у такія гушчары, што аж жах! Але часам даходзіць да сьмешнага. Аднойчы, абгледзеўшы адну з манэт XVI стагодзьдзя, я прыйшоў да жартаўлівай высновы, што вершнік не на кані, а на кабыле. І зноў жа жартам паведаміў пра тое «адкрыцьцё» нумізматычнай грамадзе. Тлумачыў я гэта проста — у тыя часы ў ВКЛ сапраўды былі розныя лобі: адны хацелі, каб у войску былі кабылы, а іншыя — каб коні, і гэтае супрацьстаяньне, так тлумачыў я, адбілася на тагачасных манэтах. Я хацеў адно пажартаваць, зусім не жадаючы, каб аматары старасьвеччыны з лупамі палезьлі і пачалі старанна аглядаць абрыс «Пагоні»... Але гэта ўсё ж адбылося! Я пачаў атрымліваць шматлікія тэлефанаваньні кшталту: «Так, Аляксандар, вы маеце рацыю! Вось і на манэтах 1652 годы мы паглядзелі — таксама кабыла, а ня конь».

«НН»: Колькі старажытных манэтаў трапляе на цяперашні рынак ад чорных капачоў?

АК: Пэўна, адсоткаў 100. Рэч у тым, што калі шукае дзяржава, археалягічныя экспэдыцыі і г.д., зразумелая рэч — знаходкі ў продаж не паступаюць. Дапусьціць, што ў нейкай бабулі дагэтуль захоўваюцца скарб сярэднявечных манэт, таксама не выпадае.

Усе хатнія скарбы збольшага знойдзеныя. Таму бальшыня новых-старых манэтаў, што трапляюць на рынак — гэта плён працы чорных капальнікаў.

«НН»: Дык такім чынам усіх нумізматаў можна прыраўнаць да купляніньнікаў скрадзенага?

АК: У нашай краіне гэтае пытаньне юрыдычна неадрэгуляванае. Хаця існуе клюб нумізматаў, сябрам якога дазваляецца на год некалькі продажаў дублікатаў са свайго збору. І ці зьяўляецца гэта дублікатам, часта таксама невядома. Але як вядома, сам у няволі, калі даў душы волі. Зьбіраць хочацца і таму калекцыянэры часта не пытаюцца ў прадаўцоў, ці гэтая манэта атрыманая законным шляхам ці праз чорнага капальніка. Ды й як на мяне, нічога страшнага ў гэтых зьбіраньнях няма – даволі бяскрыўдная такая ўлюбёнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?