Па выніках апрацоўкі амаль 100% бюлетэняў на прэзідэнцкіх выбарах у Грузіі ніхто з кандыдатаў не набірае неабходнай колькасці галасоў для перамогі ў першым туры.
Саломе Зурабішвілі, Wikimedia Commons
Па выніках апрацоўкі 98,25% дадзеных з участкаў кандыдат ад кіроўнай партыі «Грузінская мара — Дэмакратычная Грузія» Саломэ Зурабішвілі набрала 38,6% галасоў, гэта значыць менш за 50%, неабходных для перамогі ў першым туры. Апазіцыйны кандыдат Грыгол Вашадзэ набірае 37,75%.
Абодва выходзяць у другі тур.
Усяго за пасаду прэзідэнта змагаліся 25 кандыдатаў.
Раней былі абнародаваны дадзеныя экзіт-полаў, праведзеных кансультацыйным цэнтрам «Псіхапраект» па замове «Грузінскай мары». Апытанне аддавала перамогу кандыдату Зурабішвілі у першым туры з 52%, хоць экзіт-полы па замове іншых кандыдатаў паказвалі на тое, што будзе другі тур.
Гэта апошнія ўсенародныя прэзідэнцкія выбары, пасля прэзідэнта будзе абіраць калегія выбарцаў, а паўнамоцтвы прэзідэнта будуць моцна абмежаваныя.