Сямейны падрад «Вагнэра»

Скан пашпарту Эдварда Давыдава.

Скан пашпарту Эдварда Давыдава.

У папярэднім матэрыяле belsat.eu, дзе ўпершыню былі названыя ўсе 11 прозвішчаў з беларускага спісу «Вагнэра», мы адзначалі: 42-гадовы Уладзімір Курыненка — адзіны, пра каго не атрымалася нічога высветліць. Сітуацыя змянілася, калі валанцёрская суполка «Ихтамнет_М0209» знайшла акаўнты Курыненкі ў сацсетках.

Уладзімір Курыненка. Фота з сацыяльных сетак

Уладзімір Курыненка. Фота з сацыяльных сетак

Паводле Службы бяспекі Украіны, Курыненка — камандзір 1-га ўзвода 3-й разведвальна-штурмавой роты. Фотаздымкаў з вайны на старонцы Курыненкі няма. Затое ён падпісаны на шматлікія тэматычныя паблікі пра вайну ў Сірыі і на Данбасе. У ягоных сябрах «Вконтакте» — трое «вагнэраўцаў» з Расеі, чые дадзеныя раней таксама апублікавала СБУ. Сярод іх — Андрэй Лебедзеў з Яраслаўскай вобласці. Паводле ўкраінскіх спецслужбаў, Лебедзеў 14 чэрвеня 2014 года збіў пад Луганскам самалёт ІЛ-76 з украінскімі дэсантнікамі на борце. Тады загінулі 49 чалавек.

Скрыншот з дакладу СБУ

Скрыншот з дакладу СБУ

Дачка Курыненкі Яніна вучыцца ў Менску. Пасля спробы звязацца з дзяўчынай «Вконтакте» карэспандэнт belsat.eu адразу трапіў у «чорны спіс». Цётка баевіка Раіса, якая жыве ў Маскве, заявіла нам, што чытала ў інтэрнэце пра службу сваяка ў «ПВК Вагнэра», але «не ведае, чаму верыць». «Цяпер ён не выходзіць на сувязь», — дадала яна.

Родам Уладзімір Курыненка з Іванава на Берасцейшчыне. У тэлефонным даведніку за 2017 год у Іванава прозвішча Курыненка фігуруе толькі па двух адрасах. Адзін з іх (на вуліцы Савецкай) супадае з адрасам, дзе прапісаны яшчэ адзін «вагнэравец» — Эдвард Давыдаў.

Эдвард Давыдаў. Фота з сацыяльных сетак

Эдвард Давыдаў. Фота з сацыяльных сетак

Як высветлілася, Уладзімір Курыненка — родны дзядзька Давыдава.

«Хутчэй паверыў бы, што ён за маджахедаў ваяваў»

Станцыя Янаў-Палескі, Іванава

Станцыя Янаў-Палескі, Іванава

«Я ў шоку! Курыненка ваяваў у Сірыі? За расейцаў? Хутчэй паверыў бы, што ён за маджахедаў ваяваў, — смяецца знаёмы Уладзіміра, якога мы сустракаем у двары ягонага дому ў Іванава. — Наколькі я ведаю, у яго тут былі праблемы з законам, таму ён яшчэ гадоў сем таму з’ехаў працаваць у Расею, на Поўнач. Калі нешта звязанае з крыміналам, з тым, каб напаскудзіць, жульнічаць, — гэта на яго падобна. А вось каб ваяваць за Расею — я моцна сумняюся».

Чым наогул займаецца Курыненка — суседзі не ведаюць. Верагодна, ні прафесіі, ні сталай працы ён ніколі не меў. У Іванава апошнім часам яго бачаць рэдка, але дадому ён усё ж прыязджае.

Уладзімір Курыненка. Фота з сацыяльных сетак

Уладзімір Курыненка. Фота з сацыяльных сетак

«Дзесьці ў верасні да яго прыходзіла міліцыя. Не ведаю, з якой прычыны. Але не арыштоўвалі. Ужо потым, тыдні 2—3 таму, я яго зноў тут бачыў», — распавядае сусед.

Пра тое, што Курыненка ваяваў у Сірыі, суседзі ўпершыню пачулі ад карэспандэнта belsat.eu. Але пра Эдварда Давыдава такія размовы ходзяць — ягоныя дадзеныя некаторыя знаёмыя бачылі ў інтэрнеце, у ліпеньскай заяве СБУ.

Давыдаў (справа) у беларускім войску. Фота з сацыяльных сетак

Давыдаў (справа) у беларускім войску. Фота з сацыяльных сетак

«Эдзік пасля прыехаў і сказаў нам, што гэта ўсё няпраўда. Маўляў, гэта ягоная дзяўчына проста пажартавала. Мы ведаем, што пасля школы ён служыў у беларускай арміі, вярнуўся сяржантам. Потым у вучэльні атрымаў спецыяльнасць зваршчыка, працаваў на газаправодзе. А некалькі гадоў таму паехаў на заробкі ў Расею, у Краснадарскі край (менавіта пад Краснадарам, у Молькіна, знаходзіцца база ПВК Вагнэра — заўвага belsat.eu»)», — распавядае суседка Давыдава.

Паводле крыніцаў belsat.eu, Давыдаў далучыўся да ПВК Вагнэра ў красавіку 2015 года пад пазыўным «Гусар».

«Хіба ваяваць у Сірыі забаронена? — здзіўляецца яшчэ адна суседка. — Хадзілі чуткі, што пасля таго, як пра Давыдава напісалі ў інтэрнэце, пракуратура распачала праверку. Але дакладна скажу: суседзяў ніхто з праваахоўнікаў не апытваў. Не ведаю, ці праўда тое, што пра яго кажуць. Звычайна едуць ваяваць за грошы туды, каб кватэру, напрыклад, набыць. А ў яго кватэра ёсць, ён рамонт нядаўна зрабіў».

«Нічога кепскага пра Эдзіка сказаць не можам, — распавядаюць жыхары дому на вуліцы Савецкай. — Ветлівы, ціхі, заўсёды вітаецца. Ён насамрэч няшчасны хлопец, фактычна сірата, усе сваякі памерлі. Адзіны родны чалавек у яго — Уладзімір (Курыненка)».

Пад’езд дому, дзе жывуць Давыдаў і Курыненка

Пад’езд дому, дзе жывуць Давыдаў і Курыненка

Усе суседзі пацвярджаюць: Эдвард Давыдаў пераважна знаходзіцца за мяжой, але ў Беларусь прыязджае рэгулярна. Апошні раз яго бачылі на мінулым тыдні.

Пры гэтым ад праваахоўнікаў Давыдаў не хаваецца. У лютым 2016 года ён атрымаў у Іванава новы пашпарт (то бок у статусе баевіка ПВК Вагнэра).

Карэспандэнту belsat.eu у кватэры Давыдава-Курыненкі ніхто не адчыніў.

Дзверы кватэры Давыдава

Дзверы кватэры Давыдава

Маці ў міліцыі — сын на Данбасе і ў Сірыі

Новы беларускі пашпарт у кастрычніку 2016 года выдалі і Аляксандру Ступніцкаму, які на той момант ужо паспеў паваяваць на Данбасе і ў Сірыі, атрымаць баявое раненне і дзяржаўную ўзнагароду РФ.

Крыніца перадала belsat.eu копію ягонага пашпарту, дзе пазначана дата выдачы — 27 кастрычніка 2016 года.

Скрыншот пашпарту Аляксандра Ступніцкага

Паводле крыніцы, якая пажадала захаваць ананімнасць, 2 сакавіка 2016-га Ступніцкі атрымаў раненне ў Сірыі, у раёне Пальміры. Пазней разам з баевікамі ПВК Вагнэра — грамадзянамі Расеі беларус атрымаў «Ордэн мужнасці» з фармулёўкай «за ўдзел у аператыўна-разведвальных і адмысловых мерапрыемствах у раёне Пальміры».

Пра жыццё 29-гадовага аршанца Ступніцкага да вайны на Данбасе вядома няшмат. У адкрытых крыніцах няма звестак пра ягонае месца вучобы і працы, невядома, дзе ён праходзіў тэрміновую службу.

Аляксандр Ступніцкі з жонкаю, фота — VK.com

Аляксандр Ступніцкі з жонкаю, фота — VK.com

Ягоная маці Марыя, паводле словаў сваякоў, працуе ў мясцовым аддзеле Дэпартаменту аховы Міністэрства ўнутраных справаў. Суседзі сцвярджаюць, што і Аляксандр «працаваў у ахове». Нельга выключаць, што гаворка вядзецца менавіта пра гэтае падраздзяленне МУС. Мы патэлефанавалі ў аддзел, дзе адразу два чалавекі пацвердзілі нам, што Марыя Ступніцкая сапраўды там працуе — «дзяжурнай на пульце».

На трэніравальную базу «Вагнэра» ў Краснадарскім краі Ступніцкі, імаверна, патрапіў у 2014 годзе, адтуль накіраваўся ў сваю першую «камандзіроўку» на Данбас. У Данецку ён сустрэў будучую жонку Анастасію. З акаўнту дзяўчыны ў сацыяльных сетках вынікае, што неўзабаве пасля вяселля пара перабралася ў Воршу, у іх нарадзілася дзіця. Пры гэтым перыядычна Анастасія бывала ў Менску. Пасля нашых спробаў звязацца праз сацсеткі, яна закрыла або выдаліла ўсе акаўнты.

Скрыншот са старонкі Анастасіі Ступніцкай

Скрыншот са старонкі Анастасіі Ступніцкай

Блізкі сябар сям’і, які прасіў не згадваць ягонае імя, распавёў:

«Вярнуліся яны даўно, недзе гады тры прайшло. Наста дзіця нараджала тут у 2015-м годзе, у мясцовай радзільні, дакументы ёй зрабілі».

Пад’езд дому ў Воршы, дзе да нядаўняга часу жыў Аляксандр Ступніцкі з жонкаю

Пад’езд дому ў Воршы, дзе да нядаўняга часу жыў Аляксандр Ступніцкі з жонкаю

На сайце «Міратворац» апублікаваныя некаторыя адрасы баевікоў ПВК, ёсць сярод іх і адрас прапіскі Ступніцкага ў Воршы. Журналісты belsat.eu накіраваліся на 1-ю Маладзёжную вуліцу ў мікрараёне Кірпічны. Па дамафоне ў самой кватэры ніхто не адказаў, але нам удалося пагаварыць з суседкай, якая распавяла, што Ступніцкія жылі тут да ліпеня.

«А потым з’ехалі ў адпачынак у Крым, падаецца. І вось ужо некалькі месяцаў іх няма».

Тое ж самае пацвярджае яшчэ адна суседка па лесвічнай клетцы. Паводле яе, Ступніцкіх можна было часта пабачыць у двары з дзіцём, а «летам яны раптам кудысьці зніклі».

Напрыканцы ліпеня СБУ апублікавала справаздачу, дзе сярод іншага былі названыя імёны беларусаў з ПВК Вагнэра. У гэты ж час Ступніцкія пакідаюць Беларусь пасля амаль трох гадоў жыцця ў Воршы. Анастасія посціць фота з геалакацыяй у Крыме, пазней з’яўляюцца яе фота з Данецку. Аляксандра на новых здымках няма.

Мы звязаліся з цёткай Ступніцкага Дар’яй, якая пацвердзіла, што ён жыў у Беларусі і цяпер з’ехаў.

«Дзеці паехалі пагуляць па Расеі, пакуль маладыя. Канешне, яны збіраюцца вяртацца ў Воршу, калі — цяжка сказаць».

Гаварыць пра ўдзел сваяка ў вайне на Данбасе жанчына гаварыць катэгарычна адмаўляецца і пачынае хвалявацца, кідае слухаўку. Марыя Ступніцкая не адказала на нашае тэлефанаванне.

«Легіянер» мяняе прапіску

Руслан Бабінін. Фота з сацыяльных сетак

Руслан Бабінін. Фота з сацыяльных сетак

Руслан Бабінін у 2003 годзе фігураваў у сюжэце каналу «Россия 1» як баец Французскага замежнага легіёну. Дакладна вядома, што пасля чалавек з такім імем адкрыў у Парыжы прыватную кампанію па пракаце турыстычных аўтобусаў і рэтра-аўтамабіляў. Кампанія праіснавала некалькі год, у 2015 яна была ліквідаваная. Імаверна, прыкладна ў гэты час Бабінін патрапіў да «Вагнэра».

Акаўнты Бабініна ў сацыяльных сетках неактыўныя, але ў яго ёсць шмат сяброў-выпускнікоў Курганскага памежнага інстытуту ФСБ РФ. Мы напісалі аднаму з іх, але чалавек імгненна заблакаваў старонку і забаніў журналіста.

Руслан Бабінін. Фота з сацыяльных сетак

Руслан Бабінін. Фота з сацыяльных сетак

Паводле інфармацыі belsat.eu, у верасні 2015 года Руслан Бабінін змяніў адрас прапіскі. Мы накіраваліся па новым адрасе ў Менску, але Бабініна там не было. Па дамафоне адказала ягоная маці.

«Руслан не жыве ў Беларусі 23 гады, але прапісаны тут, так. А да таго меў прапіску ў Магілёве… Нічога больш не скажу, не лезьце ў чужую сям’ю!» — нервова адрэагавала яна.

Бабініны сапраўды доўга жылі ў Магілёве, куды пераехалі з Казахстану. У 70-я гады Руслан хадзіў у магілёўскую школу №29. Калі сям’я змяніла месца жыхарства на Менск — дакладна невядома.

Натуральна, каб паставіць штамп у пашпарце з новым адрасам рэгістрацыі, Бабініну неабходна было прыехаць у Беларусь, што ён і зрабіў восенню 2015-га.

Раней belsat.eu распавядаў, што, ужо маючы за плячыма службу ў ПВК Вагнэра, Беларусь таксама наведвалі Вадзім Юшкевіч, Сяргей Сазанаў, Канстанцін Гірс і Андрэй Бакуновіч.

  • 26 ліпеня Служба бяспекі Украіны апублікавала даклад, прысвечаны ПВК Вагнэра. Сярод іншага, СБУ заявіла, што ў «Вагнэра» служылі 11 грамадзянаў Беларусі. Двое з іх загінулі яшчэ ў 2014—2015 гг. на Данбасе. З 9 жывых «вагнэраўцаў» на сувязь з журналістамі выходзіў толькі Гірс, але ён зняпраўджваў заяву СБУ. Праваахоўныя органы Беларусі інфармацыю наконт службы беларусаў у ПВК «Вагнэра» не каментавалі.
  • Акрамя 11 асобаў, пералічаных СБУ, ёсць звесткі, што ў шэрагах ПВК Вагнэра ваяваў мінімум яшчэ адзін беларус — 42-гадовы гамяльчук Аляксей Ярашэвіч. Ён загінуў у Сірыі ў верасні 2017 года.
  • ПВК Вагнэра, паводле медыяў, неафіцыйна падначаленае Генштабу РФ. Спецслужбы Украіны сцвярджаюць, што вагнэраўцы датычныя да знішчэння ўкраінскага самалёта Іл-76 на Данбасе, удзельнічалі ў штурме Луганскага аэрапорту і баях за Дэбальцава. У Сірыі вагнэраўцы адзначыліся пры штурме Пальміры ў сакавіку 2016 году і шэрагу іншых аперацый. Паводле СМІ, мінімальная стаўка для шарагоўца ў ПВК Вагнэра — каля 250 тыс. расейскіх рублёў (больш за 4.300 USD), але з рознымі бонусамі гэтая лічба можа дасягаць 450 тыс. (больш за 7.800 USD). Асобна прадугледжаны выплаты параненым і сваякам забітых.
  • Падраздзяленне атрымала назву праз пазыўны яе камандзіра — былога падпалкоўніка 2-й асобнай брыгады спецназу ГРУ Дзмітрыя Уткіна.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?