Першы намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі.
Міністэрства інфармацыі накіравала адказ на запыт ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» аб парадку акрэдытацыі медыя пры міністэрстве. Журналісцкая арганізацыя збіраецца абскарджваць дакумент, паведамляе прэс-служба арганізацыі.
БАЖ цікавілася, ці распрацаваны пры Мінінфарме парадак акрэдытацыі прадстаўнікоў медыя. Магчымасць акрэдытацыі прадугледжана арт. 35 Закона «Аб СМІ».
У адказ на запыт ГА «БАЖ» першы намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі апроч іншага паведамляе:
«У пасярэдніцтве розных грамадскіх арганізацый, якімі б паважанымі яны ні былі, пры выбудоўванні ўзаемадзеяння Міністэрства інфармацыі з прадстаўнікамі як дзяржаўных, так і недзяржаўных СМІ ні той, ні іншы бок не маюць патрэбы, пра што могуць паведаміць вам у тым ліку і самі сябры ГА «БАЖ». Жадаем поспехаў на ніве грамадскай дзейнасці, калі такія прынясуць карысць краіне».
ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» абурана такім адказам.
Старшыня арганізацыі Андрэй Бастунец падкрэслівае: журналісты менавіта таму і ўступаюць у БАЖ, каб арганізацыя прадстаўляла і лабіравала іх інтарэсы.
— Гэта ўнікальны адказ з пункту гледзішча разумення чыноўнікам свайго месца і сваёй працы. Па-першае, у адказе няма інфармацыі па сутнасці — ці існуе ў Мінінфарме распрацаваны парадак акрэдытацыі журналістаў.
Па-другое, грамадскія арганізацыі для гэтага і ствараюцца, каб прадстаўляць інтарэсы сваіх сябраў. Менавіта для гэтага ў нашу міжнародна прызнаную арганізацыю і ўваходзяць больш за 1200 калег.
І ўжо дакладна Мінінфарм не можа адказваць за сябраў БАЖ.
А наогул, у Міжведамасным плане па рэалізацыі рэкамендацый па правах чалавека гаворыцца пра неабходнасць пашырэння ўдзелу грамадскасці ў кіраванні грамадствам і дзяржавай. І Міністэрства інфармацыі — адзін з органаў, якія адказныя за рэалізацыю гэтага плана, — каментуе Андрэй Бастунец.
У верасні БАЖ распачаў даследаванне правілаў акрэдытацыі журналістаў у дзяржаўных ведамствах і мясцовых органах улады.
Арганізацыя накіравала афіцыйныя запыты адносна парадку акрэдытацыі журналістаў ва ўсе міністэрствы, дзяржаўныя камітэты, буйнейшыя ведамствы, мясцовыя органы ўлады і саветы дэпутатаў абласнога ўзроўню. Мэта даследавання: даведацца, ці распрацаванае ў дзяржаўных органах адпаведнае заканадаўству палажэнне аб акрэдытацыі журналістаў, а калі яго няма, прапанаваць узор такога дакумента для прыняцця.