Мужчынская зборная Беларусі па гандболе правяла першы адборачны матч да чэмпіянату Эўропы‑2010. Варта адзначыць, што ўпершыню ў гісторыі гандбольны адбор праходзіць на ўзор футбольнага, з паўнавартаснымі групавымі турнірамі, зь якіх на спаборніцтва выходзіць дзьве каманды.

Лёсаваньне вызначыла нашым хлапцам у супернікі зборныя Нямеччыны, Славеніі, Ізраілю і Баўгарыі. Усе супернікі ў кастрычніку правялі па два матчы. Наша каманда была вызвалена ад першага гульнявога тыдню.

Берасьцейскі матч зь Ізраілем стаў знакавым для беларускага гандболу яшчэ таму, бо каманду на пляцоўку вывеў новы трэнэр Георгі Сьвірыдзенка. Усё ж дзеля справядлівасьці скажам, што перамагаць Ізраіль нашы былі абавязаныя. Так урэшце і адбылося фінальны сьвісток зафіксаваў вынік — 38:31 на карысьць нашых хлопцаў. Самым выніковым у складзе пераможцаў стаў Сяргей Гарбок на рахунку якога 12 галоў, у Андрэя Курчава — 11.

У суботу каманды абмяняюцца пляцоўкамі. Не памылімся, калі скажам, што ў Рышон‑Ле‑Цыёне будзе нашмат цяжэй.

У сераду ў другім матчы групы славенцы перамаглі баўгараў зь лікам 40:23.

Цяпер у турнірнай табліцы становішча наступнае: Нямеччына — 4 пункты (пасьля 2 гульняў), Славенія — 4 (3), Беларусь — 2 (1), Ізраіль — 2 (3), Баўгарыя — 0 (3).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?