Wikipedia Commons

Wikipedia Commons

У Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, якая пройдзе ў Мінску 31 кастрычніка — 1 лістапада, возьме ўдзел пяты прэзідэнт часткова прызнанай Рэспублікі Косава Хашым Тачы, піша Tut.by.

У спісах удзельнікаў канферэнцыі, прадастаўленых журналістам МЗС Беларусі, Тачы пазначаны як «палітычны дзеяч Косава». На канферэнцыі ў Мінску плануецца абмеркаваць бягучыя перспектывы Мінскага працэсу па спыненні канфлікту на ўсходзе Украіны, будучыня адносін паміж Усходам і Захадам і заканчэнне тэрміну дзеяння пагадненняў аб кантролі над звычайнымі і ядзернымі ўзбраеннямі ў еўраатлантычным рэгіёне. Акрамя таго, будуць абмяркоўвацца рэгіянальныя канфлікты і ўстойлівасць эканомікі Усходняй Еўропы.

У сваім твітары Тачы напісаў, што з нецярпеннем чакае свайго першага візіту ў Беларусь і падзякаваў старшыні Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы Вольфгангу Ішынгеру за запрашэнне ў Мінск.

«Працэсы міру і прымірэння ў Еўропе могуць умацоўваць адзін аднаго і спрыяць міру на нашым кантыненце. Усё ў Косава прызначана для прасоўвання наперад на нашым еўрапейскім шляху», — напісаў Хашым Тачы.

17 лютага 2008 года парламент Косава абвясціў аб незалежнасці Косава ў аднабаковым парадку. Незалежнасць рэспублікі ад Сербіі прызналі не ўсе: на сёння яна прызнаная незалежнай толькі 108 краінамі-чальцамі ААН. Беларусь таксама не прызнала незалежнасць Косава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0