Ад 7 да 11 чэрвеня ў Глыбокім, Удзеле і Мосары адбудзецца ІІ Міжнародны каталіцкі фэстываль хрысьціянскіх фільмаў і тэлепраграмаў. Заснавальнікі фэсту – курыя Віцебскай дыяцэзіі, рэдакцыя культурна-рэлігійнага часопісу «Дыялог», незалежная студыя «Стопкадр» і каталіцкая асацыяцыя камунікацый «Signis-Belarus». Творы, прадстаўленыя ў конкурсе, накіраваны на эвангелізацыю грамадзтва й падтрымку агульначалавечых каштоўнасьцяў.

У кінафэсьце сёлета ўдзельнічаюць болей за 30 фільмаў і тэлепраграмаў з Альбаніі, Італіі, Канады, Латвіі, Мэксікі, Польшчы, Расеі, Чэхіі і Швайцарыі. Беларусь прадстаўлюць стужкі Галіны Адамовіч «Завядзёнка», Міхаіла Якжэна «І пазнай сэрца маё», Мікалая Князева «Серафімавы браты».

«Мы зьдзіўленыя высокім узроўнем стужак з рэгіянальных студый» – гаворыць сябра журы кіназнаўца Галіна Шур. Фільмы Барысаўскай студыі «Скіф» і віцебскія тэлепраграмы будуць канкураваць зь перадачаю «Існасьць» сталічнае тэлевізіі.

«Сёлетняя праграма фэстывалю мацнейшая за папярэднюю,» – дадае старшыня «Магніфікату» рэжысэр Юры Гарулёў.

Асобныя разынкі сёлетняга конкурсу – швайцарская карціна Андрэа Канэты «Ісус-вандроўнік», узнагароджаная на кінафэсьце Трэнта – і дзьве стужкі латвійскае кінашколы, якая здаўна славілася сваёй рэжысурай.

На фэсьце ўпершыню адбудуцца майстар-клясы рэжысэраў-дакумэнталістаў Віктара Асьлюка, Станіслава Гайдука дый Юрыя Гарулёва.

«Magnificat» – адзін зь нешматлікіх фэстаў духоўнага кіно. Ёсьць польскі фэст-пабрацім «Непакалянаў», ёсьць італьянскі МКФ «Рэлігія ў сьвеце» – але там карціны разьмеркаваныя па асобных канфэсіях.

«Мы ня разьдзяляем асобна каталіцкія фільмы, праваслаўныя, пратэстанцкія,» – гаворыць Юры Гарулёў. А ксёндз Аляксандар Амяльчэня, дырэктар кінафэсту, падкрэсьлівае, што дэвіз «Магніфікату» – словы Хрыста «Каб усе былі адно». «Гэта важна для нас усіх – і для Беларусі».

Паказ фільмаў распачнецца ў Глыбокім 8-ага чэрвеня зраніцы, а адкрыцьцё фэсту адбудзецца а 13.45 ва Удзеле пасьля Сьвятое імшы.

Падрабязны расклад кінафэсту ёсьць на сайце «Signis-Belarus» .

Уваход на ўсе прагляды фэсту свабодны.

Гледачы-пілігрымы, якія прыедуць на фэстываль, могуць зьвярнуцца да ксяндза Аляксандра Амяльчэні, тэл. 652-90-24 (Вэлкам), ці па электроннай адрэсе [email protected].

Каталіцкая грамада вас разьмесьціць.

Андрэй Расінскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0