Фота Вольгі Шукайлы

Фота Вольгі Шукайлы

«Для лаўкостаў патрэбныя магутныя патокі. У Беларусі некалькі кірункаў усяго, на якіх сёння могуць працаваць лаўкосты. Масква, Кіеў, летам Барселона, Тэль-Авіў, Ларнака — усё», — сказаў сёння на прэс-канферэнцыі ў Мінску гендырэктар авіякампаніі «Белавія» Анатоль Гусараў, паведамляе Tut.by.

Ён таксама патлумачыў кошт квіткоў самой «Белавія».

— Мы думаем, як скарэктаваць нашу бізнэс-мадэль, каб прапанаваць для жыхароў нашай краіны больш нізкія тарыфы. Так, мы ніколі не зраўняемся з узроўнем лаўкостаў, не. Усё чагосьці каштуе: і бяспека палётаў, і падтрыманне лётнай прыдатнасці, і падаткі ў нашай краіне, і крэдыты… Але я думаю, што частку квіткоў мы зможам прапаноўваць па цэнах прымальных, і мы да гэтага імкнёмся.

Гендырэктар «Белавія» нагадаў, што беларускі перавозчык — традыцыйная авіякампанія, якая не збіраецца рабіцца лаўкостам і адмаўляцца ад перавозкі багажу або харчавання на борце. У той жа час ён распавёў, што глядзіць на цэны «Белавія» і з пункту гледжання пасажыра.

— Я ў тым ліку, калі лячу не ў камандзіроўку, а ў адпачынак, плачу тыя ж грошы, і мне здаецца, што вельмі дарагі білет (у «Белавія»). Нават жартую з сябе: «Вось, дарагі». Калі ж лічым ўсю эканоміку палётаў, мне здаецца, што, можа быць, нават недастаткова … — пасмяяўся Анатоль Гусараў. — У лаўкостаў зусім іншыя механізмы.

Па словах Гусарава, «Белавія» можа змяншаць цану квіткоў у асноўным на тыя напрамкі, дзе ёсць вялікі паток — тут сітуацыя, як у лаўкостаў.

— Мы ў аэрапорт «Жукоўскі» (Масква) лётаем па досыць нізкіх тарыфах, бо вялікі попыт і вялікія ставім самалёты. І так па любых напрамках. Калі б пасажыраў у Парыж было ў два разы больш, мы б ставілі ў два разы большыя самалёты і цана была б ніжэйшай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0