Неўзабаве пасля апублікавання з галоўнай старонкі сайта Беларускай федэрацыі біятлона зніклі правілы ўзаемадзеяння са СМІ. Паводле неафіцыйнай інфармацыі naviny.by у Федэрацыі іх цяпер называюць «памылкова апублікаваным варыянтам».
Нагадаем, апублікаваныя на сайце biathlon.by правілы прадугледжвалі, што любыя інтэрв'ю, фота- і відэаздымка (за выключэннем спартыўных мерапрыемстваў) з удзелам біятланістаў, трэнераў і чыноўнікаў ГА «Беларуская федэрацыя біятлону» павінны папярэдне ўзгадняцца з БФБ.
Перад публікацыяй журналісты павінны прадставіць гатовы матэрыял на зацвярджэнне. Толькі пасля пісьмовага зацвярджэння матэрыял можа быць апублікаваны.
Прадстаўнік БФБ, адзначалася ў правілах, мае права прысутнічаць на інтэрв'ю і адхіліць любое пытанне ці «забараніць (абмежаваць, вызначыць парадак) асобных відаў (спосабаў, месцаў або умоў) фота- і відэаздымкі».
У выпадку невыканання правілаў БФБ, як адзначалася, гатова прымяняць да парушальнікаў «меры, прадугледжаныя заканадаўствам, уключаючы спагнанне прычыненай шкоды (урону)».