Амэрыканскія паліцыянты з дарожна-транспартнага аддзелу могуць распавесьці безьліч гісторыяў пра нецьвярозых кіроўцаў, якія пераяжджаюць нявінных пешаходаў, але, пэўна, няшмат хто зь іх сутыкаўся з ДТП, у якіх віноўнік і пацярпелы — адзін чалавек. Надоечы паліцыянты штату Нью-Мэксыка затрымалі маладзёна, які ехаў і задавіў самога сябе.

Пачатак гэтага надзвычайнай аварыі — тэлефанаваньне на «гарачую лінію» паліцыі штату, якая створаная адмыслова, каб дазволіць грамадзянам паведамляць паліцыі аб небясьпечных кіроўцах на дарогах. Нейкая жанчына з гораду Сант-Фэ распавяла дзяжурнай, што згледзела машыну, што паводле яе словаў «едзе надта пакручаста». Паліцыянты на патрульнай, што атрымалі паведамленьне, знайшлі ліхача і праз гучнагаварыльнік загадалі спыніцца на ўзбочыне. Кіроўца не падпарадкаваўся. На гэтым этапе усчалася пагоня, падчас якой кіроўца адно павялічыў хуткасьць. Гонка скончылася толькі тады, калі малады кіроўца ня даў рады кіраваньню, зьехаўся з шашы і ўрэзаўся ў драцяны плот. Калі ж ён выйшаў з машыны, дык пасьлізнуўся і паваліўся пад колы ўласнага аўто. Тым жа часам машына, якая чамусьці стаяла на задняй хуткасьці, ссунулася зь месца і пераехала маладзёну ногі.

Пасьля атрыманьня мэдычнае дапамогі, кіроўца быў арыштаваны за кіраваньне ў п’яным стане і ўцёкі ад паліцэйскага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?