У Менску адбыўся зьезд грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Дэлегаты абмеркавалі сытуацыю, у якой апынуліся недзяржаўныя СМІ, абралі кіраўніцтва і прынялі зварот да журналісцкай супольнасьці краіны.

Зварот да журналісцкай супольнасьці краіны прыняты пад назвай «Журналістыка – прафэсія сумленных і адказных». Яго адразу назвалі Маніфэстам сумленьня. Дэлегаты зьвяртаюцца да сваіх калегаў, у прыватнасьці, з такімі словамі: «Цалкам усьведамляем небясьпеку дэградацыі прафэсіі журналіста й папярэджваем, што за несумленнасьць журналістаў і прапагандысцкую працу мэдыяў грамадзтву заўсёды, раней ці пазьней, даводзіцца плаціць па рахунках тых скажоных і лжывых уяўленьняў, якія яму навязваліся».

Зьезд БАЖ адбыўся ў год, калі ў часе выбарчай кампаніі былі затрыманыя і прайшлі праз судовую сыстэму 45 журналістаў. І толькі адзін зь іх быў апраўданы. Старшыня БАЖ Жана Літвіна ў сваёй справаздачы адзначыла, што ў падпісныя каталёгі «Белпошты» на першы квартал 2006 году ня ўнесьлі 16 незалежных выданьняў, а 19 газэт нельга набыць у кіёсках «Белсаюздруку». Суды адмаўляюцца разглядаць пазовы рэдакцыяў і чытачоў газэт. Тым часам дзяржаўныя СМІ дадаткова атрымалі фінансаваньне зь дзяржбюджэту на 60 мільёнаў 550 тысяч даляраў. Жана Літвіна толькі назвы кампаніяў БАЖ у падтрымку свабоды слова лічыць красамоўным паказчыкам пагаршэньня сытуацыі ў галіне СМІ: «Фэстываль незалежнай прэсы», «Дзень закрытых газэт», «Гарадзенская зона – тэрыторыя рызыкі для незалежных журналістаў». І апошняя «Пасядзелкі-2006» (сустрэча журналістаў, што адбылі арышты ў часе прэзыдэнцкай кампаніі).

Жана Літвіна зазначыла «Свабодзе»:

(Літвіна: ) «Ратаваньне прафэсіі. З аднаго боку, недзяржаўная прэса дэманструе сваё імкненьне выконваць канстытуцыйнае прызначэньне распаўсюджваць нецэнзураваную інфармацыю. З другога боку, гэта дзяржаўная прэса, якую ўлада сёньня бачыць зьвяном прапагандысцкай машыны. Таму вярнуць прафэсію – для нас самае важнае. Другое, што мы адчулі, – нам на першым пляне прыярытэтам павінна стаць адукацыя. Нам трэба авалодваць новымі тэхналёгіямі. Што БАЖ можа зрабіць – стварыць школу журналістыкі».

Леанід Міндлін выступіў на зьезьдзе з прапановай выкарыстоўваць новыя тэхналёгіі:

(Міндлін: ) «Трэба ўлічваць фактар новых тэхналёгіяў, якія існуюць сёньня ў журналістыцы. Гэта так званыя інавацыйныя тэхналёгіі, мультымэдыйныя. Гэта спалучэньне аўдыё-, відэа-, тэксту. У нас шмат беспрацоўных журналістаў, а гэтыя структуры дазволяць атрымаць нейкую працу».

На зьезьдзе было шмат выступоўцаў ад рэгіянальных і ад моладзевых структураў. Дэлегаты заслухалі справаздачу юрыстаў Цэнтру прававой дапамогі СМІ пры БАЖ, аднаго з прыярытэтных кірункаў дзейнасьці арганізацыі.

Беларуская асацыяцыя журналістаў існуе з 1995 году. Яна налічвае 1008 чалавек. БАЖ зьяўляецца асацыятыўным сябрам Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў. У чэрвені 2003 году Міжнародная асацыяцыя газэт узнагародзіла БАЖ «Залатым пяром Свабоды-2003». У сьнежні 2004 году ад Эўрапарлямэнту арганізацыя атрымала прэмію імя А.Сахарава «За свабоду думкі».

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0