Кіроўца аўтобуса ў Парыжы высадзіў усіх сваіх пасажыраў пасля таго, як яны адмовіліся пасунуцца і даць месца мужчыну ў інвалідным вазку. У сацсетках кіроўцу называюць героем.

Парыжанін Франсуа Лё Бэр, які пакутуе на рассеяны склероз і вымушаны перасоўвацца на інвалідным вазку, хацеў сесці ў аўтобус на адным з прыпынкаў на ўскраіне горада, але ніхто з пасажыраў не пажадаў пасунуцца, каб вызваліць месца.

Кіроўца, імя якога не паведамляецца, убачыў сітуацыю і папрасіў усіх пасажыраў выйсці. Затым ён даў магчымасць інваліду заняць месца ў аўтобусе, зачыніў дзверы і паехаў са сваім адзіным пасажырам.

Твіт Лё Бэра, у якім ён апісаў тое, што адбылося некалькі дзён таму, распаўсюдзіла грамадская арганізацыя Accessible Pour Tous («Даступна для ўсіх»), якая абараняе правы інвалідаў.

«Учора, калі я спрабаваў сесці ў аўтобус, ніхто не захацеў пасунуцца, каб даць мне сесці. Паколькі ніхто не пасунуўся, кіроўца ўстаў і сказаў «Усё, аўтобус далей не пойдзе. Выходзім!»- распавёў Лё Бэр у твітары і фэйсбуку. — Пасля чаго ён падышоў да мяне і сказаў: «Паднімайцеся ў аўтобус, а астатнія будуць чакаць наступнага!»

З тых часоў твітам падзяліліся больш за 5 тысяч разоў, ён атрымаў больш за 12 тысяч лайкаў. Многія хваляць кіроўцу і крытыкуюць пасажыраў, якія не пажадалі даць месца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?