Шэф-рэдактар газэты «Народная воля» Сьвятлана Калінкіна назвала паўгадзінную перадачу пра падзеі ў Беларусі на тэлеканале RTVi (належыць расейскаму экс-алігарху Гусінскаму) «неэфэктыўным праектам». На думку Калінкінай, якая зараз знаходзіцца ў ФРГ у складзе дэлегацыі прадстаўнікоў беларускай апазыцыі, «На яго проста ня трэба было марнаваць грошы».

«Чакаць ад яго (праекту) аддачы немагчыма, таму што ён ніякіям чынам не вырашае нашу галоўную праблему інфармацыйнай блякады,» – заявіла Калінкіна ў адказ на пытаньні Нямецкай хвалі.

У сваіх разважаньнях, як можа выглядаць дапамога беларускім дэмакратычным сілам з боку Эўропы, у дачыненьні да мас-мэдыяў, да альтэрнатыўнага інфармаваньня беларускага грамадзтва, журналістка перакананая, што «мусяць быць прынятыя і эфэктыўна рэалізаваныя мэдыя-праекты».

«Вельмі доўгі час была тактыка дапамагаць патроху ўсім, альбо ўвогуле нікому не дапамагаць, каб ніхто не крыўдаваў. Мы ўсё-такі хочам, каб ад дэклярацыі, ад прызнаньня таго, што інфармацыйны блёк – гэта вялікая праблема, перайшлі да рэальных праектаў,» - адзначыла Калінкіна.

Кажучы пра якасьць замежных тэле- і радыёпраграмаў для Беларусі, яна выказалася на карысьць таго, каб такія перадачы рыхтаваліся непасрэдна беларускімі журналістамі, як гэта, да прыкладу, робіцца ў рамках «Беларускай хронікі» «Нямецкай хвалі».

«… Даволі дзіўна, калі інфармуюць пра тое, што адбываецца ў Менску, людзі, якія ўвогуле ніколі не былі і ня ведаюць нават тэлефонаў вядучых палітыкаў, аналітыкаў і гэтак далей. Стаўка мае рабіцца менавіта на беларускіх журналістаў,» - сказала Калінкіна.

АФН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0