28.11.2008 / 13:00

На просьбы працоўных 2

Вяртаньне «НН» у кіёскі і ў сьпісы падпісных выданьняў паставіла рэжым у пікантную позу.

Прапагандыстам з Карла Маркса, 38, трэба знайсьці лягічны адказ на пытаньне — чаму выданьне нечакана прызнаецца канкурэнтным на рынку прэсы (менавіта тэзіс аб эканамічнай нерэнтабэльнасьці «НН» быў фармальнай прычынай выкінуць газэту з шапікаў і каталёгаў).

Лепш за ўсё зрабіць спасылку на вынікі нейкага дасьледаваньня чытацкіх забабонаў, якое быццам было праведзена маркетолягамі «Белпошты». Такім чынам, грамадзянам прапанавалася адказаць на наступныя пытаньні анкеты:

1. Якія літара альфабэту больш за астатнія цешыць вашае вока, калі вы чытаеце газэту?

а) літара «й»;
б) літара «у»;
в) літара «ь».

Абсалютная большасьць рэспандэнтаў абрала варыянт «в».

2. Якой рубрыкі, на вашу думку, нестае ў існуючых у краіне газэтах?

а) «Дырэктыва прэзыдэнта на кожны дзень»;
б) «У дапамогу пачынаючаму экспэрту па сытуацыі на рынку акцый у Балівіі»;
в) «Дзякуй за падтрымку».

Абсалютная большасьць рэспандэнтаў абрала варыянт «в».

3. Як, на вашу думку, мае выглядаць дызайн «Саўбелкі», каб яна яшчэ больш выдзялялася сярод іншых выданьняў на латках прэсы?

а) «СБ» мае выглядаць як салідны гадавы альманах;
б) «СБ» мае выглядаць як кніжка‑малышка;
в) «СБ» мае быць чорна‑белай, памерам у 24 старонкі, фармату А3.

Абсалютная большасьць рэспандэнтаў абрала варыянт «в».

4. Вы набудзеце ў кіёску выданьне…

а) на якое вас ужо прымусілі падпісацца на месцы працы;
б) на якое на месцы працы ўжо прымусілі падпісацца вашых сямейнікаў, сяброў вашай сям’і, суседзяў;
в) іншае.

Абсалютная большасьць рэспандэнтаў абрала варыянт «в».

5. Вы праявіце большы інтарэс да выданьня, на вокладцы якога:

а) вусаты мужчына і маленькі хлопчык;
б) голая дзеўка;
в) барадаты мужчына на фоне бел‑чырвона‑белага сьцяга.

Абсалютная большасьць рэспандэнтаў абрала варыянт «в».

6. Як вы ведаеце, зараз ідзе палеміка наконт новай назвы газэты «Советская Белоруссия». Аптымальная назва для выданьня прэзыдэнцкай адміністрацыі, на вашу думку, — гэта:

а) «Монархистъ»;
б) «Бюлетэнь аматараў беларуска‑вэнэсуэльскай дружбы»;
в) «Ніва Наша».

Абсалютная большасьць рэспандэнтаў абрала варыянт «в».

7. Які загаловак у газэце выклікае ў вас найбольшую зацікаўленасьць?

а) «Камбайнёр Пятровіч стаў на ганаровую вахту да юбілею дэнамінацыі «зайчыка»;
б) «Мянцюк аказаўся жанчынай‑іншаплянэтнікам»;
в) «Далоў дыктатуру!».

Абсалютная большасьць рэспандэнтаў абрала варыянт «в».

Як бачым, вяртаньне «Нашай Нівы» ў кіёскі ня мае абсалютна ніякага дачыненьня да палітыкі. Паводле ўсіх крытэраў, на рынку мэдыя большасьцю чытачоў запатрабаваная «Наша Ніва». Таму няма нічога дзіўнага, што кіраўніцтва «Белпошты» выказала намер павярнуць газэту ў сваю сетку. Трэба, як абсалютна правільна кажа наш прэзыдэнт, грошы зарабляць.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Лёлік Ушкін

0
Мiкола / Адказаць
29.11.2008 / 20:56
Лёлiку як заўжды 10 балаў!!!!!!
0
Добразычлівец / Адказаць
15.12.2008 / 01:43
Прабачце, спазніўся з каментарам. Але ж гэта сорам ТАК пісаць пра "Саўкаву Белку". Ці вы ведаеце Саўку? Не саўка, а Саўку? Ах, ня ведаеце... Тады й размаўляць няма пра што! А быў бы Саўка, то добра даў бы вам, Ушкін, дразда!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру