«Наша Ніва» і «Народная воля» вяртаюцца ў «Саюздрукі» і «Белпошту».

Палітычна ніякіх умоваў няма. Гандлю з намі не вялі. Нам проста патэлефанаваў Усевалад Янчэўскі з Адміністрацыі прэзыдэнта і паінфармаваў, што нашы «праблемы з распаўсюдам будуць вырашаныя».

Аднак

эканамічныя і юрыдычныя ўмовы вяртаньня бязьлітасныя.

Паводле дамоваў, «Белсаюздрук» і «Белпошта» будуць забіраць сабе 55% ад адпускной цаны. Хоць стварыць і выпусьціць газэту намнога цяжэй, чым яе прадаць. На прадукты гандлёвая нацэнка абмежаваная, а тут — спэкулятыўная накрутка. Ды нічога не паробіш — манаполія.

Юрыдычна дагаворы складзеныя так, каб газэты можна было вытурыць з распаўсюду ў кожны момант, а колькасьць асобнікаў у продажы — абмяжоўваць да бясконцасьці.

У дамовах прысутнічаюць тры моманты: 1) дамова можа быць разарваная, калі распаўсюд акажацца нерэнтабэльным (уявіце сабе нерэнтабэльнасьць пры 55%-ай накрутцы!), але няма ніякіх крытэраў разьліку той рэнтабэльнасьці, 2) дамова можа быць разарваная пры вяртаньні большым за 30% (летась была ўцечка зьвестак пра 50%-е вяртаньне дзяржаўных газэтаў, тым ня менш, усе яны застаюцца ў кіёсках), 3) пры вяртаньні большым за 10% «Саюздрук» мае права скарачаць тыраж, які прымае на рэалізацыю.

Вяртаньне — гэта тэрмін для абазначэньня колькасьці непрададзеных асобнікаў. Мэханізму праверкі праўдзівасьці лічбаў вяртаньня няма.

Нам тры гады манілі пра «эканамічную нямэтазгоднасьць заключэньня дамоваў», то хто будзе верыць цяпер?

Нарэшце — д’ябал хаваецца ў драбніцах — колькасьць.

«Белсаюздрук» прыняў на распаўсюд абмежаваныя тыражы — напрыклад, на Менск пойдзе ўсяго 2500 экзэмпляраў «Народнай волі» і 1400 асобнікаў «Нашай Нівы». Г.зн. у сярэднім менш за 4 паасобнікі на адзін кіёск. Разьмяркоўвацца яны будуць няроўна: дзесьці па 20, а недзе па 2. Пішам пра такія драбніцы, каб вы лепей спасьціглі прычыны і наступствы падзеі, патэнцыял і пэрспэктывы.

«Народная воля» покуль мае выходзіць двойчы на тыдзень, у аўторак і пятніцу.

Застаецца абмежаваным распаўсюд выданьняў: «Новы час», «СНплюс. Свободные новости плюс» (падпіска), «Товарищ», «Борисовские новости», «Витебский курьер-М», «Вольнае Глыбокае», «Газета Слонімская», «Ганцавіцкі час», «Intex-press» (Баранавічы), «Газета для вас», «Бабруйскі кур’ер». Астатнія забароненыя газэты ня выстаялі трох гадоў.

Дамовы прадугледжваюць магчымасьць пераходу яе на штодзённы выхад. Няма дэталяў — адносна акрэдытацыі карэспандэнтаў, магчымасьці для продажу праз крамы ды іншае — якія складаюць умовы для нармальнай працы СМІ.
«НН», імаверна, вернецца ў шапікі ўжо з наступнага нумару пачынаючы. У той жа час няма пэўнасьці, ці ва ўсіх рэгіёнах адначасова.

Другі раз у тую ж раку

Маем дзіўнае адчуваньне, нібы другі раз уваходзім у тую ж раку. «Белпошта» дала нам той самы падпісны індэкс, які мы і мелі тры гады таму.

Падпісны індэкс (для індывідуальных падпісчыкаў) 63125. Падпісны індэкс (для ведамаснай падпіскі) 631252.

Падпісны індэкс нашага выданьня унясуць у канец падпіснога каталёгу ад рукі на кожнай пошце.

Тое, што мы з вамі зьдзейсьнілі, — безь перабольшваньня гістарычна. Тры гады! Тры гады мы самі распаўсюджвалі газэту.

Будуць сюрпрызы

Пачынаючы з наступнага нумару, газэта зьменіцца.

Мы сканцэнтруем усе сілы, каб заваяваць новага чытача,
каб тыя людзі, якія пабачаць нас у кіёсках, адчулі розьніцу між незалежнай і прыдворнай газэтай, каб зачапіліся і сталі чытаць беларускую газэту. Галоўнымі задачамі застаюцца ўмацаваньне нацыянальнай тоеснасьці і незалежнасьці грамадзтва ад дзяржавы.

Якая будзе цана газэты?

Дзякуючы павышэньню накладу, удасца зьнізіць сабекошт.
У сьнежні газэта будзе прадавацца ў «Саюздруках» за 2000 рублёў — для новых чытачоў. Не крыўдуйце, падпісчыкі, якія аплацілі за яе па 3000. Гэта быў мінімум для нашага выжываньня.

З Новага году газэта будзе каштаваць у шапіках 2500 рублёў, гэтулькі ж — пры падпісцы праз Рэдакцыю, а пры падпісцы празь «Белпошту» — 3000 рублёў. Толькі ведамасная падпіска будзе таньнейшая, бо мы зацікаўленыя, каб бібліятэкі выпісвалі, а гэта ўстановы небагатыя, калі не лічыць тае галоўнае.

Як дзейнічаць чытачам?

Мы рэкамэндуем і просім падпісвацца праз Рэдакцыю і надалей.
Усе тыя, каго такі спосаб атрыманьня газэты задавальняе, хай застаюцца вернымі такой падпісцы. 1) Яна нам выгаднейшая фінансава. 2) Мы зможам дастаўляць Вам газэту хутчэй або з той жа хуткасьцю, што «Белпошта». 3) Лічым важным захаваць сыстэму самараспаўсюду дзейнай. Лішне тлумачыць, чаму.

Рэд.

* * *

Каб атрымліваць папяровую газэту штотыдзень, дасылайце адрасы і грашовыя пераказы.

Паведамляць свае адрасы можна праз тэлефон, факсам, праз пошту ці электронную пошту.

Тэлефоны: (017) 284-73-29, (029) 260-78-32 (МТС), (029) 618-54-84, e-mail: [email protected], [email protected], паштовы адрас: а/с 537, 220050 Менск.

У блянку банкаўскага паведамленьня ці паштовага пераказу, калі ласка, дакладна і разборліва пазначайце ваш адрас, у тым ліку паштовы індэкс і код пад’езду.

На які рахунак пералічаць грошы?

Ахвяраваньне можна перавесьці ў любым аддзяленьні банку, на любой пошце. Улічыце, што пры пераказваньні грошай паштовым пераводам пошта спаганяе дадаткова 3 %, а пры пераводзе грошай празь «Беларусбанк» працэнту не бяруць.

На банкаўскай квітанцыі ў графе «Від плацяжа» трэба пазначыць: «За газэту «Наша Ніва».

У графе: «Атрымальнік плацяжа» трэба пісаць: ПВУП «Суродзічы», УНП 190 786 828.

У графе «Найменаваньне банку» трэба пісаць: «МГД ААТ «Белінвестбанк», вул.Калектарная, 11, Мінск, код 764».

У графе «Рахунак атрымальніка» — 3012 206 280 014. Пры перасылцы грошай па пошце тое самае трэба пісаць у рубрыках «Каму» і «Куды».

Раздрукаваць банкаўскую квітанцыю (pdf-файл 38Кб, A4).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0