Да галоўнага рэдактара газэты «Белая гусь сягоньня» Паўла Калабковіча прыйшоў Бог. Як заўсёды гэта бывае, прыйшоў нечакана, зьнянацку, у першы дзень Калядаў…

У шыкоўнай кватэры на сталічным праспэкце Непазьбежнасьці ўжо расьцякаўся па кутох раньні прыцемак сьнежаньскага вечара, але электрычнае сьвятло знарок не запальвалася: рэдактар любіў шчымлівыя хвіліны часавага памежжа, калі без астатку можна было занурыцца ў сьветаглядны одум.

Гэтым разам думкі і разважаньні былі скрозь аптымістычныя і, хоць узьнёсласьці ім бракавала, мелі пад сабой рэальны грунт: зь першага студзеня ягоная газэта нарэшце набывала статус «адзінай нацыянальнай» і эксклюзіўнае права татальнай падпіскі. Адгэтуль карэньчык падпісной квітанцыі на «БгС» станавіўся пропускам-дазволам на атрыманьне грамадзянамі мэдыцынскіх, адукацыйных ды іншых сацыяльных паслуг дзяржавы. З мэтай эканоміі сродкаў і, калі ўжо па шчырасьці, за непатрэбай Хазяін валявым актам ліквідаваў усю астатнюю пэрыёдыку краіны. Ясная рэч, рабілася гэта па шматлікіх просьбах народных мас, якія папросту завалілі рэдакцыю лістамі, поўнымі справядлівага абурэньня тым вэрхалам і ідэалягічнай няпэўнасьцю, што панавалі на старонках незьлічоных газэт і часопісаў. «Пішыць Вам, дарагая рыдакцыя, прасты рабочы завода «Красны падпольшчык» Фёдар Праўдзівы. Усю сазнацельную жызьнь я праработаў на радном заводзе і прайшоў нялёгкі пуць ат учэніка сьлесара да самаво сьлесара. Аднака і цяпер я, чэсны чалавек, не магу сабе пазволіць купіць машыну «Ніву», хаця, як пішыць Ваша газэта, зарплата ў мяне немаленькая — 500 долараў (па курсу, канешна). Паэтаму дажа само названіе газэты «Наша Ніва» міня глубако абіжаець. Якая ж яна наша, кагда я і цяпер езжу на віласіпедзе, а пра «ніву» толькі мячтаю!» «Ой, файны атрымаўся ліст. Малайцы!» — Павал Калабковіч адрасаваў віртуальную пахвалу супрацоўнікам аддзелу карэспандэнцыі, што, не пакладаючы рук, цэлы год прадукавалі на ўсе лады народную хвалю пратэсту. Рэдактар прыхапіў губой каньяку, духмяна пыхнуў люлькай і зноў прымружыў вочы салодкім успамінам. «Канечне, прыйшлося пазбавіцца ад калег па цэху, але як віртуозна! «Беларускую дупку» мы зьвінавацілі ў прапагандзе гомасэксуалізму, а «Знамя старасьці» — у герантафіліі…»

Нечаканы, чужародны гук, што пачуўся ў кабінэце рэдактара, перарваў яго ружовыя трызьненьні. Нехта зноў кашлянуў, потым яшчэ раз. Невядома адкуль у рэдактаравых грудзях зазьвінела халодная трывога. Ад няяснага, але змрочнага прадчуваньня ўзмакрэлі далоні і лоб. Калабковіч, пільна ўслухоўваючыся, пачаў павольна падымацца з утульнага скуранога фатэля, каб дацягнуцца да выключальніка, але сьвятло, толькі не электрычнае, а нейкае дзіўнае, срэбнае, пстрыкнула і разьлілося па пакоі само сабою.

У далёкім куце кабінэту, у такім жа скураным фатэлі, сядзеў сівабароды дзядок у самаробным вязаным швэдры з каляднымі зоркамі на ўсе грудзі. Гэта быў Бог. Рэдактар да болю выразна зразумеў і ўсьвядоміў гэта без усялякіх слоў і візытовак. Бо ёсьць нешта такое на сьвеце, калі Бога імгненна пазнаюць і просты паспаліты чалавек, і галоўны рэдактар вялікай афіцыйнай газэты. Але адкрыцьцё гэтае Калабковіча ня ўзрадавала, а прывяло ў стан дрыготкай, роспачнай прастрацыі. Дробна затрэсьліся рукі, пот па скронях забруіў ужо струменьчыкамі, а вусы, як хвост у вінаватага сабакі, баязьліва скруціліся пад тлустым падбародзьдзем.

— Добры вечар, Паўлік. Са сьвятам цябе, — лагодна прамовіў Стары, імкнучыся зьняць напружаньне. Дачакаўшыся неразборлівага мычаньня рэдактара ў адказ, Дзед прадоўжыў: — Няблага жывеш, Паўлік. Усё людзям брэшаш?

Падчас апошніх слоў Калабковічу стала млосна, бо ён выразна, да кожнай драбніцы, успомніў сваю першую сустрэчу з гэтым незвычайным госьцем.

У галодным паваенным мястэчку, дзе праходзіла Паўлікава дзяцінства, гэты стары, толькі з большаю барадою і ў бруднай саматканай кашулі з палатнянай торбаю цераз плячо, выразна вылучаўся з мноства астатніх жабракоў, што запаланілі край. І самая скнарлівая гаспадыня, і аўдавелая матка зь сіротамі на руках, толькі ўбачыўшы вочы Дзеда, ахвяравалі яму хоць нешта — колькі бульбін, кавалак хлеба напалам зь лебядою — што было.

На Дзеда ніколі не брахалі сабакі, птушкі садзіліся яму на рукі, і без канца ўвіваліся за ім дзеці. Аднаго разу, сабраўшы ля сябе малечу, Стары пачаў распытваць, хто кім хоча стаць, калі вырасьце. Кола тагачасных дзіцячых мараў было нешырокім: настаўнікі, лётчыкі, дактары, машыністы цягнікоў… Дзед цёпла сьмяяўся з кожнага прызнаньня, а потым ціхенька торкаў пальцам у грудзі і сьцьвярджальна гукаў: «Будзеш!» Калі чарга дайшла да Паўліка, той разгублена маўчаў, бо прафэсіі-мары раўналеткаў яго ня цешылі. Ідэалам Паўліка быў дзядзька-кантралёр з раёну, перад якім так тросься ягоны бацька — загадчык мясцовага прадуктовага складу.

Нічога ня робячы, кантралёр цэлымі днямі жор і жлукціў гарэлку ў іхняй хаце, цягнуў з бацькі грошы ды кідаў паблажліва на разьвітаньне: «Ня бойся, замоўлю за цябе слоўца». «За слоўца — такія грошы!» — Паўлікавы мары былі далёкія ад будзённасьці трактарыста. Так нічога і не сказаў ён Старому, а той, нібыта прачытаўшы яго думкі, нахіліўся да ягонага вуха і ціха, каб ніхто не пачуў, сказаў: «Не хлусі людзям, хлопчык, бо кепска будзе».

— Паўлік, Паўлік! — напэўна, дзясяты раз паўтарыў Дзед і нават пляснуў у далоні, каб рэдактар ачомаўся. Але вяртаньне ў рэчаіснасьць было яшчэ горшым, чым блуканьне ва ўспамінах. Незваротнасьць пакараньня спараджала ў розуме жудасныя карціны адплаты. «Вось Стары, закасаўшы рукавы і прывязаўшы яго да крэсла, прыпальвае язык прасам… нетаропка, па аднаму, адсякае пальцы… з усяго маху запіхвае таўшчэзны «parker» разам з чарнільніцай яму ў…»

— Паўлік, час! Зьбірайся! — Бог паглядзеў на свой дыхтоўны «ролекс» і загадна ўзьняўся. «Забіваць будзе!» — рэдактар бахнуўся на калені і, выючы, папоўз да госьця:

— Я ж і добрае пісаў, пра спорт, пра футбол… — Калабковіч жаласна роў на ўсю кватэру, шчодра паліваючы сьлязьмі дарагі дыван.

— Ведаю, чытаў, — супакаяльна прамовіў Стары. — Паўлік, нам проста трэба ехаць.

— Куды? — Калабковіч з надзеяй узьняў свае малыя сьвінячыя вочкі.

— Калядаваць. Пара такая, — Бог нават зьдзівіўся з такога недарэчнага пытаньня. — Трэба ж доляй людзей надзяляць ня толькі ў газэце.

— Дык гэта… Я, што, механошам буду? — рэдактаравы шчокі пачалі ружавець і налівацца жыцьцём.

— Не. Механоша ўжо ёсьць.

— Казой? — прыйшла чарга зьдзівіцца Калабковічу.

— Ну якая ж зь цябе козачка, Паўлік? — Дзед скептычна скасавурыўся на азызлае цела. — Казлом будзеш.

У Богавай машыне, што стаяла ля пад’езду, іх цярпліва чакалі «механоша» і «цыган», на ролю якіх вышэйшай воляй былі заангажаваныя вядомы тэлевізійшчык Адмаразоўскі і дакумэнталіст Азьвяронак. Калабковіч ледзьве ўплішчыўся побач з калегамі на задняе сядзеньне (сесьці побач Бог не дазволіў), і машына кранулася зь месца. Дзед быў у добрым гуморы і, круцячы руль, насьвістваў сабе пад нос нешта з народнага. Тройца гнятліва маўчала, пакуль галоўны газэтчык краіны ня вырашыў закаламуціць антыбоскую змову. Калабковіч павёў плячыма і, прыцягнуўшы ўвагу прыціхлых спадарожнікаў, з усёй абуранасьцю, на якую толькі быў здольны сапраўдны «праваслаўны атэіст», прашыпеў: «Гэта чорт знае што такое!» Але не пасьпеў ён яшчэ скончыць сваю першую маніфэстацыю, як Бог са сьмехам азваўся на ягоныя словы: «Дарма гукаеце нячыстага. Ён цяпер моцна заняты. Ня прыйдзе». На няўцямнае маўчаньне Бог растлумачыў: «Ён цяпер з вашым Хазяінам у хакей лупіцца — не да вас яму». Калабковіч скіс ды толькі і здолеў што запытацца ў Адмаразовіча з Азьвяронкам пра іх калядныя ролі. Сустрэчнае пытаньне галоўны рэдактар пакрыўджана праігнараваў.

Ехалі даволі доўга. Яркія агні вечаровай сталіцы зьмяніліся прыглушаным сьвятлом прадмесьцяў, а потым і змрокам зімовых лясоў абапал дарогі. Гадзіны празь дзьве машына спынілася на ўскрайку нейкага гарадка — відаць, райцэнтру. Па Дзедавай камандзе навасьпечаныя «калядоўшчыкі» няўклюдна вываліліся з салёну. Яшчэ хвілін з дваццаць Стары тлумачыў сутнасьць і працэдуру меркаванага працэсу, потым адчыніў багажнік і дастаў адпаведную калядоўшчыцкую атрыбутыку. Калабковіч быў адораны старым кажухом і страшнаватай рагатай маскай з буйным лягатыпам «БгС» на лбе. Азьвяронку прыйшлося ўвабрацца ў падраную сьвіту, як сьлед запэцкаць твар сажай і прыляпіць агідныя чорныя вусы. Вялікі палатняны мех, нейкія лахманы і шапка-аблавуха прыйшліся на долю Адмаразоўскага. Апошні, вырашыўшы прадэманстраваць сваю абазнанасьць у справе калядных абходаў, запытаўся ў Бога пра «калядную зьвязду» і «дзеда-павадыра», што мусіць вадзіць «казла». «Ат, памяць старэчая!» — пляснуў сябе па лбе Бог і выцягнуў з багажніка герб-капусту, намаляваны ў пахабных колерах на кавалку кардоніны і прыбіты да невялікай рэйкі-дзяржаньня. Потым ён з заклікам сьвіснуў некуды ў цемру, і праз хвіліну на дарогу выйшла дужая постаць мужчыны з калматай штучнай барадой, зробленай з ачоскаў лёну, і ладным кіем у руках. «Дапабед!» — «павадыра» пазналі ўсе «калядоўшчыкі» і трывожна пераглянуліся паміж сабой. Бо «дзед-Дапабед», як яго клікалі ў «міратворчаскіх» структурах краіны, быў ідэальным увасабленьнем каштоўнасьцяў вайскова-дэмбельскіх, але ніяк не сямейна-роднасных.

Паабяцаўшы за сабатаж пакараньне («тое, што самі сабе ўдумалі»), а за выкананьне заданьня — узнагароду («выканаю па адным вашым жаданьні»), Бог сеў у машыну і зьнік у кірунку сталіцы. «Калядоўшчыкі» праводзілі Богава аўто позіркам і некалькі хвілін стаялі моўчкі, пакуль Дапабед звыкла ня гаркнуў: «Раўняйсь! Сьмірна! Шагам марш!» Здрыгануўшыся ад мілітарнай рашучасьці, рознакалібэрная каманда, штораз зьбіваючыся з нагі, рушыла ў бок жылых мікрараёнаў.

Першай у сьпісе значылася кватэра №5 у двухпавярховым панэльным дамку. Знайшоўшы патрэбны нумар на дзьвярах, Дапабед загрукатаў у іх кулаком і зароў на ўвесь пад’езд: «Адчыняйце! Калядоўшчыкі!» Збоку такі зачын выглядаў як пачатковы этап контратэрарыстычнай апэрацыі. Ад удараў незамкнёныя дзьверы адчыніліся, і Дапабед добрым кухталём упіхнуў у праём «казла» Калабковіча, які ледзьве пасьпеў нацягнуць маску на тлусты льсьняны твар. Не зважаючы на гаспадароў — жанчыну сярэдняга веку і маленькую дзяўчынку, яе дачку, — Дапабед распачаў прывітальнае слова:

— Граждане, спакойна! Мы проста прыйшлі па паручэнію... — гэты сказ Дапабед скомкаў, бо звыклае «ад Хазяіна» было тут нібыта недарэчы, а сказаць «ад Бога» было неяк няёмка — …прыйшлі паздравіць вас з празьнікам… зь юбілеем Калядаў.

Адчуўшы, што імправізацыя не ўдаецца, «павадыр» выцягнуў з кішэні шпаргалку:

— Ану, казёл, разьвесяліся. Ану, козьлік, расхадзіся! — бадзёра дэклямаваў Дапабед і адчувальна папіхваў сваім калом укручанага ў вывернуты кажух Калабковіча. Той пачаў нязграбна махаць рукамі, круціць галавой і прытупваць на месцы. Але сьвяточнага імпэту, відавочна, бракавала, і Дапабед, каб раскатурхаць «казла», узмацніў узьдзеяньне кіем. Стоячы пад гербавай «зьвяздой» і цалкам адпавядаючы вобразу ўцекачоў з вар’ятні, Адмаразоўскі і Азьвяронак вясёленька пляскалі ў далонькі і віскатлівымі галасамі акампанавалі акту «папіханьня» калегі: «Гоп-ца-ца! Гоп-ца-ца! Гоп-ца-ца!» Тым часам Калабковіч, спрабуючы зухавата прысесьці, ня вытрымаў раўнавагі і снапом паваліўся на падлогу. Гэтая, здавалася б, дробная недарэчнасьць мела драматычныя вынікі. Дапабедавы вочы раптам наліліся крывёй, твар драпежна ашчэрыўся і ажно затросься ў жывёльным прыпадку агрэсіі і нянавісьці:

— Я табе пакажу, апазыцыйны вырадак, свабоду слова! Я табе пакажу «Бела гусь — у Эўропу»!

Удары на Калабковіча пасыпаліся няспынным градам. Той круціўся на падлозе, бы смоўж, шукаючы выратавальнага кута, але неўзабаве кінуў усялякае супраціўленьне і зьнерухомеў вялікай калматай гурбой, раз-пораз жаласна рохкаючы.

Уголас заплакала дзяўчынка, хаваючыся за ня менш напалоханую мамку.

«Гоп-ца-ца, гоп-ца-ца», — працягвалі лапатаць ужо шэптам спалатнелыя ад жаху «механоша» й «цыган». Магчыма, справа скончылася б калецтвам ці сьмерцю галоўнага рэдактара, але ў крытычны момант у сенцы з пакою выйшла, цяжка абапіраючыся на кульбу, пажылая жанчына:

— Ах, вы нягоднікі! Нічога сьвятога для вас няма! — пранізьліва залямантавала яна. — Каб вам языкі адняло, каб вас зямля не насіла! Прэч з маёй хаты! Хай вас Бог пакарае, блюзьнеры!

Дапабед хацеў быў ужо заткнуць рот гэтай крыклівай старой, як ён гэта рабіў адным трапным ударам на розных мітынгах і шэсьцях апазыцыі, але словы пра Бога, у кантэксьце сёньняшніх надзвычайных падзей, вокамгненна астудзілі пыл «павадыра». «Адыходзім!» — рыкнуў ён сваім памагатым і сьледам за імі пацягнуў да выхаду непрытомнае цела Калабковіча.

На вуліцы перавялі дух. Дапабед, прыкладаючы сьнег да жудасных кровападцёкаў рэдактара, спрабаваў надаць партнэрам аптымізму: «Нічыво, Паша, нічыво. Ішчо і не такое бывае ў жызьні. Я вот, кагда на чырвона-зялёны бярэт іспытанія прахадзіў, вот тагда нацярпеўся. А тут, Паша, — мелачы». Аднак «Паша» быў іншай думкі: усё цела пульсавала нязвыклым болем, левае вока цалкам заплыло, а на лбе ўскочыў пунсовы гузак. «Трэба ўцякаць! Трэба ўцякаць любой цаной!» — заценькала ў галаве.

Але адразу за крамольнай думкай у сьвядомасьці ўсплыла страшная карціна, як пад навюткім прасам «Тefal» скварыцца ягоны язык… Празь пяць хвілін «калядоўшчыкі» рушылі далей.

Дзьверы наступнай кватэры адчыніў караткастрыжаны граміла ў «цельніку» і зь няўцямнымі ад алькаголю вачыма:

— А, дзе Мішка? Што гэта, мля, за канцэрт? — ён тупа глядзеў на рагатую пачвару перад сабой і ня мог даўмецца: ці гэта хібіць ягоны «дах», ці зь ім нехта нядобра жартуе. Калабковіч усім сваім нутром адчуў, што візыт можа скончыцца мардабоем, так і не пачаўшыся, але напружаньне разрадзіў Дапабед:

— С празьнікам, баец! — не пазнаць калегу ён ня мог. — Дзе служыш, якая часьць? — Неўзабаве адбыліся братаньні, і «павадыр» быў з гонарам запрошаны да стала, дзе піячыла брытагаловая кампанія. На тройцу ж астатніх «калядоўшчыкаў», што пераміналіся з нагі на нагу ля дзьвярэй, увагу зьвярнулі толькі пасьля таго, як Дапабед агораў тры «штрафныя» чаркі і ўзаемныя лабызаньні з саслужыўцамі троху аціхлі.

— Што за ўбогія з табой? — не хаваючы зьняважлівага тону, запытаўся ў «камандзёра» гаспадар кватэры.

— Не зважай. Поўныя прыдуркі, брахуны-барзапісцы, — пазяхнуў ачмурэлы ад гарэлкі і цяпла Дапабед.

— Брахуны? Эта ціпа Петрасяна? То хай і нам пабрэшуць, павесяляць. Празьнік усё-такі! — гаспадар відавочна ўзрадаваўся магчымасьці ўнесьці разнастайнасьць у брутальную п’янку. Яго госьці ўхвальна загудзелі, падтрымліваючы прапанову. «Калядоўшчыкаў» выцягнулі на сярэдзіну пакою, налілі гарэлкі…

Сытна адрыгнуўшы, «павадыр», нібы дырыжор, узмахнуў рукой:

— Песьню давай!

Адмаразоўскі, вырашыўшы, што для такой публікі варта пачынаць зь песьні праверанай, патрыятычнай, набраў поўныя грудзі паветра і зацягнуў:

Мы, белы гусі, — мірныя птахі,

Разам ляцелі ў прывідны рай…

Крывымі галасамі падключыліся-падцягнулі «казёл» і «цыган»:

Доўга ляцелі, моцна пацелі

І прыляцелі ў цёплы сарай…

— Стоп! Харэ! — незадаволена зараўлі за сталом. — Гэтая песьня нас кожны дзень на пастраеніі задрала. Давай што-небудзь душэўнае!

І тады Азьвяронак вырашыў выканаць сваю любімую, яшчэ з часоў дзяцінства, песьню «Прыцягненьне Зямлі». Але, як толькі ён пачаў сьпяваць, у тэксьце невядома з чыёй волі сталі зьяўляцца чужародныя, аднак такія блізкія сэрцу кінадакумэнталіста словы:

Мы — дзеці нянавісьці,

Но самае глаўнае:

Мы — дзеці твае,

Дарагая хлусьня…

Гэтая песьня была ўганараваная сьвістам і аб’едкамі са стала. Калі ж высьветлілася, што «брахуны» ня ведаюць ні «Бацяні-камбата», ні «Пачэму жэ ў Расіі бярозы шумяць», становішча гасьцей стала пагрозьлівым. Толькі дзякуючы аўтарытэту Дапабеда ўдалося дасягнуць пэўнага кампрамісу. За права сысьці фізычна непакрыўджанымі «калядоўшчыкі» мусілі расплаціцца сапраўдным шоў. Адмаразоўскаму прыйшлося выканаць нумар мужчынскага стрыптызу з палатняным мехам (трэба адзначыць, што, круцячы худасочнай задніцай перад крамянымі бугаямі-вайскоўцамі, «механоша» адчуў агідную ўзбуджанасьць), а Калабковічу з Азьвяронкам — станцаваць аргентынскае танга, па чарзе ўвасабляючы мужчынскі пачатак.

Пад зорным калядным небам стаялі і палілі ўжо ўтрох. Дапабед так і ня вырваўся з гарачых абдымкаў «братоў па крыві».

— Ну што? Пярун яго разьбіў?! — раптам вызьверыўся Азьвяронак і кіўнуў на вокны, дзе працягваў баляваць Дапабед. — Вы як сабе хочаце, а я зматваюся. І заўтра ж — у пракуратуру… — Азьвяронак брудна вылаяўся і рашуча затупаў да сталічнай трасы.

— Пачакай, я з табой, — мітусьліва спахапіўся Адмаразоўскі і пабег сьледам за экс-«цыганом». На лаве каля пад’езду застаўся сядзець адзін Калабковіч. Глыбока ўкаранёны інстынкт самазахаваньня падказваў яму, што такое простае завяршэньне калядных прыгод тоіць у сабе прыхаваную небясьпеку. Ён сядзеў, адну за адной паліў цыгарэты, але думкі, якія лезьлі ў галаву, былі пустыя і нікчэмныя. Раптам у далёкім канцы двара пачуўся адчайны тупат і роспачныя крыкі: «Нацыяналісты! Ратуйце! Нацыяналісты!»

Празь якую хвіліну міма рэдактара пранесьліся разбэрсаныя і ўзмакрэлыя ад шалёнай гонкі Азьвяронак з Адмаразоўскім. Кінуўшы позірк у бок меркаванай небясьпекі, Калабковіч у сюррэалістычным сьвятле вулічнага ліхтара заўважыў даволі прадстаўнічы гурт машкоўнікаў з сапраўднай каляднай зьвяздой, скрыпкай, бубнамі і рознымі бразготкамі. Маладыя галасы ладна і звонка выводзілі:

Прыйшлі калядкі ўвечары, ўвечары,

Прынесьлі кілбаскі ў рэшаце, ў рэшаце…

Калабковіч ускочыў, як уджалены. Сумневу быць не магло: нацыяналісты!

А ўжо як яны могуць зьдзекавацца зь людзей, рэдактар цудоўна ведаў. Толькі на мінулым тыдні сам Хазяін, праводзячы чарговую нараду, папрасіў уганараваць хвілінай маўчаньня памяць звар’яцелага дэпутата Кацяна. Гаротніка адлавілі нацыяналісты і змусілі чытаць усю падшыўку сваёй «Нівы», пачынаючы з 1906 году. Ясна, што розум пажылога дэпутата, які і так не вызначаўся цьвёрдасьцю, безнадзейна «паплыў». Цяпер, як казалі людзі, Кацяна можна было перыядычна бачыць ля Міністэрства праўды, дзе ён тыкаў у твар чыноўнікам той самай «Нівай» і голасна патрабаваў: «Дык падпісвайся!»

Калабковіч быў рвануўся бегчы, але зразумеў, што шанцы ў яго невялікія, і нырнуў у найбліжэйшы пад’езд. Цяжка дыхаючы ажно на пятым паверсе, рэдактар зь непадробным жахам заўважыў, як у гэты самы пад’езд кіруюцца і нацыяналісты. Сутаргава начапіўшы маску, Калабковіч кінуўся званіць у дзьверы…

У гісторыі кожнага чалавека, напэўна, ёсьць месца для асабістага жыцьцёвага трылеру. А ў кожным трылеры, як вядома, ёсьць момант ісьціны, калі на белы сьвет ва ўсёй сваёй жудасьці выпаўзае праўда. Так яно сталася і з Паўлам Калабковічам, калі ён воляй лёсу трапіў у кватэру рэальнага, а не фантомнага, прыдуманага аддзелам карэспандэнцыі, Фёдара Праўдзівага. Мужчына сапраўды быў пралетарам і, як і належыць прадстаўніку рабочай клясы, кулакі меў належных памераў і моцы. На гэтым супадзеньні газэтных рэалій з жыцьцёвымі канчаліся. Гаспадар рашуча запатрабаваў сатысфакцыі і за «500 долараў» заробку, і за жудасную трасянку, пад якой паставілі яго імя ды прозьвішча (яшчэ ў школе Фёдар быў пераможцам абласной алімпіяды па мове), і за штодзённыя кпіны сяброў і знаёмых, што пачаліся пасьля злапамятнай публікацыі. Калабковіч здолеў зьесьці толькі дванаццаць з паловай асобнікаў сваёй уласнай газэты (усяго, ратуючыся ад сораму, Фёдар выкупіў у той дзень 17 экзэмпляраў), нягледзячы на тое, што спагадлівая гаспадыня пэрыядычна падносіла ваду і ўсяляк суцяшала гаротнага рэдактара. Апошнім адбіткам у памяці стала тэматычная старонка «Спорт» зь вялікім фатаздымкам Галоўнага лыжніка краіны. Падавіўшыся рэклямай, рэдактар страціў прытомнасьць…

Ужо шосты дзень жонка і сямейныя Паўла Калабковіча баяліся заходзіць да яго ў пакой. Пасьля таго як міліцэйскі патруль знайшоў яго на гарадзкім сьметніку ў кампаніі мясцовых бамжоў, рэдактар стаў непазнавальны для сваіх блізкіх. Прыступы вар’яцкай весялосьці зьмяняліся змрочнай дэпрэсіяй, зьвярыны апэтыт — поўнай абыякавасьцю да ежы… На пытаньні шматлікіх сьледчых і асьцярожную цікаўнасьць сваякоў ён ніяк не рэагаваў. Рэдактар цэлымі днямі праседжваў у сваім кабінэце і нястомна круціў настройку прыёмніка, прагна ловячы айчынныя і замежныя радыёгаласы. «Нашы кампэтэнтныя крыніцы ў кампэтэнтных органах паведамляюць, што лёс генэрала Дапабеда па-ранейшаму не вядомы. Яго бясьсьледнае зьнікненьне…»

«У чацьвер быў выяўлены вядомы тэлевядучы Адмаразоўскі. Адзін з супрацоўнікаў сталічнага тэлебачаньня сустрэў яго ў парку Г., вядомым як традыцыйнае месца збору прадстаўнікоў сэксуальных меньшасьцяў. Апэратар тэлекампаніі спакусіўся на нізкі кошт сэксуальных паслуг, што прапаноўваў адзін ня вельмі густоўна апрануты грамадзянін. І толькі пасьля таго, як супрацоўнік разьлічыўся зь незнаёмцам фляконам адэкалёну «Саша», ён пазнаў у ім свайго непасрэднага шэфа…»

«У элітным дачным пасёлку «Х» нарэшце быў затрыманы загадкавы падпальшчык, які на працягу некалькіх дзён пусьціў дымам 15 катэджаў высокапастаўленых чыноўнікаў сталіцы. У віноўніку падпалаў прызналі тэледакумэнталіста Азьвяронка. На думку псыхіятараў, Азьвяронак стаў ахвярай уласнаствораных візуальных вобразаў: «фашыст з паходняй», «нацыяналіст з пэтардай» і шэрагу іншых». Кожная новая порцыя інфармацыі, якая асьвятляла незайздросны лёс ягоных кампаньёнаў, спараджала на твары рэдактара крывую, зларадную ўсьмешку.

Яму пашчасьціла і на гэты раз! Усе бядоты ўчорашняга «казла» — тузін сінякоў ды працэдуры з клізмай — ні ў якае параўнаньне не ішлі з праблемамі паплечнікаў. «Да таго ж... — тут сэрца Калабковіча салодка абмірала, — у мяне засталося жаданьне. Любое жаданьне!» Пасьля таго, што здарылася, рэдактар быў упэўнены: Бог ня схлусіць! Але загадаць жаданьне Калабковіч не сьпяшаўся, несучы ў сьвядомасьці гэтую ўнікальную магчымасьць так, як носяць хрустальны сасуд, — разважліва і асьцярожна. Перабіраліся сотні, а можа, і тысячы розных варыянтаў. І, калі галоўны рэдактар быў ужо блізкі да прыняцьця канчатковага рашэньня, зазваніў-загрымеў, разбураючы ідылію, патаемны тэлефон, нумар якога ведаў толькі адзін чалавек у краіне.

— Ну, як ты там, стары пярдун, маесься? — да болю знаёмы сіплы голас быў далёкі ад сантымэнтаў.

— Спасіба, Хазяін, нічыво, — як заўсёды прыніжана, адказаў Калабковіч, але пры гэтым моцна вылаяўся ў душы: «Каб цябе чорт пабраў!» Рэдактар на ўсе вушы чакаў, што Хазяін агучыць усьлед за сваім прывітаньнем, але на тым канцы лініі адбылося нешта нечаканае. У слухаўцы былі выразна чуваць гукі няроўнай барацьбы, стогны, адчайныя хрыпы і грукат перакуленай мэблі…

Праз імгненьне ўсё заціхла. Калабковіч спалохана дзьмухнуў у слухаўку. Раз, другі, трэці. Але ў адказ несьліся адно кароткія, як зямное жыцьцё, гудкі…

28 лістапада — 5 сьнежня 2005 году, Полацак

Уладзімер Лобач — пісьменьнік. Жыве ў Полацку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0