Бюджэт 2019 года будзе арыентаваны галоўным чынам на павышэнне заработнай платы і рост аддачы ад рэальнага сектара эканомікі. Пра гэта заявіў міністр фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1», паведамляе БЕЛТА.

Бюджэт 2019 года мае шэраг навацый, сказаў Максім Ермаловіч. «Ключавая задача — дасягненне ўзроўню сярэдняй заработнай платы ў бюджэтным сектары не ніжэй за 80% ад сярэдняй заработнай платы ў сярэднім па краіне. Мы лічым гэта цалкам дасягальным. А затым можна паступова выбудоўваць доўгатэрміновы алгарытм і праграму выхаду на зарплаты ў бюджэтным сектары на сярэднерэспубліканскі ўзровень», — адзначыў Максім Ермаловіч.

Міністр фінансаў падкрэсліў, што краіна ідзе шляхам паступальнага зніжэння дзяржпадтрымкі рэальнага сектара эканомікі. Штогод памер датацый будзе памяншацца на 10%.

«Гэтыя сродкі павінны пераарыентавацца на тыя пытанні, якія бюджэт і павінен вырашыць: дапамагаць будаваць жыллё для насельніцтва, дарогі, укладваць у сацыяльную інфраструктуру, бальніцы, школы, дзіцячыя сады. Таму скарачэнне на 10% дзяржаўнай падтрымкі — гэта ўжо неабходнасць», —- растлумачыў Максім Ермаловіч.

Ён адзначыў, што надыходзіць час, калі рэальны сектар павінен ня падсілкоўвацца з казны, а, наадварот, павялічваць аддачу. «Для гэтага мы цяпер па кожнай галіне, кожнаму прадпрыемству аналізуем бізнэс-планы, глядзім фінансавыя патокі, каб зразумець, наколькі прадпрыемства ў стане абслугоўваць крэдыты самастойна, выходзіць на рэнтабельную працу. Неабходныя сістэмныя захады па навядзенні парадку на прадпрыемствах, аптымізацыі колькасці, скарачэння выдаткаў», — канстатаваў міністр.

У так званых рэгіёнах са складанай эканамічнай сітуацыяй механізм дапамогі таксама будзе зменены.

Замест падатковых прэферэнцый будуць стварацца дадатковыя ўмовы «з пункту гледжання агульнаэканамічных, інвестыцыйных магчымасцяў, прывабнасці гэтых рэгіёнаў, зацікаўленасці мясцовых органаў улады ў развіцці свайго эканамічнага патэнцыялу», — сказаў на заканчэнне Максім Ермаловіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0