flickr.com

ЗША аднавілі санкцыі супраць Ірана, якія былі адмененыя ў 2015 годзе адміністрацыяй Барака Абамы. Дональд Трамп назваў гэта «наймацнейшымі санкцыямі, якія калі-небудзь ўводзілі ЗША».

Абмежаванні ўведзены на гандаль нафтай, банкаўскі сектар, суднаходства. Усяго, па словах дзяржсакратара ЗША Майка Пампеа, санкцыі закрануць 700 іранскіх фірмаў і банкаў.

Паводле яго звестак, працу ў Іране ўжо прыпынілі больш за сто міжнародных кампаній, а экспарт нафты знізіўся больш чым на адзін мільён бараляў у дзень, з 2,8 мільёна бараляў да 1,7 мільёна.

Аднаўленне пакета санкцый ЗША супраць Ірана супала з гадавінай захопу амерыканскага пасольства ў Тэгеране, якія адбыліся ў 1979 годзе падчас Ісламскай рэвалюцыі. У краіне прайшлі памятныя мітынгі, прысвечаныя гэтай падзеі, а вярхоўны лідар, аятала Хаменеі, выступіў з агульнанацыянальнай заявай, паведамляе іранскі тэлеканал Press TV.

«Мэта амерыканскіх санкцый — калечыць і стрымліваць эканоміку Ірана, але ў рэальнасці вынікам стала імкненне краіны да самадастатковасці», — звярнуўся Хаменеі да суайчыннікаў. Ён нагадаў, што супрацьстаянне Тэгерана і Вашынгтона працягваецца з 1979 года, калі быў скінуты лаяльны Вашынгтону рэжым персідскага шаха. «Ужо 40 гадоў працягваецца супрацьстаянне паміж Амерыкай і Іранам, і наш вораг зрабіў нямала крокаў — ад вядзення ваеннай і эканамічнай барацьбы, да вайны з дапамогай СМІ … Галоўная задача Злучаных Штатаў ва ўсім гэтым — зноў дамагчыся дамінавання, якое было ў перыяд тыраніі [шаха], але гэтага не будзе», — сказаў вярхоўны лідар Ірана.

Хаменеі падкрэсліў, што з пункту гледжання Тэгерана, менавіта іранцы атрымалі верх у гэтым 40-гадовым супрацьстаянні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?