Нягледзячы на "некаторыя паляпшэнні", выбары ў Беларусі не адпавядалі стандартам АБСЕ, гаворыцца ў выніковым дакладзе Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ па ацэнцы мінулых парламенцкіх выбараў.

Дакумент апублікаваны на афіцыйным сайце БДІПЧ АБСЕ.

Нагадаем, падчас парламенцкіх выбараў у Беларусі, якія адбыліся 28 верасня, было выбрана 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Ніводзін з прадстаўнікоў апазіцыі ў новы склад ніжняй палаты парламента не прайшоў.

"Неабходны далейшыя сур'ёзныя намаганні, калі Беларусь шчыра жадае правесці сумленныя дэмакратычныя выбары ў адпаведнасці з яе абавязацельствамі ў АБСЕ", — падкрэсліваецца ў дакладзе.

У прыватнасці, лічаць прадстаўнікі БДІПЧ АБСЕ, выбарчае заканадаўства Беларусі не дае магчымасці для "сапраўднай палітычнай канкурэнцыі і роўнага стаўлення да кандыдатаў з боку ўладаў".

У той жа час, зазначаюць эксперты, на гэтых выбарах было "значна палепшана" супрацоўніцтва беларускіх уладаў з членамі місіі БДІПЧ АБСЕ.

"Гэта магло б стаць асновай для блізкага дыялогу пасля выбараў, каб абмеркаваць выкананне найважнейшых стандартаў АБСЕ,
якія могуць істотна садзейнічаць набліжэнню выбарчага працэсу ў Беларусі да стандартаў АБСЕ", — зазначаецца ў дакладзе.

У якасці прыкладу "пазітыўных крокаў", якія былі зроблены ўладамі Беларусі напярэдадні парламенцкіх выбараў, у справаздачы прыводзіцца ўключэнне ў некаторыя выбарчыя камісіі прадстаўнікоў апазіцыі, паўтор пяціхвілінных перадвыбарных ролікаў кандыдатаў па тэлебачанні і радыё, а таксама рэкамендацыя Цэнтрвыбаркама "запячатваць на ноч скрыні з бюлетэнямі на перыяд датэрміновага галасавання".

Аднак, падкрэсліваюць эксперты, беларускае заканадаўства па-ранейшаму "перашкаджае правядзенню выбараў" у адпаведнасці з дэмакратычнымі стандартамі.

Эксперты зазначаюць, што Выбарчы кодэкс Беларусі "не забяспечвае празрыстага механізму захаванасці скрынь з бюлетэнямі пасля пачатку датэрміновага галасавання, а таксама механізму абароны самога бюлетэня".

У дакладзе гаворыцца, што палітычныя партыі адыгрывалі "нязначную ролю" на выбарах.
"Стратэгіяй большасці кандыдатаў было пазіцыянаванне сябе як беспартыйных, асабліва сярод прадстаўнікоў апазіцыі, каб павялічыць шансы на рэгістрацыю", — зазначаецца ў дакладзе.

Большасць апазіцыйных кандыдатаў мелі магчымасць зарэгістравацца і "ніякія кандыдаты не былі выкраслены са спіса", але многім было адмоўлена ў рэгістрацыі "з-за нязначных парушэнняў фармальных патрабаванняў", падкрэсліваецца ў дакладзе.

Акрамя таго, абмежаванні з боку дзяржаўных органаў у мэтах стварэння фармальнай роўнасці паміж усімі кандыдатамі прывялі да "мінімуму месцаў для сустрэч, фінансавання кампаніі і доступу да СМІ".

На думку экспертаў місіі, усё гэта "стварае магчымасці для фальсіфікацый".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?