Перамовы завершыліся нічым. Бакі засталіся пры сваёй думцы. Расейскі бок у кулюарах выказваў незадаволенасьць адсутнасьцю ў беларусаў рэальных прапаноў, альтэрнатыў, варыянтаў. Дэлегацыя зь Менску была настроеная гістэрычна. Спрабавала дамінаваць і патрабаваць, чаргуючы «вы нам вінныя, абавязаныя» з заклікамі да «братэрства» ды «саюзьніцкіх адносінаў».

Выснова з падзеі можа быць толькі адна – Менск выбраў ня проста няслушны фармат перамоваў, ён апынуўся ва ўласнаручна выкапанай пастцы і выбрацца зь яе без староньняе дапамогі таго ж У.Пуціна ня здольны.

Прычына правалу 1 чэрвеня закладзеная ў падрыхтоўцы другога раўнду перамоваў з «Газпромам».

Правал газавых перамоваў, што адбыліся 11 красавіка між кіраўніцтвам ААТ «Белтрансгаз» і ААТ «Газпром», беларускія ўлады схавалі ад насельніцтва краіны, якое, варта адзначыць, няблага разьбіраецца ў праблемах энэргазабесьпячэньня Рэспублікі Беларусь.

Па ўсіх беларускіх тэлеканалах і дзяржыўным друку прайшла сэрыя матэрыялаў, што ў выключна аптымістычным рэчышчы паказвалі ход абмену думкамі ў хмарачосе «Газпрому». Ім не паверылі, што стымулявала стан панікі як у вышэйшым беларускім кіраўніцтве, так і ў дырэктараце, банкаўскай супольнасьці і нават палітычнай апазыцыі. У выніку, замест пошуку альтэрнатыўных рашэньняў газавай праблемыз Масквой, беларускія ўлады заняліся супакаеньнем грамадзтва.

Перш за ўсё зьвяртае на сябе ўвагу «нэўтральная» і вонкава спакойная пазыцыя беларускага прэзыдэнта. Маўчаньне А.Лукашэнкі ня мае прэцэдэнту. Літаральна ва ўсіх газавых канфліктах між Масквой і Менскам, якіх было нямала за дванаццаць гадоў ягонага прэзыдэнцтва, беларускі прэзыдэнт традыцыйна займаў пазыцыю нападніка. Але ў дадзеным выпадку ён не дэманструе ўпэўненасьці.

Аднак, А.Лукашэнка, відаць, зьвязаны жорсткімі дамоўленасьцямі ад 15 сьнежня, не бязьдзейнічае ў кулюарах.

Па-першае, ён ужыў свой фірмовы традыцыйны мэтад ціску на Крэмль з дапамогай канфідэнцыйных размоваў літаральна з усімі адказнымі асобамі, што апынуліся на беларускай тэрыторыі. У прыватнасьці, 15 траўня з Ільлём Клябанавым, дзе А.Лукашэнка імгненна стаў у позу пакрыўджанага саюзьніка, які гатовы ісьці на ахвяры дзеля захаваньня саюзнае дзяржавы («Адмовіцца ад гэтага вэктару значыла б для Лукашэнкі палітычную сьмерць»), але толькі пры ўмове, калі гэтыя ахвяры разьдзеліць зь ім Расея: «Неабходна разумець: сёньня пытаньне не ў цане на прыродны газ. Беларусь гатовая купляць яго ў Расеі і за 200 даляраў за тысячу м³, але толькі ў тым выпадку, калі ў беларускіх і расейскіх суб’ектаў гаспадараньня будуць роўныя ўмовы», то бо А.Лукашэнка яшчэ раз зьвязаў пытаньні льготнага газазабесьпячэньня рэспублікі з расейска-беларускай палітычнай інтэграцыяй. Такім чынам:

  • канстытуцыйны акт саюзнай дзяржавы ні ў якім разе ня мусіць аслабляць саюзную дамову;
  • адзіная грашовая адзінка мусіць уводзіцца толькі пасьля таго, як будзе прыняты шэраг іншых ключавых рашэньняў у рамках саюзнага будаўніцтва, у тым ліку і датычных канстытуцыйнага акту;
  • Беларусь ніколі не адступіцца ад свайго сувэрэнітэту. «Заўжды трэба сыходзіць з таго, што Беларусь – гэта дзяржава».

Па-другое, беларускі прэзыдэнт прыступіў да пошуку аргумэнтаў у сфэры шантажу - пры няроўных умовах павышэньне цэнаў на прыродны газ будзе значыць для Беларусі неабходнасьць пошуку магчымасьцяў для кампэнсацыі гэтага росту цэнаў па іншых кірунках супрацоўніцтва з Расеяй.

Магчыма, што з гэтага моманту пошукі ўзаемавыгодных варыянтаў вырашэньня праблемы пастаўкі газу ў РБ ў 2007 годзе спыніліся і вышэйшае кіраўніцтва Беларусі стала паступова спаўзаць да жорсткай канфрантацыі з Масквой.

Да 1 чэрвеня 2006 году, да новага раўнду перамоваў афіцыйны Менск фактычна разьбіў газавую праблему на тры блёкі: прапановы, пазыцыя, шантаж.

З прапановаў, што застаюцца на ўзбраеньні беларускай дэлегацыі, захаваўся варыянт А.Лукашэнкі, асабіста агучаны ім 28 красавіка ў Санкт-Пецярбургу – абмен 50% акцыяў «Белтрансгазу» на акцыі газаздабывальных расейскіх прадпрыемстваў, здольных здабываць ня менш за 10-12 млрд м³. У цэлым, прапанова А.Лукашэнкі пра абмен акцыямі мае адкрыта зьдзеклівы характар. Заяўленая беларускім кіраўніцтвам цана ААТ «Белтрансгаз» складае 5 млрд. USD, 50% пакет акцыяў – 2,5 млрд. USD.

У прынцыпе, пры стварэньні газатранспартнага расейска-беларускага СП, гаворка ідзе нават не пра куплю, а групіроўкупаловы акцый «Белтрансгазу» ў новым суб’екце гаспадараньня, даходы ад дзейнасьці якога на сталай аснове мусіў быў атрымаць ня толькі «Газпром», але і той жа «Белтрансгаз». Тым ня менш, беларускі бок упэўнены, што за права «Белтрансгазу» мець штогадовы даход ад транзыту і разьмеркаваньня расейскага газу, Расея павінная плаціць Менску яшчэ і допускам да здабываньня 10-12 млрд м³ газу ў Расеі. Між тым, продаж гэтых дзесяці-дванаццаці «кубоў» прыроднага газу ў Эўропе можа прынесьці мінімум 2,35 – 2,82 млрд USD штогод.

Пазыцыя афіцыйнага Менску па-ранейшаму базуецца на выбіральным тлумачэньні саюзных дамоўленасьцяў пра пільнаваньне роўных магчымасьцяў для гаспадарчых суб’ектаў у краінах-партнэрах па стварэньні саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі.

У дадзеным выпадку можна гаварыць, што ў пазыцыі беларускага боку намеціўся невялікі прагрэс: афіцыйны Менск ужо ня ўзгадвае дамову ад красавіка 2002 году, якая дэкляравала газазабесьпячэньне РБ па «смаленскіх» цэнах, але пры ўмове стварэньня расейска-беларускага газатранспартнага СП. Пачынаючы з восені 2002 году беларускі бок упарта выбіральна трактаваў толькі тую частку дамовы 2002 году, якая казала пра распаўсюджваньне ўнутраных цэнаў РФ на беларускіх спажыўцоў расейскага прыроднага газу. Тым ня менш, у саюзных дамовах увогуле немагчыма знайсьці слова «газ», затое там неаднакроць гаворыцца пра ўвядзеньне расейскага рубля ў грашовы зварот РБ, уніфікацыю падаткаабкладаньня, мытаў, грамадзянскага заканадаўства і г. д. Сьвядомае звужэньне саюзных дамоўленасьцяў да права РБ атрымліваць расейскі газ па сымбалічнай цане падрывае аснову расейска-беларускай палітычнай інтэграцыі.

Каб захаваць увесь комплекс прэфэрэнцый і прывілеяў, у беларускага боку ў арсэнале застаецца толькі шантаж. Аднак і ў дадзеным выпадку магчымасьці шантажу ў афіцыйнага Менску звужаныя да ўзроўню міжнародных акцый. Выкарыстаньне ў якасьці «постраху» для Масквы магчымага эканамічнага каляпсу і, як вынік, палітычнага крызысу і пераарыентацыі Беларусі на Захад у сучасных умовах шырока аб’яўленага «росквіту» Беларусі немагчымае.

Немагчымыя і бескарысныя тлумачэньні (шантаж нізкай інтэнсіўнасьці) расейскаму боку пра небясьпеку пасьлядоўнага падаражаньня беларускай прадукцыі і кампляктовых для расейскіх спажыўцоў.

Па-першае, інтэграваньне беларускіх прадпрыемстваў у расейскую эканоміку няўхільна зьніжаецца з аб’ектыўных прычынаў (зьніжэньне традыцыйнай беларускай перавагі – спалучэньня «цана – якасьць», зьніжэньне кваліфікацыі беларускай працоўнае клясы, нізкая матывацыя беларускага дзяржаўнага мэнэждмэнту і маркетынгу).

Па-другое, ростам канкурэнцыі на расейскім рынку аналягічнай беларускай прадукцыі.

Па-трэцяе, хуткім уступленьнем Расеі ў СГА.

Афіцыйнаму Менску застаюцца толькі міжнародныя акцыі і пагрозы развалу саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі:

1. Дэманстратыўнае ігнараваньне ўнёску расейскага народу ў перамогу над фашызмам у прамове А.Лукашэнкі 9 траўня 2006 г.;

2. Згадваньне ў расейскім друку ліста старшыні Рады міністраў РБ С.Сідорскага зь недвухсэнсавымі пагрозамі выйсьці з СД ў разе страты Беларусьсю газавых прэфэрэнцыяў;

3. Публічная арыентацыя РБ на стратэгічнае «партнэрства» з КНР у штогадовым пасланьні прэзыдэнта РБ;

4. Паўторнае выкарыстаньне ў пасланьні А.Лукашэнкі прапагандысцкага прыёму лютага 2004 году: аб’яўленьне РБ перадавым авангардам Заходняй Эўропы (ЭЗ), які церпіць ад росту цэнаў на энэрганосьбіты і прымае на сябе галоўны ўдар. У спалучэньні з інфармацыяй пра дэманстратыўныя спробы афіцыйнага Менску правесьці зандаж у эўрапейскіх сталіцах наконт будучага расейска-беларускага газавага крызысу, «заходні» варыянт шантажу – прыклад адчаю, які ахапіў вышэйшае беларускае кіраўніцтва.

Прыкладам такога самага адчаю зьяўляецца прамільгнулы 17 траўня на сайце беларускага дзяржаўнага агенцтва БЕЛТА артыкулнейкага Віктара Гаўрыша «РУССКИЙ ГАЗават – дело интеграции пахнет керосином?», багаты на заявы ва «ўкраінскім» фармаце:

«Масква ўвосень 2005-га вырашыла пакараць непакорлівую паўднёвую суседку, якая на выбарах пракаціла прарасейскага кандыдата. У выніку ўкраінцы пачалі плаціць за зьмяшаны расейска-туркменскі газ яшчэ ўдвая болей. Для рускіх, напэўна, гэта добра. Але і Расею ўкранцы, трэба думаць, цяпер любяць удвая меней. Гэта, напэўна, дрэнна», «што ж атрымае Расея ад гіпатэтычнага павелічэньня цаны на газ для Беларусі ў тры разы? А атрымае яна зусім не абстрактную праблему, зьвязаную з канчатковым дэмантажом усіх інтэграцыйных праектаў на постсавецкай прасторы», «натуральна, каб расплаціцца за павышэньне газавага каштарысу, беларусам давядзецца зацягнуць паясы, але не да такой ступені. Калі ўкраінская эканоміка адносна лёгка перажыла 2-разовае падаражаньне газу, то і беларуская, па ўсім відаць, дасьць гэтаму рады. Вось толькі беларускаму прэзыдэнту змагацца надалей за інтарэсы братэрскіх славянскіх народаў Беларусі, Расеі ды Ўкраіны будзе не з рукі», «зрэшты, беларусы і ўкраінцы цалкам могуць пачаць сябраваць сваімі сувэрэннымі дамамі проці расейскай хаціны. Міфічны газаправод па дне Балтыйскага мора немцы і расейцы будуць будаваць гадоў сто – ня менш. Затое супольнымі намаганьнямі сынхронна закрыць усе вэнтылі між Сібірру і Эўропай Беларусі і Ўкраіне цалкам па сілах хоць заўтра».

Выснова: пэрспэктыва вываду газавых цэнаў на ўзровень «балтыйскіх» імгненна сарвала зь беларускага кіраўніцтва маску «братэрства» і «саюзьніцтва», выявіўшы праўдзівую вартасьць саюзнае дзяржавы. У дадзеным выпадку перад намі «крык душы» беларускіх уладаў. Масква яшчэ раз пераканалася, што прынцыповай розьніцы ў адносінах да Масквы між Аляксандрам Лукашэнкам і Зянонам Пазьняком няма.

За «пяць хвілін» перад перамовамі:

Умовы, што ўскладняюць пазыцыю беларускага боку перад ІІ раўндам:

  • Посьпех расейскага боку на саміце ЭЗ-РФ (25 траўня), дзе Масква яшчэ раз пацьвердзіла, што допуск да расейскіх здабывальных актываў магчымы толькі ў выпадку адэкватнага допуску ААТ «Газпром» да эўрапейскіх газаразьмеркавальных актываў;
  • Падрыхтоўка да саміту «восемкі» ў Санкт-Пецярбургу;
  • Новая цана імпарту газу з Рэспублікі Казахстан аказалася амаль роўнай прапанаванай ААТ «Газпром» цане;
  • Прапагандысцкая антыбеларуская кампанія, што пачалася ў расейскім друку (уцечкі інфармацыі, закрытыя распараджэньні прэзыдэнта РФ, намёкі на ўваходжаньне Беларусі ў склад Расейскай Фэдэрацыі), немагчымая без адмашкі зьверху;
  • Дзіўнае здранцьвеньне звычайна заўжды выключна актыўнага пралукашэнкаўскага лобі

Гэтыя новыя чыньнікі не былі ўлічаныя беларускім бокам.

Вынік – чарговае фіяска.

Андрэй Суздальцаў

АФН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0