06.11.2018 / 19:19

У Бабруйску спынілі збор грошай на стэрылізацыю бадзяжных катоў праз скаргі жыхароў 11

Калі жыхары выступілі з ініцыятывай сабраць грошы і стэрылізаваць бадзяжных катоў раёна, бабруйскі прытулак для бяздомных жывёл падтрымаў ідэю і прапанаваў сваю дапамогу. Аднак праз чатыры месяцы грамадскі праект фактычна спыніўся.

Па словах старшыні прытулку «Дабрадзейнасць» Ірыны Кавалеравай, гэтая ідэя ўзнікла ў жыхароў у чэрвені. Яны звярнуліся ў мясцовую зоакраму, дзе ўжо стаяла скрыня для збору дапамогі прытулку, і пацікавіліся, ці можна паставіць яшчэ адну скрыню, куды б пакупнікі маглі ахвяраваць грошы канкрэтна на стэрылізацыю бяздомных катоў у іх раёне.

Прадавец зоамагазіна звязалася з дырэктарам прытулку, і ўжо ўсе разам вырашылі, што гэта добрая ідэя, якую трэба рэалізаваць.

За чатыры месяцы актывістам удалося стэрылізаваць дзевяць катоў, у найбліжэйшы час стэрылізуюць яшчэ двух (аперацыя для кошак каштуе 25 рублёў, для катоў — 15 руб). Але ў сярэдзіне верасня яны былі вымушаныя згарнуць гэтую дзейнасць.

— Не ўсім наша ідэя спадабалася, — кажа Ірына Кавалерава.

Аказалася, што актывісты і жыхары раёна не зусім зразумелі адзін аднаго. Валанцёры чакалі, што грамадзяне будуць звяртацца да іх з просьбай стэрылізаваць канкрэтную кошку. Жыхарам дастаткова было злавіць жывёлу і патэлефанаваць валанцёрам — тыя самі прыязджалі, забіралі кошак, дастаўлялі да ветэрынара, затым вярталі назад.

Аднак, як паказала практыка, некаторыя жыхары лічылі, што, раз яны ахвяруюць грошы, адлоўліваць жывёл у іх дварах павінны не яны самі, а таксама валанцёры. І калі ўбачылі, што гэтага не адбываецца, пачалі скардзіцца і вінаваціць актывістаў «Дабрадзейнасці», а заадно і прадаўца зоамагазіна, дзе стаяла скрыня для збору сродкаў, у нядобрасумленнасці.

У выніку аказалася, што прасцей прыбраць скрыню і згарнуць збор сродкаў, чым вырашаць канфлікты.

0
0 / Адказаць
06.11.2018 / 19:36
Калі б валанцёры пачалі адлоўліваць катоў, гэтыя жыхары пачалі б скардзіцца на валанцёраў.
0
Алесь Тыбул / Адказаць
06.11.2018 / 19:39
Гэта Бабруйск, дзiцятка!
0
майский жук / Адказаць
06.11.2018 / 19:56
Не делай добро, не получишь зло. Эх, граждане и гражданятки
Паказаць усе каментары/ 11 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру