10.11.2018 / 13:26

Адэпты СССР тэрарызуюць чыноўнікаў: давялі дэпутата да істэрыкі, на ўпаўнаважанага па справах рэлігій выклікалі АМАП. Хто яны? ВІДЭА 186

Міліцэйскі патруль заходзіць у кабінет да ўпаўнаважанага па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў, былога міністра культуры Леаніда Гулякі. У таго на прыёме некалькі візіцёраў. Гэта яны выклікалі праваахоўнікаў, каб застрашыць чыноўніка.

Мужчыны падхопліваюцца. «Мы прыйшлі ў арганізацыю і папрасілі дакументы ў гэтага чалавека — кім ён упаўнаважаны на знаходжанне тут?» — звяртаюцца яны да амапаўцаў, паказваючы на Гуляку.

Правахоўнікі, не разумеючы, што за бяздарны спектакль разыгрываецца перад імі, удакладняюць у Гулякі: дык чаму ён не паказвае дакументы візіцёрам?

«Вы пытанні свае аналізуйце, таму што я пасля сканчэння сустрэчы Шуневічу пазваню! І рабіце адэкватныя высновы! Я ў сваім кабінеце! Гэта тэатр абсурду! У кабінеце ўпаўнаважанага па справах рэлігіі АМАП! Дапрацаваўся! АМАП у маім апараце!» — завёўся Гуляка, паўтарыўшы, што не пакажа дакументы прынцыпова, бо гэта не прадугледжана ніякімі нормамі. 

Дык што за цырк адбываецца ў кабінеце?

Жывыя чалавекі без грамадзянства Беларусі

Напрыканцы кастрычніка на Ютубе адно за адным пачалі з'яўляцца відэа, зробленыя актывістамі «Земстваў Белай Русі». 

Гэта такія людзі, якія называюць сябе «Жывымі чалавекамі-суверэнамі» і адмаўляюць грамадзянства Беларусі. 

Замест гэтага яны друкуюць сабе яркія пасведчанні. 

Фота са старонкі УКантакце

Пераказваць дагматы гэтых людзей складана — можна патануць у бясконцых падрабязнасцях. 

Асноўная ідэя «чалавекаў» у тым, што ніякага распаду СССР не было: маўляў, адпаведных дакументаў няма. А значыць, «на акупаванай тэрыторыі БССР узнікла юрыдычная фірма РБ, якой кіруе гаўляйтар Лукашэнка». Апроч гэтага, «ніякіх грамадзян Рэспублікі Беларусь няма, бо савецкае грамадзянства ніхто не скасоўваў, таму цяперашнія пашпарты — гэта аўсвайсы для перасоўвання на часова акупаванай тэрыторыі». 

У пацверджанне сваіх выдумак «чалавекі» надзёргалі розных фармулёвак з усялякіх законаў: ад Дэкларацыі правоў чалавека да Канстытуцыі СССР.

У сваіх высновах яны прыйшлі да таго, што ўсё навокал — незаконнае, і толькі яны жывуць у рэальным прававым свеце. Абвесцілі сябе адзінай сапраўднай уладай, пісьмова паведамілі пра гэта «псеўдадзяржаўным» органам Беларусі, назваліся «жыванароджанымі чалавекамі» і ўзяліся хадзіць па чыноўніках, каб даводзіць ім новыя парадкі. 

Фрагмент «уведамлення» ўсім сілавым ведамствам, міністэрствам і органам улады

«Мы — рэальная ўлада. СССР не разваліўся»

Усе свае паходы перамоўная група з 3—4 чалавек звычайна фіксуе на відэа. 

Так, яны ўжо хадзілі на прыёмы ў Генеральную пракуратуру, Мінгарвыканкам, да дэпутатаў, да ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі.

У час сваіх паходаў гэтыя людзі паводзяць сябе наступальна, пачынаючы канфлікт ад самага старту: адмаўляюцца паказваць уласныя пашпарты, замест гэтага тыкаюць сваімі паперкамі, але патрабуюць ад чыноўнікаў іх пасведчанні і пашпарты. 

Гэта ўжо і становіцца падставай пачаць лекцыю на тэму, што «ў вас усё несапраўднае — і пасведчанне, і вы самі». 

Вось, напрыклад, стэнаграма размовы з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Віталём Місяўцом: 

«Земствы»: Можна глянуць вашае пасведчанне?

Місявец: Вы да каго прыйшлі? Што вам паказаць? Ёсць сайт парламента, аб’яднання «Белая Русь», глядзіце там. 

«Земствы»: Можна паглядзець пасведчанне?

Місявец: Я пакажу, але ніхто дагэтуль не прасіў такога.

«Земствы»: Ну звыкайцеся.

Місявец: Што значыць?

«Земствы»: Так цяпер будзе заўсёды.

Місявец: Так нельга хаміць, што гэта такое? Вы па дапамогу прыйшлі?

«Земствы»: Мы — орган улады.

Місявец: Ага…

«Земствы»: Згодна з трэцім артыкулам, народ ажыццяўляе ўладу непасрэдна. Нам непатрэбныя дэпутаты, мы ажыццяўляем уладу непасрэдна, без прадстаўнічых органаў. Ніякіх дэпутатаў няма нават. Пакуль мы паведамляем вам асабіста.

Наша задача — кіраваць непасрэдна. Мы жывём усе ў БССР, ніякіх грамадзян Беларусі няма і быць не можа, гэта спектакль, фікцыя. А мы — ёсць. І мы рэальная ўлада. На чым мы грунтуемся? Вы памятаеце 1991 год і што было дагэтуль, як СССР разваліўся. Дык вось, ён не разваліўся, ён існуе, юрыдычна ён ёсць, але проста часова распушчаныя органы ўлады. 25 год адбывалася акупацыя, узніклі карпарацыі РФ і РБ, гаўляйтар Аляксандр Рыгоравіч кіруе фірмай, якая зарэгістраваная ў ЗША.

Дэпутатамі могуць быць толькі грамадзяне. Вы лічыце сябе грамадзянінам Рэспублікі Беларусь?

Місявец: Так

«Земствы»: А як вы гэта можаце пацвердзіць.

Місявец: Пашпарт у мяне ёсць.

«Земствы»: Пашпарт не з’яўляецца пасведчаннем грамадзянства.

Місявец: А што з’яўляецца?

«Земствы»: Пасведчанне аб нараджэнні. У вас ёсць?

Місявец: Ёсць, я нарадзіўся ў Казахстане.

«Земствы»: Значыць, у СССР!

Місявец спачатку не зразумеў, што гаварыць з гэтымі людзьмі бессэнсоўна, і спрабаваў пераконваць іх, але пад канец не вытрымаў, разышоўся і параіў гасцям звярнуцца да псіхіятраў.

Але Віталь Місявец яшчэ лёгка адчапіўся!

Калі прадстаўнікі гэтых «Земстваў» прыйшлі да Леаніда Гулякі, то для пачатку яны вывелі з раўнавагі падначаленую чыноўніка сваімі самаробнымі пасведчаннямі, якія паказвалі замест пашпартоў.

Але Гуляка, хаця і меў права не прымаць асоб, якія не прадставіліся, усё ж вырашыў пагаварыць з імі. 

І тут жа яго ўльтыматыўна папрасілі прадставіцца, той не зразумеў гэтага:

Леанід Гуляка: Што значыць? Вы прыйшлі да мяне.

«Земствы»: А можа, вы самазванец?

Леанід Гуляка: У такім выпадку — да пабачэння.

«Земствы»: Дакументы вашы!

Леанід Гуляка: У гонар чаго?

«Земствы»: Вы абавязаны прадставіцца. Калі не, то Кнігу скаргаў — і выклікаем міліцыю.

Леанід Гуляка: Міліцыю?! Глядзіце, каб вас не забрала яна!

«Земствы»: Я выклікаю міліцыю.

Леанід Гуляка: Выклікайце!

«Земствы»: Нам паложана разабрацца з вашай арганізацыяй — вы хто такія ўвогуле?

Леанід Гуляка: Мы ў нейкім тэатры абсурду!

«Земствы»: Вы тут галоўны акцёр, атрымліваецца! Дакажыце нам, што вы грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Вы заяўляеце, што вы чыноўнік нейкай дзяржавы. Значыць, нейкі чалавек заяўляе, што ён нехта там. Доказы? 

Гэтая пікіроўка вялася, пакуль у кабінет сапраўды не зайшлі два супрацоўнікі АМАП. 

Урэшце міліцыянты прапанавалі «чалавекам» праехаць у аддзяленне, каб там аформіць заяву на Гуляку, калі яны так хочуць. Чым усё скончылася, невядома. 

Прынамсі Гуляка паабяцаў, што больш яны ў ягоны будынак не зойдуць.

Але не ўсе рэагавалі на прадстаўнікоў «Земстваў» так эмацыйна. 

У прыватнасці, калі тыя зайшлі ў нейкі з раённых пунктаў аховы правапарадку, то афіцэр выслухаў іх з усёй спагадай: 

«Земствы»: Мы хочам увайсці ў раду грамадскага пункта аховы правапарадку. 

Афіцэр: Каб вам увайсці ў раду, вам трэба звяртацца ў тэрытарыяльныя выканкамы або адміністрацыю.

«Земствы»: Хах, вельмі цікава. Мы — улада, і павінны прасіць унесці нас у спісы ў нейкага выканкама, які нам мусіць падпарадкоўвацца?

Афіцэр: Я разумею. Але спісы і склад складаюць яны.

«Земствы»: Мы гэтаксама можа фармаваць.

Афіцэр: Я разумею.

«Земствы»: Мы не зусім зможам увайсці, трэба сказаць, у гэтую раду. Мы грамадзяне Савецкага Саюза.

Афіцэр: Я разумею. 

І такіх відэа гэтыя людзі выклалі з тузін, пераказваць усе мы не будзем.

«Наша задача — стварыць новы Савецкі Саюз»

Дык хто яны такія? 

«Мінскім земствам» кіруюць тры асобы — Сяргей Созінаў, Аляксей Сакалоўскі і Алег Галіота. Яны называюць сябе «ўпаўнаважанымі». 

«Наша Ніва» звязалася з Созінавым, каб высветліць некалькі пытанняў. 

Найперш той адзначыў, што група актыўна працуе каля года. 

«Мы ў статусе «савецкі чалавек». Наша задача — выканаць волю народа, стварыць новы Савецкі Саюз на прынцыпах чалавека», — пачаў ён паўтараць мантры, вядомыя па відэа. 

НН: Ні на адным відэа вы не адказваеце на пытанне, чым займаецеся, дзе працуе, адкуль бярэце грошы.

Созінаў: Гэта добрае пытанне, мне таксама цікава — адкуль людзі бяруць гро…

НН: Канкрэтна вы. 

Созінаў: Гэта пытанне не па тэме, вы лезеце ў маю кішэню. 

НН: Калі вы нідзе не працуеце, выдаткоўваеце рабочы час на прыёмы, і пры гэтым нешта ясцё, то можна падумаць, што гэтыя паходы — і ёсць вашая «работа», за якую нехта плаціць. І вашае непрызнанне крыніц існавання толькі пашырае прастору для інтэрпрэтацый.

Созінаў: Нам фіялетава. 

НН: Колькі людзей у вашых земствах? А ўнёскі ёсць?

Созінаў: Няма фіксаваных памераў унёскаў. Колькі людзей — не скажу [у суполцы «Укантакце» 102 чалавекі — Рэд.]

НН: І хто распараджаецца гэтымі сродкамі? 

Созінаў: Рада земства. Тры чалавекі.

Таксама Созінаў запэўніў, што яны «будуць смяяцца апошнімі», і ў хуткім часе пад іх кантроль пяройдуць усе адміністрацыйныя будынкі, бо «людзі прачнуцца».

І тут варта ўспомніць пра ранейшыя публікацыі «Нашай Нівы». 

Чытайце: Беларускі пашпарт — «аўсвайс», Лукашэнка — «гаўляйтар»: гомельскі блогер праводзіць у Мінску семінары пра тое, што ўсе мы — грамадзяне БССР

Памятаеце таго гомельскага блогера з расійскімі каранямі, які вучыў прыкідвацца грамадзянінам СССР і такім чынам пазбягаць аплаты камуналкі?

Дык вось, усе гэтыя Cозінавы і Пупырыны — дзеячы аднаго аб'яднання. 

Хіба што Пупырын лепш ведае справу — ён не спрабуе давесці сваю праўду да чыноўнікаў, а стрыжэ грошы з легкаверных абывацеляў. 

Пры гэтым грошы не малыя — так, у снежні запланаваная чарговая лекцыя Пупырына ў Мінску, і, каб паслухаць прамову аб неіснаванні беларускай дзяржавы, трэба заплаціць 126 рублёў. 

Усе дзеячы «Мінскага земства» з'яўляюцца слухачамі Пупырына. 

Фрагмент лекцыі Пупырына ў Мінску

Дарэчы, скандальны лектар Андрэй Іваноў, які чытаў лекцыі беларускім чыноўнікам пра тое, што «з 1991 года наша краіна акупаваная», — таксама паплечнік Пупырына. 

Чытайце: «З 1991 года наша краіна акупаваная». У інтэрнэт трапіла шакуючае ВІДЭА семінара для беларускіх ідэолагаў

Слухачы лекцый Іванова ў Нясвіжскім райвыканкаме — ідэолагі дзяржаўных устаноў. 

Яшчэ адзін ідэолаг руху ў Беларусі — Мікалай Бураў, выпускнік Акадэміі кіравання пры прэзідэнце.

Гэты пайшоў яшчэ далей і выстаўляе рахунак за кансультацыі па тэме «як стаць чалавекам» проста УКантакце. 

У сваю чаргу, усе гэтыя людзі захапляюцца і піяраць ідэалогію «КОБ».

«КОБ» перакладаецца як «Канцэпцыя грамадскай бяспекі». Прыхільнікі гэтай тэорыі вераць у існаванне «глабальнага надыўдзейскага прэдыктара», створанага 3500 год таму 22 старажытнаегіпецкімі «жрацамі-іерафантамі», які кіруе, у тым ліку, і «Сусветным масонскім урадам».

АЯ

8
Centurion / Адказаць
07.11.2018 / 15:57
І вось ніхто не выклікае дурку, мянтоў... некаму ж можна? 
7
I'm sorry, Dave. I'm afraid I can't do that / Адказаць
07.11.2018 / 16:04
Паразітуюць на адсутнасці нацыянальнай ідэнтычнасці ў чыноўнікаў і дзяржаўных аб'яднанняў. Як грыбы, што паразітуюць на насякомых. 
Ленін-грыб.
35
Перфекцыяніст / Адказаць
07.11.2018 / 16:08
Тролі 80-га ўзроўню. Малайцы! Вучыся, апазіцыя, як патрэбна дзейнічаць, а не сюсюкацца з уладамі і рабіць выгляд, што ў краіне ёсць закон.
Паказаць усе каментары/ 186 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру