08.11.2018 / 11:14

Пад Маладзечнам ласіха справакавала ДТЗ з трыма аўтамабілямі 1

Аварыя на 50-м кіламетры трасы Мінск — Маладзечна — Нарач адбылася 7 лістапада ў 18.43. ДТЗ з удзелам трох аўтамабіляў справакавала ласіха.

Як распавёў kraj.by інспектар ДПС Дзяніс Каралькевіч, маршрутка Мінск — Маладзечна рухалася па трасе з боку Мінска.

Недалёка ад павароту на вёску Гранічы з левага боку з кювета на праезную частку выбегла ласіха. У святле фар сустрэчнай машыны кіроўца маршруткі паспеў разгледзець жывёлу і, каб прадухіліць сутыкненне, стаў тармазіць. Але не паспеў і збіў ласіху.

Ласіха ўдарылася мордай аб левую частку лабавога шкла. Маршрутка спынілася, пасажыры не пацярпелі.

— Пасля сутыкнення з маршруткай ласіху адкінула на сустрэчную паласу, па якой з боку Маладзечна ехала «Хонда Цывік». Кіроўца легкавіка, 26-гадовая маладзечанка, таксама сутыкнулася з жывёлай і страціла кантроль над «Хондай». Аўтамабіль выехаў на «сустрэчку», дзе лоб у лоб урэзаўся ў «Кіа Шума».

На гэтым здарэнне не скончылася. Паводле слоў пасажыра маршруткі вядома: пасля ўдару ў «Кіа» «Хонда» рэзка разагналася і заднім ходам па дыяганалі паехала ў бок маршруткі, вылецела ў кювет і ўрэзалася ў прыдарожнае дрэва.

Што здарылася з аўтамабілем, дакладна невядома. Магчыма, у выніку ДТЗ у «Хондзе» заклініла аўтаматычную скрынку перадач.

0
Уладзімір / Адказаць
10.11.2018 / 19:30
А што з ласіхай здарылася??
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру