У гродзенскай гімназіі № 6 ужо шмат гадоў стаіць помнік — бронзавая галава Фелікса Дзяржынскага. Яго не толькі не прыбіраюць, а наадварот — ладзяць святочныя мерапрыемствы і ўскладаюць кветкі.
Фота — grodnonews.by
Нядаўна помнік абнавілі. Галаву рэвалюцыянера паставілі на вялікі гранітны пастамент.
«Работы маштабныя і закранаюць не толькі сам бронзавы бюст, але і будынак гімназіі. Па задуме аўтараў, фасад, калоны і помнік створаць адзіны скульптурны комплекс», — пісала пра гэта «Гродзенская праўда».
Дырэктарка гімназіі Таццяна Махнач пацвердзіла «Нашай Ніве»: «Правялі грандыёзную масштабную работу!»
Але рабілася ўсё не за кошт гімназіі ці бацькоў, супакоіла дырэктарка, дапамагалі спонсары.
Хто спонсар? Камітэт дзяржбяспекі, прызналася Махнач.
Таццяна Махнач. Фота — grodnonews.by
Але навошта ўвогуле ў гімназіі Дзяржынскі?
«Дзяржынскі тут на працягу 30 гадоў. Будынак гімназіі знаходзіцца на вуліцы Дзяржынскага, а помнік мусіць быць прымеркаваны да нейкага сацыяльнага аб’екта. Чаму яго прыбіраць, дый куды? — адказвае дырэктарка. —
Музей Дзяржынскага таксама плануецца. Дакладней, у нас ужо ёсць школьны музей, проста там будзе вялікая экспазіцыя, прысвечаная асобе і дзейнасці Дзяржынскага. Гэта пакуль у перспектыве».
Што будзе ў тым музеі? Ці будзе ўзгадвацца Чырвоны тэрор? Карная палітыка СССР?
«Што будзе там? Калі будзем адкрываць, то запросім гасцей. Прыязджайце і пабачыце. Усё, праз што можна выхоўваць годных грамадзян Беларусі, там будзе», — адказала дырэктарка.
Але як можна выхоўваць годных грамадзян з дапамогай Дзяржынскага? На гэтае пытанне спадарыня Махнач адказваць не захацела.