ЗША ўводзяць санкцыі ў дачыненні да трох фізічных асоб і дзевяці арганізацый у сувязі з анексіяй Крыма і агрэсіяй на Данбасе. Пра гэта заявіў у чацвер спецпрадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША па Украіне Курт Волкер, паведамляе «РИА Новости».
«Сёння Злучаныя Штаты ўводзяць фінансавыя санкцыі, новыя санкцыі, якія адносяцца да Крыма і Данбаса… Гэта санкцыі ў дачыненні да трох фізічных асоб і дзевяці арганізацый, якія падтрымліваюць спробы Расіі інтэграваць Крымскі рэгіён Украіны праз прыватныя інвестыцыйныя і прыватызацыйныя праекты або якія датычныя да сур'ёзных парушэнняў праў чалавека», — сказаў ён.
У чорны спіс трапілі трое грамадзян Украіны і Расіі — украінец Аляксандр Басаў, ураджэнец Крыма, украінец Андрэй Сушко і ўраджэнец Жытомірскай вобласці, грамадзянін Расіі Уладзімір Зарыцкі.
Сярод кампаній і арганізацый, супраць якіх уводзяцца санкцыі, — крымскія санаторыі і гатэлі, а таксама «міністэрства дзяржаўнай бяспекі ЛНР».