Леху Качынскаму не шанцуе з самалётамі. Падчас верасьнёўскага візыту ў Грузію прэзыдэнт Польшчы пасварыўся з капітанам. У кастрычніку вакол самалёта ўсчаўся сканадал зь візытам Качынскага ў Брусэль. А ўчора ўрадавы самалёт сапсаваўся падчас візыту ў Манголію.

Урадавы Ту-154 — самая вялікая машына ў распараджэньні польскіх чыноўнікаў найвышэйшага зьвяна. Да гэтага часу яна прыносіла польскаму прэзыдэнту болей турботаў, чым радасьці. Пакуль з Расеі вязуць запасныя часткі, Качынскі просіць купіць нарэшце новы самалёт.

У верасьні Лех Качыньскі разам з прэзыдэнтамі Літвы й Эстоніі, а таксама прэм’ерам Латвіі выправіўся ў Грузію, каб выказаць сваю падтрымку прэзыдэнту Саакашвілі. І па дарозе пасварыўся зь пілётам урадавага самалёту. Той вырашыў ляцець толькі да Азэрбаджану й патлумачыў, што просты пералёт да сталіцы Грузіі занадта небясьпечны. Рашэньне пілёта не спадабалася Леху Качынскаму й той прыйшоў яго сарамаціць, маўляў «афіцэр павінен быць менш пужлівым». Але самалёт усё-такі прызямліўся ў Азэрбайджане, і незадаволены прэзыдэнт паабяцаў, што як толькі вернецца дахаты, «навядзе ў гэтай справе парадак». Але на абарону пілёта стаў сам міністар абароны Богдан Кліх.

У кастрычніку Лех Качынскі сабраўся ляцець на саміт у Брусэль, хоць першапачаткова было вырашана, што туды ляціць прэм’ер з сваімі міністрамі. Канцэлярыя Дональда Туска прэзыдэнту ва ўрадавым самалёце адмовіла:

«Мы не блякуем выезд прэзыдэнта ў Брусэль, а толькі хочам паказаць, што візыт прэзыдэта на саміт будзе насіць прыватны характар».

Некалькі дзён «ветлівай перапіскі» між прадстаўнікамі прэзыдэнта й прэм’ера не прывялі да паразуменьня, і на ўрадавым самалёце ў Брусэль паляцеў польскі прэм’ер. Прэзыдэнт прыбыў назаўтра — чартэрным рэйсам.

Учора, 2 сьнежня, Леху Качынскаму не замінаў ужо ані пілёт, ані Дональд Туск. Сама машына перастала слухацца. Калі прэм’ер ужо пашыбаваў на борт, высьветлілася, што ўрадавы Ту-154 «замёрз» на мангольскім аэрадроме, сапсавалася электроніка.

«Дзячу Богу, што спадарства і я можам далей размаўляць», — сказаў пасьля Лех Качынскі журналістам.

Паломка самалёту сталася нагодай для новай дыскусіі пра закупку новых самалётаў для польскі высокапастаўленых чыноўнікаў. Прэзыдэнт прапанаваў ураду, каб той зрабіў у гэтай справе «адпаведныя крокі».

«Пры гэтым мяркую, што пакупка ўжываных самалётаў, бо я чуў гэткую прапанову, для такой краіны як Польшча, альбо для вялікай эўрапейскай дзяржавы, ёсьць поўным непаразуменьнем, адсутнасьцю павагі да дзяржавы», — не прамінуў дадаць Лех Качынскі.

Паводле politbiuro.pl, gazeta.pl

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?