15 снежня ў Мінск прыбудзе місія Міжнароднага валютнага фонду (МВФ), каб працягнуць перамовы па выдзяленні Беларусі стабілізацыйнага крэдыту ў памеры 2 млрд. долараў ЗША. Пра гэта БелаПАН паведамілі ў беларускім прадстаўніцтве фонду.

Акрамя таго, з 8 па 15 снежня ў Беларусі па запрашэнні Нацыянальнага банка будзе працаваць місія тэхнічнага садзеяння па пытаннях грашова‑крэдытнай палітыкі.

Як паведамляў БелаПАН, з просьбай выдзеліць рэзервовы крэдыт у памеры 2 млрд. долараў Беларусь звярнулася да МВФ у сярэдзіне кастрычніка.

Эксперты фонду працавалі ў Мінску з 27 кастрычніка па 22 лістапада.
«Беларусь звярнулася па атрыманне гэтага крэдыту ў мэтах павелічэння дзяржаўных золатавалютных рэзерваў і стварэння «падушкі бяспекі», неабходнай для стабільнай работы эканомікі ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу», — патлумачылі ў Нацбанку.

Пасля таго як усе тэхнічныя пытанні, якія тычацца магчымага выдзялення крэдыту, будуць узгодненыя бакамі, адпаведны пакет дакументаў павінен быць прадстаўлены выканаўчаму савету МВФ для канчатковага зацвярджэння.

Першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур, адказваючы на пытанні журналістаў 27 лістапада, зазначыў, што пазітыўна ацэньвае ход перамоў і спадзяецца на іх завяршэнне ў снежні.

Пры гэтым ён не пацвердзіў і не абверг інфармацыю аб тым, што ў якасці адной з умоў выдзялення Беларусі крэдыту МВФ прапанаваў 20‑працэнтную дэвальвацыю беларускага рубля.

«Беларускі рубель у адпаведнасці з Асноўнымі кірункамі крэдытна‑грашовай палітыкі прывязаны да долара, у якога былі даволі рэзкія ваганні адносна іншых валют, — зазначыў П.Калаур. — Ва ўмовах ваганняў сусветных валют абменны курс беларускага рубля таксама вагаецца ў пэўным калідоры. Але нашы ваганні знаходзяцца і будуць знаходзіцца ў строгай адпаведнасці з Асноўнымі кірункамі грашова‑крэдытнай палітыкі».

Паводле слоў П.Калаура, МВФ не разглядае нейкія жорсткія ўмовы, а звяртае ўвагу на неабходнасць адэкватнай карэкціроўкі курсу з улікам змены абменных курсаў іншых валют.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0