«Шмат пражыў, а перажыў яшчэ болей», — кажа пра сябе Уладзімір Лялькоў, якому споўнілася 90 гадоў. Ягоны лёс — архетыповы для інтэлігента таго пакалення. Сын праведніка свету, «вораг народу», у вайну ён быў дырэктарам гімназіі ў Мар’інай Горцы, за што адседзеў у Інце амаль дзесяць гадоў.

«Неяк я вярнуўся з школы, а ў хаце вэрхал, поўна чужых людзей. Маці ў слязах, кажа, што бацьку арыштавалі. Аказваецца, «камбедаўцы» прыйшлі выграбаць у нас хлеб. Кінуўся на аднаго з іх з палкай, але мяне выштурхалі ў сені.

Там на вочы мне трапіў серп. Узяў я яго і распаласаваў самы вялікі мех з пшаніцай — ад верху да нізу. Было мне гадоў адзінаццаць ці дванаццаць», — прыгадаў спадар Уладзімір свой першы антысавецкі выступ. Канфлікт з савецкай уладай быў непазбежны, бо сям’я ягоная была адносна заможнай. Жылі на хутары, трымалі гаспадарку, а таму мелі што на стол пакласці ды на плечы апрануць. «Што казаць, дзяцінства ўспамінаю з радасцю, бо хоць і працаваць даводзілася, але і мелі з таго».

Вучыўся і вучыў

Навуку ў сям’і цанілі. Бацька Кандрат меў школьную адукацыю, наймаўся да багацейшых хатнім настаўнікам. Працаваў у ксяндза, потым у бацюшкі. Жывучы ў апошняга, і веру страціў: бацюшка, які заклікаў людзей пасціцца, сабе ні ў чым не адмаўляў. Маці скончыла колькі класаў, была шчырай верніцай.

Пасля сямігодкі Уладзімір паступіў у Рагачоўскі Белпэдтэхнікум. Паралельна з тэхнікумам скончыў курсы выкладчыкаў беларускай мовы. А там і ў Камуністычны інстытут журналістыкі падаўся. Але правучыўся нядоўга — у інстытуце, як і паўсюль, адмянілі стыпендыю, а ў бацькоў, чыю гаспадарку падкасіла калектывізацыя, грошы браць не захацеў.

Пайшоў настаўнічаць, перад вайной трапіў дырэктарам у няпоўную сярэднюю школу ў Балочу (сёння — Пухавіцкі раён). Прыкладна ў той жа час пачаў друкавацца ў мясцовай раёнцы.

Дзесяць курэй ад каменданта Шульца

З пачаткам вайны з лесу пачалі завітваць партызаны. Адзін з іх, стары знаёмец, настойліва параіў спыніць навучанне, а каб паскорыць справу, паабяцаў спаліць школу. Давялося прыслухацца да парады. Да ўсяго, былы загадчык РАНА Мар’інай Горкі прапанаваў дырэктарства ў жаночай гімназіі. Тут вучыліся ў асноўным вучаніцы мясцовых школаў. Навучанне ратавала ад высылкі на працы ў Нямеччыну.

«Камендантам мястэчка быў былы нямецкі настаўнік Шульц. Гэта адчувалася, бо вельмі прыязна да нас ставіўся», — узгадвае сп.Лялькоў. Неяк пад Новы год настаўнікі захацелі арганізаваць святочны вечар. Пайшлі да каменданта, і той загадаў выдаць мех мукі на гарэлку і дзесяць курэй». Прамова ў навагоднюю ноч пра тое, як упёкся беларусам «бацька ўсіх народаў», яшчэ адгукнецца дырэктару гадамі лагеру.

«Няхай Бог абнясе беларусаў ад такога ліха, як тая вайна. Але разам з тым гады вайны былі зорным часам для беларускай мовы.

У нашай гімназіі ўсе прадметы выкладаліся па-беларуску. Нават настаўнікі з Расіі мусілі вывучыць мову, каб выкладаць геаграфію ці прыродазнаўства», — кажа Уладзімір Лялькоў.

А сярод выкладчыкаў былі розныя. Дзве маладыя настаўніцы, якіх узялі на працу, вельмі хутка пачалі сустракацца з нямецкімі афіцэрамі.

«Зрабіў ім заўвагу, што кепскі прыклад даюць вучням, то паабяцалі перадаць мае словы куды трэба», — усміхаецца стары настаўнік.

Той жа камендант у 1944-м параіў з’ехаць з мястэчка. Па дарозе Уладзімір Кандратавіч вымушана раздзяліўся з сям’ёй і трапіў у Германію.

Арышт, суд і турэмныя універсітэты

У Германіі Уладзімір не забавіўся. Фільтрацыйны лагер, дарога дамоў. На радзіме сустрэў заканчэнне вайны, уладкаваўся настаўнікам. Працаваў нядоўга. Неяк у 1946-м вярнуўся з працы. У хаце незнаёмыя мужчыны, сказалі, што трэба паехаць з імі ў Гомель на адмысловую камісію для тых, хто вярнуўся з Германіі. У Гомелі адзін з канваіраў з удаванай скрухай развёў рукамі: «Спазніліся на камісію, трэба ў Маскву».

Слухаючы гэтую гісторыю, міжволі думаеш, што сённяшнія нашчадкі НКВД не здраджваюць «слаўным» традыцыям. У Маскве былога дырэктара гімназіі чакалі следчы трыбуналу Маскоўскай вайсковай акругі Хлебаў і начныя допыты.

«Угаворваў падпісаць паперы, абяцаў, што выйду на свабоду і буду далей сабе пісаць вершы, бо віна мая невялікая», — прыгадвае Лялькоў. І дадае: «І я такі згадзіўся. А не трэба было таго рабіць. Некаторыя людзі былі шмат цвярдзейшыя, і хоць ледзь жывыя былі, але стаялі на сваім да апошняга».

За супрацоўніцтва з акупацыйнымі ўладамі суд адмераў беларускаму настаўніку дваццаць пяць гадоў. Пачуўшы вырак, засмяяўся: «Праз дваццаць пяць гадоў ні вас, ні вашай улады ўжо не будзе!»

Пасля суду трапіў у Таганскую турму, якая запомнілася выключнай чысцінёй і нялюдзкай халадэчай. Потым была Бутырка, сапраўдны універсітэт, як кажа Уладзімір Лялькоў: «З усяго тэрміну гэты быў найлепшы перыяд: тут была найбагацейшая бібліятэка, поўная рэдкіх выданняў мінулых стагоддзяў, цікавыя людзі — выкладчыкі, вядомыя на ўвесь свет музыкі, прафесар-егіптолаг, арыштаваны проста ў часе чарговай экспедыцыі». У 1947-м «навучанне» скончылася — прыйшоў час этапу ў Інту. Там акурат арганізавалі сумнавядомы Мінлаг.

Дзякуй Мікіту

Лагер застаўся ў памяці надзвычай цяжкай працай на вугальных шахтах, чорнымі робамі, матрацамі, набітымі стружкай. У 1953-м, па смерці Сталіна, прыйшла палёгка — вязняў пачалі пераводзіць на вольнае пасяленне, сталі плаціць грошы. Да Лялькова прыехала жонка Соф’я. Ён на той момант працаваў настаўнікам. Вучыў расійскай мове ўсіх ахвотных — старых і маладых, вязняў і вольных. Пісаў у мясцовую газетку.

У 1956 г. суд перагледзеў справу У.Лялькова і пастанавіў вызваліць яго. Былы настаўнік дагэтуль удзячны Мікіту Хрушчову за вызваленне тысячаў рэпрэсаваных і за сваю асабістую волю.

Паўстала пытанне вяртання дамоў. Знаёмыя адгаворвалі. Казалі, маўляў, не думай, што ў Беларусі табе будзе лепей. Але там быў сын, дый жонка не хацела заставацца тут.

Рэабілітацыі не падлягае

Па вяртанні на радзіму Лялькоў атрымаў І групу інваліднасці па зроку. Уладкаваўся на навучальна-вытворчае прадпрыемства Беларускага таварыства сляпых. За працай не забываўся на творчасць, пісаў вершы, аповесць.

У пачатку 1970-х пайшлі з жонкай на пенсію. Дамовіліся ні дня больш не працаваць на дзяржаўнай працы. Набылі дамок ды заняліся гаспадаркай.

Незалежнасць сустрэлі з радасцю, але была яна, тая радасць, нядоўгай.

«Як была Беларусь савецкай, так і за Лукашэнкам такой засталася. Беларусы вартыя лепшай улады» — упэўнены спадар Уладзімір.

На пачатку 1990-х прыйшоў адказ з Генпракуратуры на запыт пра рэабілітацыю. Былому дырэктару жаночай гімназіі адмовілі. Больш ён не пісаў заяваў: «Я не лічу сябе вінаватым ні перад народам, ні перад сваім сумленнем».

Сын праведніка свету

І яшчэ адзін штрых да гісторыі Ляльковых.

У 2000 годзе бацьку і сястру Уладзіміра Вольгу прызналі праведнікамі свету. Усю вайну Кандрат Лялькоў хаваў стрыечных сёстраў-габрэек Галю і Маргарыту, а таксама мінскую габрэйку Разалію Драздоўскую.

Аднойчы нехта данёс на Лялькова, і сёстраў адвезлі ў Карму на допыт. Дапамог родны дзядзька, што быў у Карме бурмістрам.

Цяпер Галя і Маргарыта жывуць у Германіі, часта тэлефануюць Ляльковым у Мінск. Іх ратаўнік пражыў 103 гады. Дый спадар Уладзімір Кандратавіч на свае дзевяноста не выглядае. Трымаецца бадзёра, цікавіцца палітыкай, чытае газеты. І, як смяецца ягоны ўнук, атрымаў заданне ад родных калі не пераўзысці бацьку па даўгалецці, то хоць бы не саступіць яму. Застаецца толькі далучыцца да гэткіх пажаданняў.

 Уладзімір Лялькоў. Фота Яраслава Сцешыка.

Уладзімір Лялькоў. Фота Яраслава Сцешыка.

***

Уладзімер Лялькоў нарадзіўся 26 кастрычніка 1918 г. на Рагачоўшчыне. У 1940—1941 гг. — дырэктар школы ў вёсцы Балоча (цяпер Пухавіцкі раён). У 1942—1944 гг. — дырэктар Мар’інагорскай народнай гімназіі. Арыштаваны ў 1947 г. Асуджаны трыбуналам войскаў МУС Маскоўскай акругі за «антысавецкую агітацыю» на 25 гадоў працоўна-папраўчых лагераў. Этапаваны ў Мінеральны лагер МУС Комі АССР (Інта). Вызвалены пастановай Вярхоўнага Савету СССР у 1956 г. На пенсіі як інвалід 1-й групы. Аўтар успамінаў. Ягонае апавяданне «Лёсы» друкавалася ў «НН» №48’2007.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?