У якасьці рабочай назвы мэтрабудаўнікі ўжо выкарыстоўваюць прыемную многім беларусам назву будучай станцыі — «Віленская».

Да будаўніцтва «Віленскай», якая прадоўжыць другую лінію мэтрапалітэну на Захад, плянеуцца, праўда, прыступіць толькі пасьля 2012 году.

Але, як паведамілі парталу «Мы» ў «Менскмэтрапраекце», цяпер супрацоўнікі арганізацыі ўжо кіруюцца ў дакумэнтацыі назвай «Віленская». Лёгіка, бясспрэчна, у гэтай назьве ёсьць — побач ідзе шаша ў бок Літвы.

Праўда, ва ўпраўленьні культуры Менгарвыканкаму адзначылі, што рабочая назва плянаванага аб’екту можа быць і не зацьверджана пры ўводзе ў эксплюатацыю. Рашэньне будзе прымацца камісіяй па перайменаваньні праспэктаў, вуліц, плошчаў і другіх састаўных частак Менску.

Нагадаем, што некалі адну з станцый менскага мэтро плянавалі назваць «Ракаўская», але на сайце Менгарвыканкаму зьявіўся допіс нейкага «Міхаіла Майсеевіча» з Галяндыі, які выказаў думку, што назва будучай станцыі выклікае ў яго непрыемныя асацыяцыі з хваробай рак. Станцыю пераназвалі ў «Спартыўную».

Мы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0